Тур Хейердал – Падарожжа на «Кон-Цікі» (страница 48)
Наша прывітанне на палінезійскай мове здзівіла і падбадзёрыла нашых гасцей і ўвяло іх у зман гэтак жа, як мы былі падмануты самі, калі іх аднапляменнік з Ангатау крычаў нам па-англійску «добры вечар». Яны пачалі штосьці шпарка і горача расказваць нам па-палінезійску, і прайшло нямала часу, перш чым яны зразумелі, што іх красамоўства зусім не дасягае мэты. Тады яны змоўклі і толькі па-сяброўску ўсміхаліся, паказваючы на другую пірогу, якая падплывала ўсё бліжэй.
У ёй было тры чалавекі, і калі яны ўброд дабраліся да берага і прывіталіся з намі, дык выявілася, што адзін з іх крыху гаворыць па-французску. Мы даведаліся, што на адным з астравоў на тым баку лагуны знаходзіцца палінезійская вёска і што жыхары яе аднойчы ўночы бачылі наша вогнішча. У рыфе Рароіа ёсць усяго адзін праход, які вядзе да астравоў, што акружаюць лагуну; і паколькі гэты праход размешчаны ля самай вёскі, дык кожнага, хто наблізіцца да астравоў, якія ляжаць за рыфам, жыхары вёскі павінны былі б абавязкова заўважыць. Таму старыя ў вёсцы парашылі, што агонь, які яны бачылі на рыфе на ўсходзе, не мог быць справай рук чалавека, а з’яўляўся чымсьці ненатуральным. Гэта адбіла ў жыхароў вострава ўсякую ахвоту пераплыць лагуну і самім паглядзець, што здарылася. Але потым да іх вострава прыбіла па лагуне зламаную скрынку, і на ёй былі нарысаваны нейкія знакі. Два палінезійцы, якія жылі пэўны час на Таіці і ведалі азбуку, разабралі надпіс і прачыталі слова «Цікі», што было напісана вялікімі чорнымі літарамі на дошцы. Цяпер больш не заставалася ніякіх сумненняў, што на рыфе з’явіліся духі, бо Цікі, — яны ўсе ведалі гэта, — быў даўным-даўно памёршы роданачальнік іх уласнага народа. Але праз некаторы час па лагуне прыплылі бляшанкі з сухарамі, цыгарэтамі, какосавыя арэхі і каробка са старым чаравікам; тады яны ўсе зразумелі: на ўсходнім баку рыфа адбылося караблекрушэнне, і правадыр паслаў дзве пірогі на пошукі людзей, што засталіся жывымі і чыё вогнішча на востраве яны бачылі.
Па просьбе сваіх таварышаў астраўлянін, які ўмеў гаварыць па-французску, спытаў, чаму на дошцы, што прыплыла па лагуне, было напісана «Цікі». Мы растлумачылі, што «Кон-Цікі» было напісана на ўсіх рэчах нашага рыштунку і што гэта назва судна, на якім мы прыплылі.
Нашы новыя сябры гучнымі воклічамі выказвалі сваё здзіўленне, калі пачулі, што ніхто не загінуў у час караблекрушэння і што пляскаты разбіты касцяк, які ляжыць на рыфе, і ёсць сапраўды тое судна, на якім мы прыплылі. Яны хацелі адразу ж пасадзіць нас усіх у пірогі і завезці ў вёску. Мы падзякавалі і адмовіліся, бо хацелі застацца да таго часу, пакуль не здымем «Кон-Цікі» з рыфа. Яны з жахам глядзелі на нязграбную пабудову, што засела на рыфе; вядома, нам няма чаго і марыць аб тым, што ўдасца зноў спусціць на ваду гэты папсаваны шкілет! Урэшце пасланец рашуча сказаў, што мы павінны плыць з імі; правадыр строга загадаў ім без нас не вяртацца.
Тады мы вырашылі, што адзін з нас паедзе з астраўлянамі як пасол для перагавораў з правадыром, а потым вернецца і раскажа нам усё пра той востраў. Мы не кінем плыт на рыфе і не можам пакінуць усе рэчы на нашым маленькім востраве. Бенгт сабраўся з астраўлянамі. Абедзве пірогі сцягнулі з пясчанага берага, і неўзабаве яны, плывучы са спадарожным ветрам, зніклі на захадзе.
