Рекс Стаут – Амерыканскае дэтэктыўнае апавяданне (страница 12)
Шпаркая хада Зума перайшла амаль у бег. Яго хударлявая постаць, здавалася, дрыжала ад хвалявання.
— Нехта ляжыць, — сказаў ён.
Сабака яшчэ раз заліўся пранізлівым брэхам, як бы імкнучыся нешта паведаміць. І Сідні Зум пераклаў сэнс брэху.
— Мёртвы, — сказаў ён.
Паліцэйскі прамармытаў нешта, выказваючы, відаць, недавер.
Але Зум меў рацыю. Чалавек быў мёртвы. Ён ляжаў, распасцёршыся на бруку тварам уніз, раскінуўшы сціснутыя ў кулакі рукі, нібыта пагражаючы некаму.
На патыліцы чалавека чарнела дзірка, з яе цурчаў чырвоны струмень, зліваючыся з вадой на бруку і пакідаючы на ім чырвоныя плямы.
На чалавеку былі паліто, нагавіцы, грубыя чаравікі. Але падніз была надзета яшчэ піжама. Яе канцы выглядалі з калашын нагавіц, а каўнер піжамнай сарочкі вылез з-пад закручанага штрыфля паліто. Паліцэйскі паспрабаваў намацаць пульс чалавека.
— Мёртвы, — сказаў ён.
— Вось гэта, — суха заўважыў Сідні Зум, — і паведаміў мне сабака. Ён прыбег бы назад і прыскорыў мяне, калі б чалавек быў жывы.
Вочы ў паліцэйскага загарэліся.
— Вы што, жартуеце? — спытаў ён.
Сідні Зум паціснуў плячыма. Па вопыце ён ведаў, што дарэмна даказваць дылетантам, што ў сабак высокаразвіты інтэлект.
Паліцэйскі хацеў перавярнуць труп дагары. Зум перахапіў яго руку.
— Пачакайце, — сказаў ён, — вы можаце знішчыць самы галоўны ключ да разгадкі матываў забойства.
Паліцэйскі здзіўлена глянуў на Зума.
— Я проста хачу перавярнуць яго.
Ён адмовіўся ад свайго намеру і пакінуў мерцвяка ляжаць на баку з адкінутай галавой у ненадзейнай раўнавазе, што ўтрымлівалася плячом і сцягном.
Зум кіўнуў галавой.
— Менавіта так, — сказаў ён. — Заўважце, паліто на плячах і зверху, бліжэй да шыі, добра намокла. Гэта сведчыць пра тое, што ён некаторы час быў пад дажджом. Але на спіне паліто амаль сухое. Гэта значыць, што ён ішоў тварам насустрач дажджу, а тут ляжыць на жываце не так даўно. Інакш спіна таксама б намокла. Але калі вы перавернеце яго на спіну да таго, як мы ўсё ўдакладнім, паліто са спіны дакранецца да мокрага бруку, і мы пазбавімся магчымасці вызначыць ступень намокласці розных частак адзення.
Паліцэйскі нешта прабурчаў у адказ.
— Вы маеце рацыю наконт плячэй, — сказаў ён, няўклюдна мацаючы іх рукой. — І спераду ён прамок да ніткі. Здаецца, ён такі сапраўды ішоў супраць ветру.
Зум абмацаў пальцамі вопратку на мерцвяку. У ягоных вачах бачылася ястрабіная засяроджанасць, якая сведчыла пра ўсё большую зацікаўленасць.
— А вось вецер, — заўважыў Зум, — дзьмуў у той самы бок, у які скіравана зараз яго галава. Гэта азначае, што яго перавярнулі пасля выстралу ці ён сам пайшоў назад. Заўважце, ён без шкарпэтак, шнуркі завязаны не да канца і іх канцы паспешліва закручаны вакол ног. Відаць, чалавек ужо лёг спаць, але нешта ўзняло яго з ложка, прымусіла паспешліва выбегчы на дождж, і ён паспеў накінуць на сябе толькі самае неабходнае. Куля трапіла ў патыліцу. Стрэл, відаць, супаў з ударам грому, бо, здаецца, ніхто яго не пачуў, а гэта — раён жылых дамоў. З моманту яго смерці не прайшло, здаецца, нават чвэрці гадзіны... Давайце пасвецім на твар.
Паліцэйскі паслухмяна перавёў святло ліхтарыка на скамянелы твар. Ён выявіў рысы чалавека, які выглядаў год на пяцьдзесят пяць. Твар парослы сівым шчаціннем, з рэдкімі валасамі на скронях, высокім ілбом з маршчынамі, якія бываюць у людзей са змрочным характарам. Сцяты рот з тонкімі, амаль нябачнымі вуснамі. Глыбокія маршчыны абапал сведчылі, што рот звычайна крывіўся ўніз.
— Чалавек, — зазначыў Сідні Зум, — які рэдка ўсміхаўся.
Паліцэйскі памацаў кішэню паліто забітага.
— У кішэні шмат нейкіх папер. Паведаміце ва ўправу аб здарэнні, а я папільную тут.
Позірк Зума скіраваўся на штосьці за метр ад трупа.
— Узніміце ліхтарык крыху вышэй — вось так! — звярнуўся Зум да паліцэйскага.
— Што гэта?
Промні святла адбіліся ад чагосьці блішчастага, агрэсіўна-чырвонага.
Зум падышоў бліжэй, нахіліўся і падняў гэта самае з долу.
