Рекс Стаут – Амерыканскае дэтэктыўнае апавяданне (страница 39)
— Табе падабаецца добра жыць. Мне таксама, — сказала яна з сур'ёзным выглядам, кіўнуўшы галавой.
— Я б ніколі не падумаў, што для цябе гэта мае значэнне.
— Няўжо? Ну, тады ты зусім памыляешся. Я хачу жыць добра, а на гэта патрэбны грошы. Таму, — усміхнулася яна, — я хачу выйсці замуж.
— Хочаш выйсці замуж за грошы? — спытаў я, уражаны яе словамі.
— Нейкім чынам — так, — адказала Эн. — Нейкім чынам.
Я сустракаўся з ёю кожны дзень і кожны вечар на працягу амаль месяца. Калі дакладна, то на працягу дваццаці шасці дзён.
Увесь гэты час мы разважалі, зразумела, пра жыццё. Прынамсі, я. Эн гаварыла мала. Яна слухала і, калі штосьці яе закранала, часам выказвала сваю думку. Яна заўсёды была шчырая. Альбо здавалася такой. Калі яна не хацела быць шчырай, то папярэджвала пра гэта.
Калі вы яшчэ не зразумелі самі, то я вам павінен сказаць, яна была вельмі незвычайная асоба. Вельмі незвычайная як на жанчыну. І надзіва незвычайная як на маладую жанчыну. Яна гаварыла, што думала, і думала, што гаварыла, ведала, што хоча, і старалася простым шляхам гэта самае атрымаць.
— Ці не марнуеш ты са мной часу, — спытаў я Эн, як мага стараючыся паказаць, што гавару гэта з гумарам, адчуваючы разам з тым нейкае шчымленне і ўсё большую разгубленасць у душы. (Я ўсё-такі мог дазволіць сабе ажаніцца. Нельга сказаць, што гэта было мне раз плюнуць, але бацькі з радасцю паспрыялі б адзінаму сыну, які цэлы і здаровы вярнуўся з жудаснай вайны... Я ніколі ёй пра гэта не сказаў.)
— Мабыць, так, — адказала Эн, не збіўшыся пры гэтым у танцы. Я танцаваў з ёю ў той вечар у «Казіно» ў Монтэ-Карла. Яна выглядала цнатлівай і невыказна прыгожай у доўгай белай сукенцы.
— Давай сыдзем з круга.
Здавалася, яна на нейкі момант здзівілася, але ніколькі не збянтэжылася. Грацыёзна, не віхляючыся, пайшла да нашага століка.
Я сеў з такім грукатам, што ўсё навокал страсянулася, і спытаў:
— Няўжо ты не верыш у каханне?
— Канечне, я веру ў каханне.
Такі адказ мяне здзівіў.
— Але тым не менш ты хочаш выйсці замуж за грошы?
— Нейкім чынам так.
— Таму што ты ніколі не была закаханая?
— Я была закаханая.
Мяне адразу ж пачала тачыць рэўнасць.
— З кім?
— Не з кім, а ў каго. Не забывайце пра граматыку, сэр. У чалавека, не падобнага на цябе, у бедалагу, які вучыцца на інжынера. Ён не можа забяспечыць мяне цяпер і ніколі не здолее што-небудзь зарабіць. Ён слабы чалавек, я гэта ведаю, але ён, ну, як бы гэта сказаць, адпавядае. І ўсё ж ён не той, хто можа зарабляць грошы.
— Я не слабы і магу зарабляць грошы.
— Ты просіш мяне выйсці за цябе замуж?
— Не.
— Я так і думала, што ты не папросіш. — І разам з тым яна ўсміхнулася.
— Ты б не пайшла за мяне замуж, — сказаў я, гуляючы з агнём, якога я баяўся, але, відаць, ад якога не мог далёка схавацца, — хаця б таму, што ў мяне такая бандыцкая морда.
— А, гэта. — Яна не пярэчыла, толькі схіліла галаву крыху набок і ўважліва агледзела мяне. Потым сказала: — Гэта прываблівае мяне.
— Як наконт таго, што я змагу зарабляць грошы? Няўжо ты мне не верыш?
