Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 2)
Спачуванне абяздоленаму, прыгнечанаму сялянству ў Шаўчэнкі, па словах А. В. Луначарскага, «злілося з любоўю да роднага краю, роднай мовы». Разам з тым гэта быў патрыятызм новага тыпу, «наскрозь прасякнуты дэмакратызмам і рэвалюцыйным пачуццём». Любоў да Украіны гучыць у шчырых аўтарскіх прызнаннях:
Яна выразна выяўляецца ў хвалюючых замалёўках роднай зямлі («Садок вішнёвы каля хаты»), а таксама ў гнеўным асуджэнні тых дамарошчаных ілжэпатрыётаў, «слаўных прадзедаў вялікіх праўнукаў паганых», якія любяць «шкуру, а не душу» ў свайго «меншага брата» селяніна.
Як гаварылася раней, смеласцю, дакладнасцю ацэнкі гістарычных падзей вызначаюцца творы Т. Шаўчэнкі, у якіх узнімаюцца далёка не простыя праблемы тагачасных і мінулых суадносін украінскага, рускага і польскага народаў. Раз’яднаць гэтыя народы, пасеяць варожасць паміж імі намагаліся цары, магнаты і духавенства, простыя ж людзі заўсёды імкнуліся жыць у дружбе і згодзе. На баку апошніх быў паэт, ён верыў у абноўленую зямлю, у прыход новых часоў, калі «святая праўда» на зямлі жывой вадою напоіць мёртвую пустыню, і тады
Асуджаючы ўсялякі нацыянальны прыгнёт, рашуча выкрываючы захопніцкую палітыку рускага царызму, Шаўчэнка ратуе за свабоду і роўнасць усіх народаў свету, марыць пра тыя часы, калі на абноўленай зямлі «врага не буде, супостата, а буде син, і буде мати, і будуть люди на землі». Прарочае слова Кабзара ўсяляла веру ў яго сучаснікаў, яно будзіла і працягвае будзіць сумленне нашчадкаў. Ці не пра гэта з удзячнасцю гаварыў наш бязмежна ўлюбёны ў шаўчэнкаўскую паэзію Уладзімір Караткевіч: «Людзі будуць, урэшце, на ўсёй зямлі. I ў немінучым чаканні гэтага мы павінны вечна дзякаваць светачам, і сярод іх Кабзару, за тое, што ён вучыць таму, што не падмане і не састарэе: любові да чалавека, вучыць адзіна вартаму ў свеце — мужнасці».
Т. Шаўчэнка — паэт глыбока сацыяльны, бязлітасны змагар супраць грамадскага зла, выкрывальнік «людзей ненасытных» і разам з тым — лірык. Ды яшчэ які! Нават у сваіх эпічных творах ён увесь час кіпіць, абураецца, праклінае, плача, перабівае сам сябе, а ў рэшце рэшт выяўляе нам самога сябе, свае адносіны да герояў. Аўтар гнеўных, поўных знішчальнага сарказму твораў («Сон», «Каўказ», «I мёртвым, і жывым...», «Осія. Глава XIV», «Неафіты» і інш.), ён быў і стваральнікам ласкава-пяшчотных вершаў пра каханне, пра хараство навакольнага свету, умеў, як гаварыў М. Багдановіч, «падысці да жыцця ўкраінскай вёскі як проста да чалавечага жыцця, умеў знайсці там і прыгажосць і любоў, умеў даць месца і радасці, смутку, і жалю, і спачуванню». Найчасцей звяртаўся паэт да вобразаў дзяцей, сірот, матуль, людзей абяздоленых, пакутнікаў, далучаючы да іх звычайна эпітэт «святы».
Люты гнеў і лагодная пяшчота, уласцівыя ўжо самым раннім творам Шаўчэнкі, паступова перарасталі ў складанае дыялектычнае адзінства, што стала пасля характэрнай рысай яго творчасці, абумоўленай самабытнасцю натуры самога паэта, адметнасцю яго таленту, а таксама ўмовамі, у якіх ён знаходзіўся. На гэта ў свой час звярнуў увагу I. Франко. Ён пісаў: «Доля здзекавалася з яго ў жыцці колькі хацела, але яна не змагла ператварыць золата яго душы ў іржу, яго любоў да людзей у нянавісць і пагарду, а веру ў бога ў зняверу і песімізм. Доля не паскупілася яму на пакуты, але і не пашкадавала ўцех, якія білі з здаровых крыніц жыцця».
