Рекс Стаут – Амерыканскае дэтэктыўнае апавяданне (страница 17)
Сідні Зум раптам вярнуўся да доказаў, якімі карысталіся паліцэйскія ў час следства па гэтай справе.
— Ці знайшлі б яны калі-небудзь жанчыну, каб не пацеркі?
— Ты маеш на ўвазе сінтэтычныя рубіны, што асыпаліся з пацерак?
— Так.
— Думаю, што ўрэшце адшукалі б.
— Але менавіта рубіны саслужылі ролю ключа да разгадкі?
— Натуральна. Яны паказалі шлях ад трупа да ўваходных дзвярэй кватэры.
— Ты маеш на ўвазе шматкватэрнага дома?
— Ну, так.
Сідні Зум утаропіў позірк сваіх вострых ястрабіных вачэй на суразмоўцу, які раптоўна выказаў цікавасць.
— Хіба табе не падалося дзіўным, Біл, што пацеркі былі раскіданы не далей надворных дзвярэй шматкватэрнага дома? І што раскіданы былі настолькі раўнамерна? Чаму не было ніякіх пацерак паміж надворнымі дзвярамі і дзвярамі кватэры маладзіцы?
Біл Махоні засмяяўся.
— Зум, зноў ты са сваімі фантастычнымі тэорыямі.
Зум пацягнуўся, пазяхнуў і ўсміхнуўся.
— Думаю, — сказаў вельмі разважліва капітан Махоні, — што трэба ўжо зайсці ў дом. Ты нават занадта многа чаго мне сказаў — але ж не ўсё.
Зум вылез з машыны, выпрастаўся і глянуў з усмешкай на паліцэйскага.
— Давай.
Яны прыйшлі па бетоннай дарожцы да ганка дома. Паліцэйскі на варце аддаў чэсць капітану і з цікавасцю паглядзеў на Зума. Сабака важна перабіраў лапамі, ідучы побач з гаспадаром.
Дзверы расчыніліся насцеж. У вестыбюлі стаялі двое.
Капітан Махоні назваў іх прозвішчы Зуму хутчэй інфарматыўным, чым прыязным тонам.
— Зум, гэта Сэм Моклі, камердынер, і Лоранс Герхард, юрыст.
Зум кіўнуў галавой, пакрочыў па вестыбюлі і раптам звярнуўся да Моклі і Герхарда:
— Я хачу, каб мне паказалі, па-першае — пакой, з якога вынеслі каштоўнасці, і па-другое — ложак, у якім спаў Гары Пэйн.
Адвакат, сівы мужчына, з хітраватым позіркам, агледзеў бялявымі вачыма цыбатую постаць Зума, поўную надзейна кантралюемай энергіі.
— Правядзі іх, Моклі, — звярнуўся ён да камердынера.
— Сюды, калі ласка, — сказаў той, кіўнуўшы галавой.
Яго выгляд цалкам адпавядаў апісанню, дадзенаму капітанам Махоні — мажны, з вялізнымі рукамі, скалечаным, нібыта ў баксёра, вухам.
— Вось гэты пакой, сэр. Каштоўнасці былі ў патаемным шкафчыку за кніжнай шафай. Толькі некалькі чалавек ведалі пра яго.
Але Сідні Зум нават не глянуў у бок тайніка. Замест гэтага ён стаў на кукішкі і пачаў поўзаць па дыване, уважліва аглядаючы яго па краях, перабіраючы пальцамі кожную цалю паверхні.
Ён цярпліва шукаў штось тры ці чатыры хвіліны. Калі ён і знайшоў нешта, то не падаў знаку. Так жа раптоўна ён устаў на ўвесь рост, потым глянуў на прысутных.
— Спальня, — сказаў ён.
— Сюды, калі ласка, — адазваўся камердынер.
Яны стоўпіліся ў спальні. Гэта быў сыры, халодны пакой, наводзячы на думку пра перарывісты сон і неспакойныя думкі.
Зум агледзеў гэты невясёлы пакой.
— Дзе, — спытаў ён камердынера, — Пэйн трымаў рэвальвер?
Адвакат адкашляўся.
Зум зірнуў на яго.
— Я спытаў у камердынера, — сказаў ён.
Твар у камердынера быў каменны.
— Я не бачыў яго з рэвальверам некаторы час, сэр. У яго быў трыццаць восьмага калібру, «Сміт — Весан», сэр.
Зум шырокімі крокамі падышоў да камоды і пачаў выцягваць шуфляды.
Там былі цёплая бялізна, шкарпэткі грубай вязкі, танныя кашулі. У верхняй шуфлядзе ляжала кардонная скрынка з зялёнай наклейкай на накрыўцы. Па баках яна была пафарбавана пад медзь. Зум выцягнуў скрынку, адарваў верх і вывернуў тое, што было ўнутры. На камоду бліскучым струменем пасыпаліся латуневыя патроны — патроны для аўтаматычнага пісталета сорак пятага калібру.
Адвакат зноў пракашляўся. Потым паціснуў плячыма і адвярнуўся. Зум пільна паглядзеў на капітана Махоні.
— Я хачу бачыць кітайца-кухара.
Капітан Махоні падаў знак камердынеру.
— Пойдзем і пашукаем кухара.
Яны выйшлі з пакоя. Адвакат зноў пракашляўся.
— Збіраецеся нешта сказаць? — спытаў Зум.
— Так, — адазваўся адвакат. — Я хацеў адзначыць, што сёння добры дзень.
Дзверы зноў адчыніліся, і капітан Махоні прывёў у пакой камердынера і кітайца-кухара. Адразу было відаць, што кухар нервуецца.
— А Кім, — назваў яго прозвішча капітан Махоні.
Зум глянуў на кітайца. Той нервова варочаў касымі маслянымі вачыма.
— А Кім, — спытаў яго Зум, — ты разбіраешся ў пісталетах?
А Кім пераступіў з нагі на нагу.
— Шмат разумей, — адказаў ён.
Зум паказаў на кучу патронаў.
— Для якога пісталета яны прызначаны?
— Етыя ўсі падыходзіць да пісталета містала Пэйн. Яго солак пяты, аўтаматычны.
Зум крутануўся на абцасах тварам да адваката.
— Вы складалі завяшчанне Пэйна?
Гэта прагучала хутчэй як канстатацыя факта, чым пытанне. Бялявыя вочы адваката глядзелі на Зума не міргаючы.
— Так, — адказаў ён. — Вядома, я.
— На каго яно было складзена?
Адвакат сцяў вусны.
— Мне было б зручней адказаць на гэта пытанне пасля, і тэт-а-тэт.