реклама
Бургер менюБургер меню

Микаель Ниеми – Папулярная музыка зь Вітулы (страница 13)

18

Неўзабаве зьяўляюцца жыхары навакольных вёсак. Паркуюцца каля мосту й сьпяшаюцца далучыцца да нас, выстройваюцца шэрагамі ўздоўж жалезных парэнчаў — старыя дзяды й кабеты, хлопцы, дзяўчаты й малыя, якіх моцна трымаюць на руках. Сваякі й суседзі, знаёмыя ды нават мясцовыя пустэльнікі — усе зьбіраюцца тут, быццам рака прабегла па ваколіцы, заклікаючы народ, нібыта ўсе атрымалі нейкі сыгнал.

Людзі проста стаяць й дзівяцца. Што можна яшчэ дадаць? Проста глядзяць і слухаюць, адчуваючы, як дрыжыць пад нагамі чуйны бэтон. Як бясконцаю плыньню праносяцца ледзяныя глыбы, канца краю не відаць, як яны няспынна б’юцца й ломяцца. Урэшце заўважаеш, як пачынае варушыцца сам мост, вызваляецца са свайго месца ды як велізарны ледакол імчыцца напралом уверх па плыні. Ты стаіш на яго носе, а ён зь неймавернай апантанасьцю прарываецца наперад празь ледзяныя грамадзіны, пачынаючы сваю доўгую займальную вандроўку.

— Rock’n’roll music! — крычу я Ніілу.

Ён разумее.

Калі табе аднойчы адкрылася сіла музыкі, дарогі назад ужо няма. Гэта як упершыню падрачыць. Ужо ня зможаш спыніцца. Ты адчыняеш капсулу, і зь яе вырываецца магутны пеністы струмень, такі моцны, што выбівае ў цябе з рук дзьверы, вырывае іх з жалезных завесаў — толькі дзірка зеўрае. Памятаеце, як у фільмах пра падводнікаў: глыбінная бомба трапляе ў лодку, і закуродымленыя маракі кідаюцца да воданепранікальнай перагародкі, каб задраіць люк, але шалёны вадзяны струмень раскідвае іх, як бездапаможныя трэскі.

Музычная школа Накі была, наадварот, як боўтаньне на пяску.

Усё адно, што высілкі старой кашчавай настаўнічкі пачатковых клясаў, якая водзіць перапэцканай у крэйдзе рукою па наглядным дапаможніку, намагаючыся растлумачыць хлопцам тэхніку мастурбацыі. А напрыканцы ўсаджваецца за пэдальны арган і сьпявае павучальны гімн ананізму.

Нііла завітваў у госьці ўсё часьцей і заўсёды прыносіў з сабою пласьцінку. Дзякуючы ёй мая сястра нечакана выявіла свае чалавечыя рысы й дазволіла слухаць пласьцінку на ейным прайгравальніку; сама яна таксама падсаджвалася й слухала разам з намі. Музыка нас нават нейкім чынам зблізіла, ва ўсякім выпадку сяструха пачала разумець, што не да скону жыцьця ж мне заставацца смаркачом. Часам заходзілі ейныя сяброўкі. Сядалі на ложак, на падушкі на падлозе — ачмурэнныя дзеўкі-старшаклясніцы, ад якіх сыходзіў дурманлівы водар ляку для валосься й жуйкі. Грудзі вытыркаліся з-пад абліпальных швэдрыкаў. Вочы, падведзеныя чорнаю тушшу. Яны фліртавалі са мной ды Ніілам — маляўкамі, шчанюкамі — і пакеплівалі з нас, так што мы бянтэжыліся й чырванелі. Пыталіся, ці ёсьць у нас дзяўчаты. Ці мы калісьці цалаваліся. Расказвалі, як трэба вадзіць языком, было досыць брыдка, але адначасова зьяўлялася амаль юрлівасьць, хоць тады нашая сэксуальнасьць была яшчэ на стадыі сьпячкі, і мы мала што разумелі ў адносінах з процілеглым полам.