Т. Р. Шаўчэнка прыйшоў ва ўкраінскую літаратуру ў самы яе ранак. Менавіта яму суджана было стаць заснавальнікам новай літаратуры, вывесці яе на такія рубяжы і вышыні, калі яе права на існаванне не залежала ўжо ад чыёй бы то ні было волі ці паблажлівасці. Святло рэвалюцыйна-вызваленчых ідэй вялікага Кабзара азарыла ўвесь далейшы шлях украінскай літаратуры, якая і па сённяшні дзень прадаўжае і плённа развівае яго традыцыі.
Промні гэтага святла даходзяць да літаратур іншых народаў, абуджаючы іх уласныя жыватворныя сілы, пранікаюць у самыя аддаленыя куткі нашай планеты. Яго паэзія стала набыткам не толькі ўкраінскага народа, але і іншых народаў нашай Радзімы, атрымала прызнанне ва многіх краінах свету.
Дык у чым жа сакрэт такой выключнай жыццядзейнасці творчасці Т. Шаўчэнкі? Што ўзняло ўкраінскага Кабзара на ўзровень сусветна вядомых паэтаў? Каб адказаць на гэта, неабходна перш за ўсё дакладна акрэсліць месца, якое заняў Шаўчэнка ў сваёй украінскай літаратуры, затым вызначыць ролю, якую адыграла яго творчасць у развіцці культур іншых народаў.
Несумненнай заслугай Шаўчэнкі з’яўляецца тое, што ён, абапіраючыся на дасягненні сваіх папярэднікаў і сучаснікаў, трывала ўсталяваў ва ўкраінскай літаратуры метад крытычнага рэалізму, скіраваў развіццё Гэтай літаратуры на рэвалюцыйна-дэмакратычны шлях і тым самым паставіў яе ўпоравень з найбольш развітымі літаратурамі свету. I яшчэ ці не самае галоўнае. У гісторыі сусветнай літаратуры першай палавіны XIX ст. гэта быў, бадай, адзіны паэт, які цалкам засяродзіўся на ідэі вызвалення працоўных і выказаў гэтую ідэю сілай свайго паэтычнага слова, не ведаючы ніякіх хістанняў, ніякіх кампрамісаў. У нямногіх яго сучаснікаў была такая цвёрдая вера, што «будзе праўда на зямлі», што яна павінна быць, таму што іначай стане сонца і спаліць апаганеную зямлю.
З’яўляючыся паэтам украінскім, глыбока нацыянальным, Т. Шаўчэнка быў паэтам у вышэйшай ступені інтэрнацыянальным, які «ў формах строга нацыянальных выявіў агульначалавечы змест» (М. Багдановіч). Неад’емны ад свайго роднага краю, ён, па прызнанню А. В. Луначарскага, «раскінуў магутныя, поўныя кветкавага водару галіны свайго генія далёка за межы Украіны». Яго творчасць сваім дэмакратызмам і рэвалюцыйнай скіраванасцю аказала ўздзеянне на многія літаратуры, у тым ліку і на беларускую.
Т. Шаўчэнку багата што радніла з Беларуссю. Яму давялося неаднаразова бываць на нашай зямлі, спазнаць жыццё яе народа, прыгнечанага, як і ўкраінскі, царызмам, самадзяржаўна-прыгонніцкім ладам. Менавіта адсюль, з гэтай першай, падкрэслім, краіны на шляхах сваіх будучых вандровак, вынес паэт жывыя ўражанні, назіранні, якія знайшлі затым такое дакладнае і яскравае адлюстраванне ў яго творах («Кацярына», «Капітанша», «Музыкант» і інш.).
