Василь Быков – Дажыць да світання (страница 16)
Вось толькі ў яго сэнсу атрымалася дужа нямнога — хоць за гэтую ноч яны адмахалі шэсцьдзесят кіламетраў, але база ад таго не стала бліжэй, чым учора. Можа, яшчэ і далей, бо ўчора ў яго была поўная сілы група, нерастрачаная рашучасць, а што засталося сёння? Нават у яго самога, што ні кажы, а паменела сілы, а галоўнае — разам з базай знікла ранейшая яснасць мэты: ён проста не ведаў цяпер, што рабіць і куды падацца.
Зрэшты, спярша трэба было дайсці да сваіх.
I яны з Піваваравым, падхапіўшы ў рукі лыжы, зноў сунуліся ўсё ў той жа супрацьтанкавы роў. Ісці далей да шашы было небяспечна, яны затаіліся за чарговым земляным паваротам, зрэдку выглядваючы з-за яго на адкрыты ўчастак дарогі. Часта выглядваць не было сэнсу — калона войска цягнулася там без канца і пачатку,— перайсці ў такі час не было чаго і думаць. Значыць, зноў трэба было чакаць. I лейтэнант пачаў пакорна бавіць на сцюжы свой час, у поўным бяздзеянні, за паўкіламетра ад немцаў. Цяпер, аднак, нядаўняга нецярпення ўжо не было, ён гатовы быў сядзець тут да ночы, усё роўна ўдзень тут не было куды сунуцца. Да таго ж ён яшчэ не прыняў ніякага рашэння і не ведаў, куды накіруецца — далей у пошуках базы або, можа, вернецца да сваіх за лінію фронту. 3 Піваваравым ён амаль не размаўляў — размова перашкодзіла б слухаць, а слых цяпер быў для іх адзіным сродкам бяспекі ў гэтым бясконцым снегавым супроцьтанкавым рове. Іваноўскі час ад часу даставаў з кішэні танкавы свой гадзіннік, які толькі і ведаў, што сведчыць, як хутка і няспынна ідзе час. Набліжалася халодная зімовая ноч. Нягледзячы на сцюжу, вельмі хацелася спаць. Напэўна, толькі цяпер Іваноўскі адчуў, як прытаміўся за гэты начны пераход. Вялікае напружанне апошніх некалькіх дзён цяпер паступова спадала, нервы расслабляліся, непрыкметна для сябе ён нават заснуў, прыхінуўшыся спіной да марознага снегавога адхону. I раптам прахапіўся ад ціхага голасу Піваварава:
— ...а, таварыш лейтэнант! Праходзяць, здаецца.
— Што? Праходзяць?
Неяк прымасціўшыся на адхоне, баец назіраў за дарогай, голас яго прагучаў з надзеяй, і лейтэнант таксама ўзлез на адхон. Шаша сапраўды вызвалялася ад войска — апошнія фурманкі марудна адпаўзалі на ўсход. Напэўна, пакуль не позна, трэба было бегчы да сваіх на пагорак.
Яны падхапілі лыжы і трушком пабеглі па дне рова, ступаючы ў глыбокія, яшчэ не замеценыя снегам свае сляды. Ім зноў пашанцавала, яны ў самы час выбраліся на ўезджаную пустую дарогу і, перабегшы яе, зноў схаваліся ў рове. Пакуль беглі, добра ўгрэліся, у Іваноўскага спатнела спіна, а ў Піваварава зноў густа заплыў потам твар, па скронях і шчоках цяклі буйныя, нібы стэарынавыя, кроплі. Цяжка дыхаючы, баец размазваў іх рукавом маскхалата, але нідзе не адстаў, не замарудзіў, і Іваноўскі ўпершыню, мабыць, адчуў сяброўскае пачуццё да яго. Слабаваты гэты баец стараўся з усяе сілы, і было б несправядліва не ацаніць гэтага.