Аднойчы ў выходныя, калі бацькі паехалі на футбольны стадыён на розыгрыш аўто, мы зайшлі ў пакой сястры бяз стуку. Дзяўчаты завішчалі. Паміж імі на падлозе стаялі бутэлькі зь півам, поўная авоська. Мы хацелі былі змыцца, але сяструха ўцягнула нас у пакой і рашуча замкнула за намі дзьверы. Яна паабяцала, што, калі мы толькі ўздумаем паклёпнічаць, яна нас так адкалашмаціць, што мы падавімся сваімі малочнымі зубамі, а пасьля адцягае за чубы так, што мы загадзя аблысеем, ды яшчэ павыцягвае з нас кішкі сваімі чырвонымі вострымі кіпцюрамі, а пасьля будзе доўга падсмажваць нас паяльнаю лямпаю, з дапамогаю якой бацька звычайна шкіпінарыць лыжы, — ды шмат яшчэ такога ж кшталту.

Каб выратаваць сваё жыцьцё, я прыкінуўся дурнем — гэта звычайна спрацоўвае ў турнэдаленскім асяродзьдзі — і прамармытаў, што сідар, маўляў, яны ж могуць піць колькі ўлезе. Дзеўкі тады зарагаталі што дурныя ды запатрабавалі, каб і мы зь імі выпілі, каб мы зрабіліся суўдзельнікамі, — гэта быў адзіны спосаб заткнуць нам глоткі. Яны адкаркавалі бутэльку ды падселі так блізка, што асьветленыя валасы заказыталі мне шчаку ды я адчуў на сабе іхняе цёплае дыханьне й водар парфумы. Адна зь дзяўчат моцна, нават жорстка, трымала мяне за шчокі, другая паднесла бутэльку — і я адкрыў рот. Яна так наблізілася, што я адчуў дотык яе мяккіх грудак, я адхіліўся назад як немаўля з пустышкаю ды пачаў смактаць і піць, піць і зноў смактаць, як з вострай жаночай цыцкі.

Піва на смак нагадвала сена. Яно захрасала ў горле, пенілася й шыпела. Я паўляжаў, гледзячы ў прыгожыя размаляваныя вочы дзяўчыны, сінія як азёры. Ёй было ня менш як чатырнаццаць, і яна зь пяшчотаю ды цеплынёю глядзела мне ў вочы. Мне хацелася застацца там, заснуць у ейных абдымках — у мяне ажно праступілі пякучыя сьлёзы. Заўважыўшы гэтае, яна асьцярожна адсунула бутэльку. Я пасьпеў усмактаць у сябе палову, а дзяўчына наблізілася да мяне сваімі фарбаванымі вуснамі ды раптоўна пацалавала мяне.

Дзяўчаты зацюгакалі. А сяструха нечакана адарыла мяне пяшчотнаю ўсьмешкаю. У мяне закружылася галава, і я прыхіліўся да сьцяны. Ніілу прымусілі дапіць рэшту піва, ён доўга змагаўся і заслужыў радасныя воплескі. Цяжка дыхаючы, Нііла расшпіліў кашулю й выцягнуў адтуль сваю пласьцінку. Пасьля ён падсеў да мяне, а сяструха ўключыла прайгравальнік.

Дзяўчаты проста пашалелі.

Мы ставілі пласьцінку разоў можа, дваццаць.

А я прыхіліўся да Ніілы ды адчуваў, як мяне ажно расьпірае ад шчасьця.

Пасьля мы стаялі на двары, і нас зьлёгку калаціла. Зь яснага неба на зямлю прыйшла вечаровая прахалода, ноч мусіла быць сьцюдзёнаю. Нііла стаяў і саромеўся, хацеў пра нешта запытацца, але ніяк не наважваўся. Урэшце ён прыцягнуў мяне да гаражу. Прычыніў дзьверы як мага цішэй, а пасьля зашаптаў мне ў вуха:

— Як яна гэта рабіла?

Я абхапіў ягоныя плечы.

— Выцягні язык, — сказаў я. — Не, ня так далёка.