Першы раз Шаўчэнка апынуўся на беларускай зямлі ў 1829 годзе, калі ў складзе чэлядзі П. В. Энгельгарта ехаў у Вільню, дзе яго гаспадар служыў ад’ютантам у віленскага вайсковага губернатара. Праязджаючы праз беларускія гарады Лоеў, Гомель, Жлобін, Бабруйск, Мінск, Маладзечна, Ашмяны, праз шматлікія вёскі, панскі казачок Тарас на працягу амаль двух тыдняў у час прыпынкаў, начлегаў на пастаялых дварах меў магчымасць знаёміцца з жыццём беларускага народа, чуць яго мову, слухаць песні. Усё гэта глыбока западала ў душу юнака, абуджаючы ў ёй спачуванне абяздоленым і нянавісць да іх крыўдзіцеляў.
Сустрэчы і рознага роду сувязі дапытлівага хлопца-ўкраінца з беларусамі былі магчымы і ў час яго двухгадовага пражывання ў Вільні, населенай тады, як вядома, людзьмі самых розных нацыянальнасцей. Не выключаюцца, у прыватнасці, яго кантакты з беларусамі-студэнтамі Віленскага універсітэта, грамадскі радыкалізм якіх мог сказацца на фарміраванні ідэйнага светапогляду будучага паэта.
Праз многія вёскі паўночнай Віцебшчыны давялося прайсці Тарасу і ў 1831 годзе, калі ён разам з іншымі дваровымі на працягу чатырох месяцаў пехатой, этапным шляхам дабіраўся з Вільні ў Пецярбург. Яшчэ раз непасрэдна сутыкнуўся ён з жыццём народа гэтай «заўсёды галоднай» краіны, краіны «нараканняў і плачу». Юнак, як піша Колас у артыкуле «Шаўчэнка і беларуская паэзія», услухоўваецца ў гутарку, у расказы, у песні і думы народа, у якіх так моцна гучыць адвечнае гора і нянавісць да паноў і чыноўнікаў. Яго маладое чулае сэрца, у якім злучыліся мільёны сэрцаў вялікага працоўнага народа, прагна ўбірае ў сябе гэта гора і нянавісць, гэтыя мары і надзеі народа, як убірае высушаная сухавеем зямля жыватворчую вільгаць навальнічных дажджоў».
Слушнай з’яўляецца выказаная Коласам думка пра ўплыў «беларускіх» уражанняў на фарміраванне светапогляду Шаўчэнкі, яго эстэтычных ідэалаў. «Так накопліваецца яго жыццёвы вопыт, так ствараецца крыніца яго чаруючай, своеасаблівай паэзіі, неадлучна злітай з паэзіяй народа. Гэтым назіраннем народнага гора, гнёту і бяспраўя, пратэсту і нянавісці да прыгнятальнікаў азначаецца асноўны тон і характар яго паэзіі».
Мае пад сабой падставу і меркаванне, што ў час знаходжання ў Беларусі Шаўчэнка шмат чаго даведаўся пра падзеі Айчыннай вайны 1812 года, памяць пра якую была яшчэ свежай на беларускай зямлі. Адсюль, відаць, бярэ вытокі яго захапленне героямі гэтай вайны — М. Кутузавым, генералам Я. Кульнёвым, атаманам М. Платавым, партрэты якіх ён капіраваў з бытуючых сярод народа лубачных карцін.
З фальклорам і пісьмовай літаратурай беларусаў Т. Шаўчэнка пазнаёміўся бліжэй у канцы 30-х гадоў. Па сведчанні Р. Зямкевіча, які ў сваю чаргу спасылаецца на неадшуканы дагэтуль ліст В. Рэута да мінскага паэта і бібліёграфа I. Легатовіча, украінскі паэт у 1839 г. зблізіўся з пецярбургскім гуртком літаратараў, які ўзначальваў беларускі паэт Ян Баршчэўскі. Ад іх, у прыватнасці ад Рамуальда Падбярэскага, пачуў Шаўчэнка беларускія народныя песні, якія яму вельмі спадабаліся, як і «Энеіда навыварат», даведаўся пра мастацкія творы беларускіх аўтараў, якія крыху крытыкаваў, «кажучы, што ў іх мала чыста народнага элементу». Тым не менш, паводле Р. Зямкевіча, украінскі паэт «заахвочваў беларусаў, каб не пакідалі сваёй працы для народа, бо гэта іх павіннасць, а праца іх, нягледзячы на цяжкія варункі, не прападзе дарэмна і сляды гэтай працы застануцца».