На пагорку за першым паваротам рова Іваноўскі прыцішыў крок і некалькі разоў з палёгкаю выдыхнуў гарачаю парай. Здаецца, зноў перайшлі. Аднекуль зводдаль зноў даляцеў вуркат дызеляў, але гэта яго не палохала. Яго думкі ўжо беглі наперад, туды, дзе іх чакалі байцы, і першай трывогай лейтэнанта было: як там Хакімаў? Вядома, неразумна было б чакаць, што той ачнецца і ўстане на ногі, але ўсё ж... А раптам ён памёр? Чамусьці падумалася аб тым без спалоху, нават без жалю, хутчэй наадварот — з надзеяй. Як бы ўсё аказалася прасцей, калі б гэты Хакімаў памёр, як бы ён дапамог групе. Але, мабыць, гэта не залежала ад ягонай волі і іхняй патрэбы.
Дзесь зусім блізка ў рове былі яго байцы, і лейтэнант прыслухаўся — здалося, ён злавіў знаёмы разважлівы голас, і гэта яго здзівіла. Лейтэнант прыспешана выйшаў з-за павароткі і тварам у твар спаткаўся з Дзюбіным. Мабыць, пачуўшы ягоныя крокі, старшына павярнуўся і з напружанаю ўвагай на бурым, нібы апечаным, твары зірнуў у вочы Іваноўскаму. Непадалёк сядзелі на снезе Лукашоў, Краснакуцкі, Суднік, і каля валакушы з Хакімавым самотна згорбіўся Заяц.
Усе павярнуліся да камандзіра, але ніхто не сказаў ні слова, і лейтэнант таксама моўчкі, не зірнуўшы ні на каго, падышоў да валакушы.
— Як Хакімаў?
— Ды ўсё тое ж. Без памяці,— сказаў Лукашоў.
— Вады давалі?
— Як жа вады? У жывот...
Мабыць так, у жывот. Калі ў жывот, дык вады нельга. Але што ж тады можна? Глядзець, як ён пакутуе, і самім пакутаваць з ім разам?
Лейтэнант угледзеўся ў збялелы твар Хакімава з пакутлівым выразам разнятых пасмяглых вуснаў — баец ледзь чутна стагнаў, заплюшчыўшы вочы, і немагчыма было зразумець, чуў ён што або не.
— Трэба б яго паўшубкам укрыць,— сказаў здаля Дзюбін.
Яму быццам з нейкаю злосцю адказаў Лукашоў:
— Паўшубак! Дзе тут возьмеш паўшубак!
— Тады прападзе.
— Даўно прыйшоў? — не паварочваючыся ад Хакімава, запытаўся Іваноўскі.
— Гадзіну назад,— сказаў Дзюбін і кінуў у бок Зайца.— Во праз яго. Лыжу зламаў...
— Якім чынам?
— Ды як лес аб’язджалі,— сказаў Заяц.— На нейкую купіну наяез, хрась — і гатова. Не вінаваты я...
Напэўна, іншым разам было б дарэчы як след вылаяць гэтага Зайца, які ўжо двойчы падвёў групу, але цяпер Іваноўскі змоўчаў. Тое, што Дзюбін дагнаў астатніх, трохі парадавала яго, хоць радасць гэтая, ведама, азмрочвалася цяпер агульнаю іх няўдачай. Лейтэнант знарок стараўся маўчаць, не заводзіць аб тым размовы, ён проста баяўся таго моманту, калі выявіцца, што шалёны іх крос быў марны.
Але доўга маўчаць яму не давялося, хоць яго змрочны выгляд ніяк не падахвочваў да размовы, і гэта бачылі ўсе. Тым не менш пытанне пра базу, відаць, непакоіла лыжнікаў, а побач у рове сядзеў прастадушны малады Піваварчык, да якога цяпер і скіраваліся погляды астатніх. Першы не вытрымаў Лукашоў:
— Ну што там? Шмат немцаў? — ціха запытаўся ён за плячамі ў лейтэнанта.
— А няма немцаў. I склада таксама няма,— проста адказаў Півавараў.
— Як няма?
Лейтэнант унутрана сцяўся, ніжай насунуў бровы. Ён не бачыў, але амаль фізічна адчуваў, як трывожна замерлі за яго спіной лыжнікі, і, доўга не вытрымаўшы, сам падняўся на ногі.
— Як, лейцінант? Гэта — на самай справе? — павярнуўся да яго Лукашоў. Усе астатнія з вялікім здзіўленнем, амаль са спалохам глядзелі на камандзіра.
