реклама
Бургер менюБургер меню

Владимир Короткевич – Каласы пад сярпом тваiм (страница 109)

18

– І я кажу, – сказаў Кандрат. – А станеш гарачыцца – справы не будзе. Непамысна табе – ніхто не трымае. Адварочвай ды вяслуй ваду. А хочаш застацца – нас паважай. Мы табе сябры, а не парабкі. Прыгон – ён на ўсіх ляжыць. Таму і наважыліся бунтаваць.

Корчак засмяяўся.

– Ну, до, до. Сам разумею. Мужыкі-і. Адна мы кроў. На адной вадзе замешаныя. – І ён паказаў на бязмежную палавень: – На ягонай вось.

– Расказвай, – кінуў Кандрат.

– Я некаторым панкам пад Дошчыцай учыніў-такі, – сказаў Корчак. – Ноч на чыстую пятніцу. Два маёнткі спалілі хлопцы…

– Замест божых свечак ды паходняў, – са змрочнай весялосцю сказаў Цыпрук Лапата. – Ды што з таго? Гэта сто вёрст Дняпром. Да нас і дымком не патыхнула.

– Цяпер вас тут чакаюць, – буркнуў ваўкаваты Юллян Лапата. – Чаго вас туды панесла, калі ворагі – тут. Кроер – тут. Мусатаў – тут. Патаўпешкі гэтыя, Таркайлы – тут.

Бацька іранічна глядзеў на сына:

– Не думаў я, што ты такі. Ведаў, што дурань, але што такі-і…

– Бацька кажа праўду, Юллян, – сказаў Корчак. – Адсюль пачынаць – канцы былі б. Кроер дачуўся. Ён з восені сотню чаркесаў у маёнтку трымае. Без крыві не абышлося б… Ды яшчэ ў наваколле блакітных нагналі, салдат, жандармаў. Атрымліваецца, ты мяне на смерць запрашаеш, а морда такая – нібы на чарку.

– Асёл, – сказаў Янук.

І асекся. Аўтух паклаў яму на плячо далонь, сціснуў.

– Не вякай… наша справа… малая. Слухай… вось.

Непрыемныя людзі былі Лапаты. Андрэй і Кандрат, пераглянуўшыся, зразумелі, што падумалі адно і тое ж.

– Яны нас тут чакаюць, – сказаў Корчак. – А я іду ў другое месца. Куды – пачуеце. Вы астаяцеся. Перадавайце мне весткі. Людзей рыхтуйце, хто захоча. Ты, Аўтух, адразу, як толькі даведаешся, што салдатні паменела, – да мяне. Я тады скора прыйду! Ну, хто з вас тады са мной пойдзе?… Лапаты – гэта ясна. А хто з Кахноў?

– Я, – нечакана адказаў з верхавіны дуба галавасты Лявон. – Вы там цішэй. Па вадзе далёка чуваць.

– Добра, – сцішыўся Корчак. – Яшчэ. Смялей, хлопцы. Памагаць-то вы тут усе памагалі. І жэрці збіралі… і порах… і хавалі, калі трэба. А вось пайсці разам, калі прыйду? Калі сыраядцаў гэтых трэсці будзем?

– Бадай, я, – сказаў Іван.

Кандрат і Андрэй пераглянуліся. Іван быў любімы Галінчын брат.

– І я, – сказаў Пятрок Кахно. – Я – з Лявонам.

– А вы?

– Мы – не, – адказаў за сябе і Цыпрука Макар. – Не выпадае. Зямлю тады каму араць?

– Як хочаце, – сказаў Корчак. – Праспіцё толькі царства нябеснае.

Чорныя пранізлівыя вочы сустрэліся з вачыма Кагутоў:

– А вы?

Кандрат зірнуў на Івана, і той зухавата падміргнуў яму.

– Што ж, – уздыхнуў Кандрат, – бадай што, і мы. Чаго тут. Бунт дык бунт. Кожны год бунты.

Прыдняпроўе сапраўды бунтавала часта.

– Добра, – сказаў Корчак.

– Ты не злуй, – сказаў Цыпрук Кахно. – Мы не даносчыкі. Дапамагацьмем.

– І на тым дзякуй, – схіліўся Паківач. – Вольнаму воля.

– Ты абяцаў Даньку-пастуха прывесці, – сказаў Кандрату Корчак. – Што там?

– Не спакушаецца, кажа: лухта ўсё. Што мне, кажа, дзевак мала ці ежы? Кормяць, кажа, людзі і ў торбу кладуць, і на зіму даюць.