Назаўтра на небасхіле паказалася мноства белых парусоў. Здавалася, што цяпер астраўляне прыплылі па нас на ўсіх суднах, якія ў іх былі.
Уся флатылія павярнула ў наш бок, і калі яна наблізілася, мы ўбачылі на пярэдняй пірозе сярод карычневых фігур нашага Бенгта, які махаў капелюшом. Ён крыкнуў нам, што з ім знаходзіцца сам правадыр, і мы пачціва выстраіліся на беразе, каб сустрэць гасцей, якія ўброд падыходзілі да вострава.
Бенгт вельмі ўрачыста адрэкамендаваў нас правадыру.
— Правадыра завуць, — сказаў Бенгт, — Тэпіураіарыі Тэрыіфаатау, але ён зразумее, като мы маем на ўвазе, калі будзем называць яго Тэка.
Мы і пачалі называць яго Тэка.
Правадыр Тэка быў высокі статны палінезіец з вачыма, якія сведчылі аб вялікім розуме. Ён быў знатны чалавек, патомак старадаўняга каралеўскага роду на Таіці і з’яўляўся правадыром абодвух астравоў: і Рароіа і Такуме. Ён вучыўся ў школе на Таіці, ведаў французскую мову і ўмеў чытаць і пісаць. Ён сказаў мне, што сталіца Нарвегіі называецца Хрысціянія[40], і спытаў, ці ведаю я Бінга Кросбі[41]. Ён паведаміў нам таксама, што на працягу апошніх дзесяці год усяго тры чужаземныя судны заходзілі на Рароіа, але іхнюю вёску некалькі разоў у год наведваюць шхуны мясцовых гандляроў копрай з Таіці, якія прывозяць тавары і забіраюць ядры какосавых арэхаў, Яны ўжо некалькі тыдняў чакаюць такую шхуну, так што яна можа з’явіцца ў любы час.
Справаздача Бенгта, коратка кажучы, зводзілася да наступнага: на Рароіа не было ні школы, ні радыё, ні белых людзей; але 127 палінезійцаў, якія жылі ў вёсцы, зрабілі ўсё, што маглі, каб размясціць нас з усімі выгодамі, і падрыхтавалі ўрачыстую сустрэчу.
Перш за ўсё правадыр пажадаў агледзець судна, на якім нам удалося жывымі дабрацца да рыфа. У суправаджэнні астраўлян мы рушылі ўброд да «Кон-Цікі». Калі мы наблізіліся, палінезійцы раптам спыніліся і, шумна гамонячы ўсе разам, пачалі абменьвацца заўвагамі. Цяпер можна было добра бачыць бярвенні «Кон-Цікі», і адзін з жыхароў вострава ўсклікнуў:
— Гэта не лодка, гэта пае-пае!
— Пае-пае! — паўтарылі ўсе яго таварышы хорам.
Узнімаючы пырскі, яны кінуліся бягом па рыфу і ўскарабкаліся на «Кон-Цікі». Яны лазілі ўсюды, узбуджаныя, як дзеці, абмацвалі бярвенні, бамбукавыя пляцёнкі і вяроўкі. Правадыр быў у такім жа прыўзнятым настроі, як і іншыя; ён вярнуўся да нас і некалькі разоў «паўтарыў:
— «Цікі» не лодка, гэта пае-пае. — У яго голасе чулася здзіўленне і цікавасць.
Пае-пае на палінезійскай мове азначае «плыт» і «памост», а на востраве Пасхі гэтае ж слова ўжываецца для абазначэння мясцовых лодак. Правадыр расказаў нам, што цяпер гэткіх пае-пае больш не існуе, але самыя старыя людзі ў вёсцы расказваюць старажытныя паданні пра пае-пае. Усе палінезійцы наперабой захапляліся вялізнымі бальзавымі бярвеннямі, але ад вяровак яны з пагардай адварочваліся. Такія вяроўкі пад уздзеяннем салёнай вады і сонца не пратрымаюцца і некалькі месяцаў. I астраўляне з гонарам паказвалі нам снасці на сваіх пірогах; яны самі сплялі іх з валокнаў какосавага арэха, і такія вяроўкі добра служаць па пяць год.
Калі мы вярнуліся назад на наш маленькі востраў, мы са згоды ўсіх назвалі яго «Фенуа Кон-Цікі», або «Востраў Кон-Цікі». Гэтую назву мы ўсе маглі выгаварыць, але палінезійцам вельмі цяжка давалася вымаўленне нашых кароткіх паўночных імёнаў. Яны прыйшлі ў захапленне, калі я сказаў ім, што яны могуць называць мяне Тэраі Мацеата, бо вялікі правадыр Таіці даў мне гэтае імя, «усынавіўшы» мяне ў час майго першага падарожжа ў тэтыя краі.
Астраўляне прыцягнулі з пірогаў свойскіх птушак, яйкі і плады хлебнага дрэва, другія з дапамогай трохзубых восцяў забілі ў лагуне некалькі вялікіх рыбін, і вакол лагернага вогнішча пачаўся баль. Мы павінны былі расказаць пра ўсе нашы прыгоды на пае-пае ў акіяне, і расказ пра кітовую акулу нам давялося паўтараць зноў і зноў. I кожны раз, калі расказ даходзіў да таго, як Эрык усадзіў гарпун у чэрап акулы, слухачы радасна ўскліквалі. Палінезійцы з першага позірку пазнавалі ўсіх рыб, замалёўкі якіх рабіў Эрык, і тут жа гаварылі нам, як гэтыя рыбы называюцца на іх мове. Але яны ніколі не бачылі ні кітовай акулы, ні змяінай макрэлі і нічога не чулі пра іх.
Калі настаў вечар, мы, на вялікую радасць усіх гасцей, уключылі радыё. Больш за ўсё ім спадабалася царкоўная музыка, але потым — мы самі былі вельмі здзіўлены гэтым — нашы радысты злавілі сапраўдную палінезійскую танцавальную музыку, якую перадавалі з Амерыкі. Тады самыя вясёлыя з астраўлян пачалі пагойдваць сагнутымі над галавой рукамі, і неўзабаве ўсе нашы госці ўсхапіліся на ногі і кінуліся ў скокі ў такт музыцы. З надыходам ночы ўсе ляглі спаць на беразе вакол вогнішча. Для астраўлян гэта была такая ж прыгода, як і для нас.
Калі мы прачнуліся назаўтра раніцай, палінезійцы ўжо ўсталі і смажылі свежаналоўленую рыбу; шэсць толькі што «распячатаных» какосавых арэхаў былі падрыхтаваны, каб мы маглі прагнаць смагу пасля сну.
У гэты дзень грукат ля рыфа быў больш гучны, чым звычайна; вецер узмацніўся, і буруны высока ўзляталі ў паветра там, за каркасам нашага судна.
— Сёння «Цікі» прыйдзе ў лагуну, — сказаў правадыр, паказваючы на разбіты плыт. — Прыліў будзе высокі.
Было каля адзінаццатай гадзіны, калі вада, праходзячы міма нас, стала пранікаць у лагуну. Лагуна пачала напаўняцца, нібы вялізны басейн, і ўзровень вады вакол усяго вострава падымаўся. Потым з акіяна лінулі цэлыя патокі. Вада ішла валамі, якія ўзнімаліся ўсё вышэй, і закрыла большую частку рыфа. Патокі вады імчаліся абапал вострава. Яны адрывалі вялізныя глыбы каралаў і наносілі вялікія пясчаныя водмелі, якія затым знікалі, нібы здзьмутая ветрам мука, а ў другім месцы з’яўляліся новыя водмелі. Асобныя бамбукавыя жэрдкі з разбітага плыта праплылі паўз нас, і «Кон-Цікі» пачаў варушыцца. Усё, што ляжала ля берага, прыйшлося перацягнуць углыб вострава, каб уратаваць ад прыліву. Неўзабаве з-пад вады відаць былі толькі самыя высокія выступы рыфа, і ўсе берагі вакол нашага вострава зніклі, а акіян падступаў усё бліжэй да лужкоў плоскага, як блін, вострава. Рабілася страшнавата. Здавалася, увесь акіян наступае на нас. «Кон-Цікі» павярнуўся на 180° і рушыў з месца, але хутка зноў засеў сярод другіх каралавых глыбаў.