— Я веру. Цалкам. Але грошы мне патрэбны цяпер. Мне дваццаць два гады. Я не хачу чакаць яшчэ трынацццаць год. Хачу, каб наступныя трынаццаць год былі поўныя такіх начэй, як гэта — калі весела, калі на мне прыгожае адзенне, калі вакол цудоўныя рэчы.
— Гэта сукенка прыгожая.
Твар яе зрабіўся непрыгожым, і я першы раз убачыў яе такой.
— Гэта сукенка, — сказала яна, — танная і нікчэмная. Калі яна такой не здаецца, дык толькі таму, што мне дваццаць два гады. Яна б выглядала яшчэ лепей, калі б мне было шаснаццаць. Але калі мне будзе дваццаць шэсць, дваццаць сем, я ўжо не змагу выкруціцца з такімі таннымі трантамі. Я не прыгажуня, а магла б ёю быць. Дзякуючы грашам. Толькі ім.
Гэта быў якраз той момант, калі яна выглядала вельмі непрыгожай.
— Трынаццаць год, — сказаў я. — Чаму трынаццаць год? Трынаццаць і дваццаць два — што, узрост трыццаць пяць год азначае для цябе нешта асаблівае?
Эн усміхнулася і адразу папрыгажэла.
— Азначае што-небудзь? — перапытала яна лагодна — Так, мой даражэнькі Біл, ён нешта азначае. У трыццаць пяць я атрымаю ў спадчыну маёмасць майго бацькі. Вельмі значную. Зраблюся даволі багатай. У трыццаць пяць. Ён пакінуў пасля смерці вельмі дакладна абумоўленае завяшчанне — тады мне было сем год. Яго аргументам было тое што ўсе жанчыны — легкадумныя, пустыя, бязглуздыя. Гэта каб са мной не жаніліся дзеля грошай. Але калі ў трыццаць пяць я ўсё яшчэ не буду замужам, то, можа было б лепш, каб са мной жаніліся дзеля грошай. Нельга дараваць бацьку за яго завяшчанне, але прычыны зразумець не цяжка. Мая маці была легкадумная і пустая. Яна збегла з другім мужчынам. Бацька перажыў маці, але ніколі не дараваў ёй і ніколі не дараваў мне. Ён пажадаў, каб суд апекаваўся мною, і прасіў у пасмяротным пасланні, каб я выхоўвалася «ў сціпласці». На справе гэта азначала — у беднасці. На маю думку, бацькава воля выконвалася дакладна. Калі б ён аказаўся тут, каб пацікавіцца, як ідуць справы, ён бы, відаць, адчуў, што апекуны перастараліся. — Яна нейкі час памаўчала. — Можа, ён не ведаў або не разумеў, якую жудасную рэч рабіў, што тварыў. Можа, ён сапраўды не ведаў?
Эн глыбока ўздыхнула. Потым пачала гаварыць зноў:
— Я не люблю гаварыць пра гэта. Я сама здзіўляюся, што гавару пра гэта. Але ты — добры хлопец. Бачыш, я хачу мець сям'ю, хачу дзяцей, але я не хачу ўвесь час выкручвацца наконт грошай і адносіцца да сваіх дзяцей так, як мой бацька адносіўся да мяне, без усялякай на гэта патрэбы. І нават болей чым дзецям, я хачу належаць каму-небудзь, да каго-небудзь, быць часткай сям'і. Гэта таксама лёгка зразумець, бо ўсё гэта ў межах нармальнай псіхалогіі, той самай дафрэйдаўскай псіхалогіі. Я была адна, заўсёды адна. Я адчуваю патрэбу належаць да чагосьці ў сэнсе... — яна змоўкла і потым сказала амаль з адчаем: — Да дынастыі.
— Дынастыі? — усміхнуўся я. — Паслухай, Эн, я быў з табой не да канца шчыры.
— Так? — адказала яна ў разгубленасці, ачуўшыся ад ахапіўшых яе думак і цяпер намагаючыся ўспомніць, хто такі Ўільям Дэнтэл. — Вось як? — перапытала яна.