Кандрат так перадражніў Данькаву інтанацыю і міну, што ўсе зарагаталі.

– До, – раптам сказаў Корчак. – Цяпер, хлопцы-казакі, кажыце, каго тут перш за ўсё паліць будзем, калі прыйду.

Усе трохі прымоўклі. Адно – бунтаваць “недзе там”, а зусім іншае – у наваколлі, дзе ўсе адзін аднаго ведаюць. Адна справа – пускаць чырвонага будзіміра недзе пад Дошчыцай, а другая – выракаць на “агонь і паток” людзей, якіх ведалі.

– Землі Загорскіх нам не па зубах, – падштурхнуў людзей Корчак. – Гэтыя хоць і ціхмяныя, але адчайныя. Так будуць бараніцца – пыл ад нас паляціць.

Дабрадушны Пятрок Кахно раптам узлаваўся:

– На такіх нападаць – мы табе, Корчак, не сябры, вось што.

– Што, цяляты?

– Цяляты не цяляты, а супроць такіх ісці – душу загубіць. На злых так пойдзем, што нас яшчэ на шворцы трымаць будзе трэба. А добрых – не руш.

– А прыгон?

– Не яны яго завялі

– Прыгон…

– Тфу! Ты ідзі глянь, як у Магілёве лупалаўскія кажамякі жывуць?! Як грабянечнікі ў Падуспенні?! Крывёй харкаюць, а вольныя людзі.

Лагодны Андрэй змяніўся з твару. Пяшчотны глыбінны румянец заліў твар.

– І тое праўда, – сказаў раптам Аўтух. – З добрых пачнем, а як за злых возьмемся – то бараніць іх салдат нагоняць.

Бацька здзівіўся. Глянуў на сына нават з нейкай павагаю. І словы Аўтуха прымусілі задумацца нават Корчака.

– Чаго спрачаемся? – упарта сказаў Корчак. – Я не згодзен. Але я і кажу: не па зубах. То з каго?

– З Кроера, – сказаў з дуба Лявон Кахно.

– З яго, – сказаў Пятрок. – з яго, сабакі.

– І тое, – сказаў Корчак. – Я сам казаць не хацеў. Падумалі б: з-за сябе. Згода, Кроер. Яшчэ хто?

– Браніборскі, – сказаў Юллян Лапата.

Аўтух запыхкаў, як вожык.

– Нашто? Ён, кажуць, волю даць хацеў.

– А ты спытаў мужыкоў? – вочы Паківача бліснулі. – Не хочуць яны такой паганай волі, без зямлі.

– Нам, хлопцы, наогул цяжка будзе, – раптам сказаў Іван. – Час трохі не той, – ён сарамяжліва ўсміхнуўся. – Я не баюся, але проста… чуткі гэтыя, што вось-вось волю дадуць. З зямлёю. Каму ахвота, чакаючы на такое, галаву скручваць? Кожная грамада – як крушня каменная. Не зрушыш. Ляжыць на сваім лапіку поля і маўчыць.

Іван нібы выказаў думку кожнага. Бо ўсе тут баяліся і падсвядома ведалі: вялікай грамады цяпер не ўзняць. Але і чакаць было горш за смерць.

А Корчак ведаў усё лепш за іншых. Не ўзняць грамаду. Усе чакаюць. Не ўзняць. Хіба што потым, калі воля выйдзе нейкая не такая, якую чакалі.

Але яму было няўсцерп чакаць. Яшчэ і яшчэ чакаць. Як сем год ужо чакаў. Маўчаць. Хавацца і перахоўвацца. Мгчыма, зноў тры-чатыры-сем год.

Не трэба было выказваць ім сваіх думак. І ён з трохі ненатуральнай рашучасцю сказаў:

– Уздымем, не ўздымем. Гэта тады ясна будзе. Не ўздымем, то пачакаем. Пад намі не гарыць. А паспрабаваць трэба. Быдла ўжо мы, а не людзі – вось да чаго давялі. Кроер рабуе. Мусатаў страляе ў людзей… Абароны цёмнаму чалавеку няма. Прыйдзеш у суд – што давядзеш, калі гаворкі іхняй не разумееш?… Ваўкі. А з ваўкамі – па-воўчы. – І перапыніў самога сябе: – Значыць, вырашылі: Браніборскага… Яшчэ каго?

Запанавала маўчанне.

– Раўбіча, – сказаў раптам Кандрат.

– Ты што? – паспрабаваў быў спыніць брата Андрэй. Але Кандрат павярнуўся да яго і аднымі вуснамі кінуў: