Тур Хейердал – Падарожжа на «Кон-Цікі» (страница 37)
Герман, спрабуючы злавіць мяшок на ляту, паслізнуўся і зваліўся ў ваду. Сярод шуму хваль мы пачулі слабы крык аб дапамозе і ўбачылі галаву і руку Германа, якою ён заграбаў ваду, і адначасова нейкі невыразны зялёны сілуэт, што круціўся непадалёку на вадзе. Герман з усяе сілы стараўся падплыць назад да плыта, шалёна змагаючыся з высокімі хвалямі, што ўзнімалі яго і адносілі ўбок ад левага борта. Тарстэйн, які знаходзіўся на карме ля рулявога вясла, і я, стоячы на носе, першымі ўбачылі яго і пахаладзелі ад жаху. Мы закрычалі на ўсё горла: «Чалавек за бортам!» — і кінуліся да бліжэйшай выратавальнай вяроўкі. За шумам акіяна астатнія не чулі крыку Германа. Але цяпер у адзін момант на палубе ўсё ажыло і замітусілася. Герман добра плаваў, і хоць мы адразу зразумелі, што яго жыццё пастаўлена на карту, мы ўсё ж спадзяваліся, што яму ўдасца даплыць да плыта, раней чым зрабіць гэта будзе ўжо занадта позна.
Тарстэйн, які стаяў бліжэй за ўсіх да бамбукавага цыліндра, вакол якога была наматана вяроўка для выратавальнай лодкі, — хутка схапіў яго. Гэта быў адзіны выпадак за ўвесь час падарожжа, калі вяроўку заела і так недарэчы. Усё адбылося за некалькі секунд.
Герман цяпер знаходзіўся на адной лініі з кармой плыта, але за некалькі метраў ад яе і мог яшчэ спадзявацца на ратунак, калі б яму ўдалося падплыць да лопасці рулявога вясла і павіснуць на ёй. Паколькі ён не паспеў ухапіцца за выступ бярвенняў, ён працягнуў руку да лопасці вясла, але яна праслізнула міма. I вось ён ляжаў якраз там, адкуль, як мы ўжо ведалі, нішто не вяртаецца. Пакуль Бенгт і я спускалі на ваду лодку, Кнут і Эрык спрабавалі кінуць Герману выратавальны пояс. Прывязаны да доўгай вяроўкі пояс вісеў заўсёды напагатове на рагу даха каюты; але ў гэты дзень вецер быў такі моцны, што кожны раз адносіў выратавальны пояс назад на плыт. Усе спробы дакінуць пояс канчаліся няўдачай, а Герман ужо знаходзіўся далёка за рулявым вяслом і з усяе сілы стараўся не адставаць ад плыта, але з кожным парывам ветру адлегласць павялічвалася. Ён зразумеў, што з гэтага часу разрыў будзе ўсё павялічвацца, але ў яго яшчэ заставалася слабая надзея на лодку, якая цяпер была ўжо на вадзе. Без вяроўкі, бо яна з’яўлялася нібы тормазам, магчыма, удалося б падагнаць гумавую лодку да чалавека, які плыў насустрач; іншая справа — ці ўдасца гумавай лодцы калі-небудзь вярнуцца да «Кон-Цікі». Усё-такі ў трох чалавек у гумавай лодцы былі нейкія шанцы на тое, каб выратавацца, у аднаго чалавека ў акіяне — ніякіх.
Раптам мы ўбачылі, што Кнут кінуўся з плыта і нырнуў галавой уніз у акіян. У адной руцэ ён трымаў выратавальны пояс і плыў, апіраючыся на яго. Кожны раз, калі галава Германа з’яўлялася на грэбені хвалі, Кнут знікаў, а кожны раз, калі з’яўляўся Кнут, Германа не было відаць. Але вось мы ўбачылі галовы абодвух адначасова: яны падплылі адзін да аднаго і абодва трымаліся за выратавальны пояс. Кнут махаў рукой; паколькі тым часам мы паспелі ўсцягнуць гумавую лодку на борт, то мы ўсе ўчатырох ухапіліся за вяроўку ад выратавальнага пояса і пачалі цягнуць з усяе сілы, не зводзячы ў той жа час вачэй з вялікага цёмнага прадмета, які быў відаць у вадзе ззаду двух плыўцоў. Гэтая таямнічая жывёліна час-ад-часу высоўвала над грэбенем хвалі вялікі зеленавата-чорны трохвугольнік; ён ледзь не да смерці перапалохаў Кнута, калі той плыў да Германа. Тады толькі Герман ведаў, што трохвугольнік належаў не акуле і не якому-небудзь іншаму марскому страшыдлу. Гэта быў надзьмуты рог непрамакальнага спальнага мяшка Тарстэйна. Але спальны мяшок нядоўга трымаўся на вадзе пасля таго, як мы выцягнулі на плыт абодвух нашых таварышаў жывымі і здаровымі. Той, хто пацягнуў спальны мяшок углыб акіяна, выпусціў больш каштоўную здабычу.
— Як добра, што я не быў у ім, — сказаў Тарстэйн і зноў узяўся за рулявое вясло.
Зрэшты, у гэты вечар нам было не да жартаў. Нас усіх яшчэ доўга прабіралі нервовыя дрыжыкі. Але халодныя дрыжыкі змешваліся з гарачым пачуццём радасці, што мы па-ранейшаму ўшасцёх на плыце.
У гэты дзень мы нагаварылі Кнуту кучу прыемных слоў — і сам Герман і ўсе астатнія.
Аднак у нас было мала часу, каб доўга думаць аб тым, што ўжо адбылося; чым больш цямнела неба над намі, тым мацнейшымі станавіліся парывы ветру, і да надыходу ночы на нас наляцеў новы шторм. Цяпер прывязаны да доўгай вяроўкі выратавальны пояс знаходзіўся на вадзе за кармой; калі ў час шквалу хто-небудзь з нас зноў зваліцца за борт, то, магчыма, яму ўдасца схапіцца за пояс, які плыў за рулявым вяслом. Калі надышла ноч, вакол нас стаяла непраглядная цемра, у якой не было відаць ні плыта, ні акіяна; шалёна скачучы ў цемені з хвалі на хвалю, мы чулі толькі, як выў вецер у мачтах і снасцях, і адчувалі, як шквалы наляталі на гнуткія сцены бамбукавай каюты з такой сілай, што здавалася, вось-вось знясуць яе за борт. Але каюта была накрыта брызентам і добра ўмацавана адцяжкамі. Мы адчувалі, як «Кон-Цікі» кідаўся ва ўсе бакі на ўспененых хвалях і бярвенні, нібы клавішы раяля, хадзілі ўгору і ўніз у такт руху хваль. Мы кожны раз дзіву даваліся, што патокі вады не ўрываюцца праз шырокія шчыліны ў падлозе каюты; гэтыя шчыліны з’яўляліся толькі нібы мяхамі, праз якія няспынна імчаліся ўгору і ўніз струмені вільготнага паветра.
Ажно пяць дзён надвор’е было няўстойлівае: то дзьмуў сапраўдны ўраган, то вецер падаў да слабага. Акіян быў зрыты шырокімі, ахутанымі смугой ад успененых шэравата-сініх хваль далінамі, а грабяні хваль здаваліся выцягнутымі ў даўжыню і сплюснутымі ад напору ветру. Потым на пяты дзень на небе з’явіліся блакітныя прасветы, і разам з тым, як ураган аддаляўся ад нас, злавесныя чорныя хмары саступалі месца ўсёпераможнаму блакітнаму небу.
Шторм нарабіў нам работы: рулявое вясло было разбіта, парус разарваны, а выстаўныя кілі матляліся і стукаліся, нібы стальвагі, аб бярвенні, бо ўсе вяроўкі, якімі яны былі замацаваны пад вадой, зусім перацерліся. Але самі мы і груз ніколькі не пацярпелі.