— Чырвоная пацерка альбо сінтэтычны рубін, прасвідраваны для пацерак, — адзначыў ён, — і, думаю, крыху далей знойдзецца яшчэ адзін. Давайце паглядзім.
Паліцэйскі паслухмяна ўзняў вышэй ліхтарык. І зноў у цемры замігцеў агрэсіўна-чырвоны водбліск.
— Якраз з таго боку ён і ішоў, — заўважыў паліцэйскі.
Зум падабраў другую пацерку і вярнуўся да трупа.
— Паглядзіце, што ў яго ў руках, — прапанаваў ён.
Паліцэйскі разняў сціснуты левы кулак. У далоні нічога не было. Ён адагнуў пальцы на правай руцэ. У святле ліхтарыка замігцелі паўтузіна чырвоных пацерак, якія па колеры нагадвалі кроплі застылай крыві.
Сідні Зум задуменна глядзеў на іх з пахмурным выразам твару.
— Там часам не абрывак белай ніткі? — спытаў ён.
Паліцэйскі нахіліўся ніжэй.
— Ён самы. Навошта яна?
Зум задуменна, не міргаючы, глядзеў на купку чырвоных каменьчыкаў.
— Гэта могуць быць і натуральныя рубіны, але я сумняваюся. Яны больш падобныя на сінтэтычныя. Звярніце ўвагу на тое, што іх памеры паступова памяншаюцца. Відавочна, яны былі начэплены на нітку. Можна дапусціць як магчымасць, і толькі як магчымасць, што пацеркі былі на асобе, якая страляла, і што рука ахвяры, хапаючыся за забойцу, зашчаміла ў руцэ пацеркі і вырвала з іх пэўную частку. Потым, калі гэтая асоба кінулася наўцёкі, пасыпаліся і іншыя пацеркі... але я сумняваюся наконт гэтага.
Паліцэйскі выпрастаўся, адпусціў труп, і той глуха чмякнуўся на мокры брук.
— Для мяне ўсё гэта ўжо занадта, — сказаў ён. — Мне не хочацца пакідаць труп, нават калі сапраўды пагаджуся, што вы маеце рацыю. Схадзіце вунь у той жылы дом, знайдзіце тэлефон і патэлефануйце ў паліцэйскую ўправу.
Зум кіўнуў галавой у знак згоды.
— Будзь тут, Рып, — загадаў ён сабаку. — Я хутка вярнуся.
Сабака паволі завіляў хвастом, выказваючы такім чынам з пачуццём уласнай годнасці сваю маўклівую згоду. Зум перайшоў вуліцу, накіроўваючыся да шматкватэрнага дома.
Дзверы былі зачынены на замок, у вестыбюлі было цёмна. Зум націснуў кнопку пад указальнікам кватэры з надпісам: УПРАЎЛЯЮЧЫ і толькі пасля гэтага дачакаўся нейкай рэакцыі. Калі таўстуха з заспанымі вачыма, абураная тым, што яе разбудзілі, падышла да дзвярэй, Зум растлумачыў ёй усю сітуацыю. Яго правялі да тэлефона, ён патэлефанаваў ва ўправу і паведаміў пра знойдзены труп.
Потым ён вярнуўся да паліцэйскага. Сабака ляжаў, прыціснуўшыся да мокрага бруку, паклаўшы морду на лапы. Ён застаўся ляжаць нерухома і толькі паляпаў хвастом, вітаючы гаспадара. Паліцэйскі праглядаў паперы, знойдзеныя ў кішэні забітага.
— Падобна на тое, што яго звалі Гары Пэйн, — заўважыў ён. — Можна падумаць, што ўсе лісты, атрыманыя па пошце, ён насіў з сабой у кішэні. Ёсць тут і адрас. Уэст-Эдамс-стрыт, 58, 65. А вось некалькі юрыдычных дакументаў: здаецца, ён удзельнічаў у нейкім судовым працэсе... Паперы ён насіў з сабой ужо пэўны час. Адзнакі, зробленыя алоўкам, пасціраліся, дый папера зашмальцавалася.
Зум кіўнуў галавой. Ён вывучаў твар забітага.
— Няўжо вам не цікавыя гэтыя паперы? — спытаў паліцэйскі.
На твары Зума быў выраз летуценнай задумлівасці.
— Мяне больш цікавіць характар чалавека, — заўважыў ён. — Мне здаецца, што забіты быў наравісты стары чалавек, які ніколі не ўсміхаўся, якому невядома было пачуццё спагады ці зычлівасці. Зірніце на яго рукі! Бачыце, якія шышкаватыя, учэпістыя пальцы... Вы верыце ў хірамантыю?
Паліцэйскі ў адказ пагардліва буркнуў.
— Глупства, — адказаў ён.
Зум памаўчаў некалькі секунд.
— Дзіўна, — нарэшце заўважыў ён, — як характар адбіваецца на кожнай частцы цела чалавека. Рукі, ногі, вушы, форма носа, рот, выраз вачэй... усё фарміруецца тым нечым неадчувальным, што мы называем душа.
Паліцэйскі, які сядзеў на кукішках на мокрым бруку каля трупа, устаў.
— Вы гаворыце нешта такое, што не мае ніякага сэнсу, — буркнуў ён. — Справа ідзе пра забойства, і згодна з законам трэба злавіць злачынцу. Якое дачыненне да гэтага мае характар забітага?
Сідні Зум адказаў адным словам: «Непасрэднае».
Ён звярнуўся да папер у кішэні паліто забітага.