— Ну, не зусім так. Гэта праўда, што я бедны, але паслухай, на самай справе я магу ім і не быць. Мае бацькі — даволі заможныя людзі. І яны дапамаглі б мне. Ахвотна. Да таго часу, пакуль я змагу зарабляць гэтыя грошы, а я ведаю, што змагу.
— А, — нарэшце яна ўсвядоміла маю прысутнасць і ўспомніла, хто я такі. Але яе рэакцыя была не тая, якую я чакаў. Яе звычайна такія ясныя вочы заслала смуга, а маленькія зрэнкі зрабіліся яшчэ меншымі. Потым яна пахітала галавой, не таму, каб даць адмоўны адказ мне, я верыў, што не, але ў адказ на нейкую думку, на нейкае сваё ўяўленне.
— Ведаеш, ты вельмі добры хлопец, Біл, — сказала Эн. — Занадта добры, у нейкім сэнсе.
Яна перавяла позірк з майго твару і глядзела на некага паверх маёй галавы.
— Хто гэта?
— Каго ты маеш на ўвазе?
— Вунь той, прыгожы мужчына, што каля бара?
— А, гэты. — І я расказаў ёй пра незнаёмца.
Поль, — ну не памятаю яго прозвішча, відаць, таму, што яго заўсёды клікалі «Барон». Звычайна гаварылі «Поль», «Барон» альбо «Барон Поль». Бясспрэчна, ён быў прыгожы, хоць і па-тэатральнаму, з тых, што занадта прыгожыя, каб ім верыць, а для недаверу ёсць падставы.
Яго маці была каралевай нейкай маленькай балканскай краіны — я забыўся якой. Яна была самая сапраўдная каралева, з самых сапраўдных Бурбонаў. Бацька ж быў садоўнік. І, як гаварылі з усмешкай, не галоўны садоўнік. У сувязі з гэтым пераказваліся жартачкі наконт палюбоўніка ледзі Чатэрлей. Маленькая краіна пайшла прахам, і Поль, як і бацька, ніколі, як бы мовіць, не вылез з гразі. Ён зарабляў сабе на жыццё, калі можна назваць яго занятак заробкам, тым, што адкрыта і не тоячыся задавальняў пажаданні дам.
У яго адкрытасці было нешта такое, што раззбройвала. На маё здзіўленне і нават крыху сорам, а таксама насуперак атрыманаму выхаванню, я нават адчуваў да яго сімпатыю.
— Я даўно хацеў табе сказаць: «Не будзь занадта адкрытая», і вось нарэшце, Эн, ты дала мне такую магчымасць. Не будзь такая адкрытая. Ён самы сапраўдны жыгало. Каторы раз ты мяне здзіўляеш. Я нешта не заўважаў, каб ты звяртала ўвагу на іншых мужчын. У цябе ж добрыя манеры. — Я ўхмыльнуўся. — Звычайна.
Яна не адводзіла вачэй ад Барона, і ўхмылка знікла з майго твару.
— Звычайна, — паўтарыў я крыху пагрозліва. — Але павінен прызнаць, што ён надзіва прыгожы.
— Так, — яна сцвярджальна кіўнула галавой. — Але перш за ўсё ён дзівосны тым, што выглядае якраз на таго, які ён ёсць на самай справе. Нават вопраткай. Вось гэта і прымусіла мяне спытаць пра яго. Я ніколі не бачыла самага сапраўднага жыгало раней. Ты знаёмы з ім?
— Так, як і ўсе. Крыху.
— Пазнаём мяне з ім, калі ласка.
Эн паспела растлумачыць сваю цікаўнасць. Яна здалася мне бясшкоднай. Я прывёў Поля да нашага століка і пазнаёміў іх.
Праз два тыдні яна выйшла за яго замуж. Я не бачыўся з ёй на працягу тых двух тыдняў, хіба толькі на адлегласці. І ўвесь час паўтараў сам сабе: «Дынастыя». Гэта смешнае, недарэчнае слова, якім яна растлумачыла сваё імкненне ў жыцці, — вырашыў я, — якраз і было менавіта тое, што вабіла яе да чалавека, які, згодна з яе прызнаннем, быў тыповы прадстаўнік вульгарных нізоў.
І ўсё ж яна выйшла за яго замуж.