Пасля двух штормаў «Кон-Цікі» сур’ёзна разладзіўся. Ад напружання ў час пад’ёму на крутыя грабяні хваль усе вяроўкі выцягнуліся, а ад няспыннага руху бярвенняў вяроўкі ўрэзаліся ў іх. Мы дзякавалі богу за тое, што паслухаліся ўказанняў інкаў і адмовіліся ад стальных тросаў, якія ў час шторму проста перапілавалі б увесь плыт на дробныя кавалкі. А калі б з самага пачатку ў нас былі зусім сухія бальзавыя бярвенні, якія маюць высокую плывучасць, плыт даўно набрыняў бы марской вадой і затануў бы ў акіяне разам з намі. Сок свежассечаных дрэў з’яўляўся тым саставам, які не даваў вадзе пранікнуць у порыстую бальзавую драўніну. Але цяпер вяроўкі так аслаблі, што небяспечна было ступіць паміж двума бярвеннямі, бо пры рэзкім сутыкненні яны маглі расціснуць нагу. На носе і на карме, дзе не было бамбукавай палубы, мы былі вымушаны, згінаючы калені, шырока расстаўляць ногі, каб стаяць адразу на двух бярвеннях. Карма, пакрытая мокрымі водарасцямі, зрабілася слізкай, як лісце бананаў; там, дзе мы звычайна хадзілі, мы зрабілі сярод зелені пастаянную дарожку, а ля руля, дзе стаяў вахтавы, паклалі шырокую дошку, і ўсё-такі, калі хваля падкідвала плыт, утрымацца на нагах было нялёгка. А з левага боку адно з дзевяці вялізных бярвенняў дзень і ноч, глуха хлюпаючы, стукалася аб ранжыны. Пачалі злавесна скрыпець таксама і вяроўкі, якія звязвалі верхавіны дзвюх нахіленых мачтаў, бо гнёзды для мачтаў былі высечаны ў двух розных бярвеннях і рухаліся незалежна адно ад другога.
Мы зрасцілі рулявое вясло, прывязаўшы да яго доўгія кавалкі цяжкага, як жалеза, мангравага дрэва. Эрык і Бенгт паправілі парус, і «Кон-Цікі» зноў горда ўзняў галаву і выпнуў грудзі ў бок Палінезіі, а рулявое вясло танцавала за кармой у хвалях, якія, пасля таго як усталявалася добрае надвор’е, зноў былі лагоднымі і невысокімі. Але кілі ніколі больш не сталі такімі, якімі былі раней; яны не адказвалі на ціск вады з ўсёй сваёй ранейшай сілай, таму што змясціліся і матляліся пад плытом нічым не замацаваныя. Было бескарысна спрабаваць агледзець вяроўкі з боку дна, бо яны зусім зараслі водарасцямі. Абследаваўшы ўсю бамбукавую палубу, мы ўбачылі, што толькі тры з асноўных вяровак былі парваныя; яны ляжалі, скруціўшыся, прыціснутыя да грузу, аб які яны перацерліся. Было відавочна, што бярвенні ўвабралі ў сябе вялікую колькасць вады, але груз зменшыўся, і гэта ўраўнаважвала страту плывучасці. Большая частка правізіі і вады для піцця, а таксама сухіх батарэй нашых радыстаў была ўжо зрасходавана.
Тым не менш пасля апошняга шторму мы былі ўпэўнены, што плыт не распаўзецца і праплыве тую параўнальна невялікую адлегласць, якая аддзяляла нас ад астравоў, што знаходзіліся наперадзе.
Цяпер на першы план станавілася іншая праблема: як наша падарожжа закончыцца?
«Кон-Цікі» будзе няўхільна імкнуцца на захад, пакуль не ўпрэцца носам у берагавыя скалы або ў якую-небудзь іншую нерухомую перашкоду, якая спыніць яго рух. Падарожжа закончыцца толькі тады, калі ўся каманда, цэлая і здаровая, выйдзе на бераг аднаго са шматлікіх палінезійскіх астравоў, што раскінуліся наперадзе.
Калі мінуў апошні шторм, мы зусім не ведалі, куды можа прычаліць плыт. Мы знаходзіліся на аднолькавай адлегласці і ад Маркізскіх астравоў, і ад архіпелага Туамоту, прычым магло здарыцца і так, што мы спакойненька праплывём паміж гэтымі дзвюма групамі астравоў, не ўбачыўшы ні той, ні другой. Бліжэйшы востраў з групы Маркізскіх знаходзіўся за 300 міль на паўночны захад, бліжэйшы востраў архіпелага Туамоту — за 300 міль на паўднёвы захад, а вецер і плынь былі няўстойлівыя, але наогул неслі нас на захад, у шырокія вароты акіяна паміж дзвюма групамі астравоў.