— Базы няма. Напэўна, перабазіравалася ў іншае месца.
Зрабілася ціха, ніхто не сказаў ні слова, толькі Краснакуцкі праз зубы цыркнуў на снег. Заяц недаўменна глядзеў проста ў твар Іваноўскаму.
— Называецца, гарадзілі гарод. Плялі лапці,— прабурчэў Лукашоў.
— Што зробіш,— уздыхнуў Краснакуцкі.— На вайне ўсё бывае.
— А можа яе там і не было? Можа, яна дзе ў другім месцы? — змрочна засумняваўся Лукашоў, па-ранейшаму звяртаючыся да лейтэнанта.
— Там была,— проста адказаў яму Півавараў.— Слупы во стаяць. Без дроту толькі.
Лейтэнант адышоўся ад валакушы, кінуў позірк на Судніка, які з бруствера напружана пазіраў у роў. Камандзір стараўся не бачыць Лукашова, але ён і без таго адчуваў, як нядобрая злая сіла распірала сержанта, і той гатовы быў пачаць сварку.
— А што, і слядоў нікуды няма? — са спакойнай дзелавітасцю запытаўся Дзюбін.
— Нічога няма,— адказаў Іваноўскі.
— Што ж атрымліваецца... Як жа так? — не сунімаўся Лукашоў.— Нехта вінаваты, значыць.
Лейтэнант рэзка павярнуўся да яго.
— Гэта ў чым вінаваты?
— А ў тым, што за так укалывалі. Ды і людзей паклалі...
— Дык вы што прапануеце? — асадзіў яго лейтэнант рэзкім пытаннем.
Ён не мог пачынаць з ім спрэчку, бо ведаў, што ў гэтым іх напружанні недалёка да сваркі, да таго ж ён не мог не адчуваць, што ў значнай ступені сержант меў рацыю. Але навошта было цяпер шмат гаварыць пра тое, ад чаго і так было кепска кожнаму? Зноў жа, у такіх выпадках у арміі не было прынята адкрыта выказваць сваё незадавальненне, тым больш абурэнне — падобнае заўжды прасякалася з найбольшай строгасцю.
Тым не менш Лукашоў загарачыўся, вочы яго заблішчалі, азызлы, з натапыранай шчэццю твар стаў злосны і нядобры.
— Што мне прапаноўваць? Я кажу...
— Лепш памаўчыце!
Сержант Лукашоў змоўк і адышоўся ўбок, а лейтэнант зноў сеў на снег. Размова была не з самых прыемных, але нешта, што дапякала яго з самага ранку, разам апала, неяк само па сабе ўсё вырашылася, хоць, можа, і не самым найлепшым чынам. Больш да яго не звярталіся, напэўна, бачылі, што цяпер ён ведае не болей за іншых. Байцы моўчкі чакалі новай каманды або рашэння, як быць далей, і ён, зразумеўшы гэта, дастаў з запазухі карту. Ён спрабаваў усё ж нешта знайсці на ёй, штось рашыць для сябе, спрабаваў зразумець, куды з найбольшай верагоднасцю магла перамясціцца гэта праклятая база. Але колькі ён ні ўзіраўся ў карту, тая не адказала ні на адно з ягоных пытанняў, чырвоная лінія шашы хутка знікала за яе краем, суседняга ж аркуша ў яго не было. I тут, і, напэўна, і далей зручных для склада месцаў было мноства: у лясках, хмызняку, раўках. Дзе іх шукаць?
Ён так сядзеў доўга і маўчаў, не прыбіраючы з каленяў раскладзенай карты, па якой снежнай крупой шархацеў вецер. Ён ужо нічога не разглядваў на ёй — проста ён пазбягаў непатрэбных цяпер размоў з байцамі, іх запытальных позіркаў. Ён адчуваў, што неадкладна трэба нешта рашыць і, як толькі сцямнее, трэба адсюль ісці. Толькі куды?
— Падмяніце Судніка. Нябось, закалеў на ветры,— ні да каго не звяртаючыся, сказаў лейтэнант, калі адчуў, што нядобрая маўклівасць у групе надта задоўжылася.— Заяц!