Ён засунуў язык назад, пакінуўшы толькі кончык, круглы, мокры й ружовы. Я высунуў свой. Мы крыху пастаялі так, цалкам нерухомыя. Пасьля я нахіліўся ды пацалаваў яго ў салёныя хлапчуковыя вусны.

РАЗЬДЗЕЛ 8

—у якім змайстравалі плянку, раскрылі рот і ў якім упершыню адбыўся выхад на сцэну

Шасьцідзясятыя набліжаліся да свайго скону, ва ўсім сьвеце адбываўся бурны росквіт поп-музыкі. Бітлы зьезьдзілі ў Індыю ды навучыліся граць на сытары, Каліфорнію апанавалі «дзеці кветак» і псыхадэлічны рок, а Брытанія закіпала ад групаў кшталту «The Kinks», «Procul Hanim», «The Who», «Small Faces» і «The Hollies».

Але няшмат з гэтага дабіралася да Паялы. Сяструха што толькі ні рабіла, каб не адставаць ад модных тэндэнцый: працягнула паміж соснамі на пустыры медны дрот замест антэны, каб прымаць сярэднія хвалі, і лавіла «Радыё Люксэмбург» на наш стары лямпавы радыёпрымач. Часам яна езьдзіла ў Кіруну або Люлео, каб убачыць «The Shanes» з Туалуваары, якія ў 1966 годзе выступалі разам зь бітламі, або «Hep Stars», калі іхні шлях выпадкова праходзіў праз паўночную Швэцыю, але перш як паехаць, сястра заўсёды атрымлівала ад маці доўгі інструктаж за закрытымі дзьвярыма.

Ад Паялы было далёка да сьвету. І калі швэдзкае тэлебачаньне пачало ўрэшце паказваць, хоць і рэдка, эстрадныя канцэрты, мы ўбачылі стары запіс выступу Элвіса Прэсьлі. Што зробіш, выбіраць не даводзілася. Я сядзеў, згараючы ад нецярплівасьці. Сястра зьняла зь лінзы экрана ахоўную фанэру ды загадзя ўключыла тэлевізар, бо мусіў прайсьці пэўны час, пакуль усё нагрэецца, як хлеб у печцы, і экран пачне сьвяціцца. Электрычныя сыгналы пасылаліся з Какнэскай тэлевежы ды пачыналі свой зьвілісты шлях праз усю краіну. Рэтрансьлятары прымалі сыгналы ды перадавалі іх да наступнай станцыі, усё далей і далей, і вось урэшце, як вялізны цяжкі таварняк, гружаны жалезнаю рудою, сыгналы даходзілі да канчатковай станцыі — паяльскай тэлемачты на гары Юпука — і пераўтвараліся ды гарохам сыпаліся ў чорна-белыя тэлікі.

І тут мы бачым яго. Элвіса. Яшчэ да Нямеччыны, куды яго адправілі ў армію, на самым піку сваёй кар’еры, падцягнуты мужны юнак з крывою ўсьмешкаю, чорны блішчасты чуб і ногі, гнуткія, як ёршык для посуду. Бацька чмыхнуў і дэманстрацыйна сышоў у гараж. Маці засталася й рабіла выгляд, нібы вязала, але насамрэч не магла адарваць погляду ад гэтага потнага самца ў чорнай скураной куртцы. Сястра грызла ўвесь вечар свае чырвоныя пазногці й доўга яшчэ ляжала бяз сну, рыдаючы ў падушку. А я захацеў гітару.

Наступнага дня, вярнуўшыся са школы, я спусьціўся ў сутарэньне, дзе бацька зазвычай сталярнічаў, і выпілаваў з кавалку фанэры нешта накшталт гітары. Прыбіў да яе дошку як грыф. Замест струнаў нацягнуў гумкі. Ды прывязаў яшчэ вяроўку, каб павесіць гэтае стварэньне на плячо.

Адзіным месцам, дзе я пачуваўся спакойна, быў гараж. Я пракрадаўся туды, каб мяне ніхто ня бачыў, станавіўся, шырока расставіўшы ногі на бэтоннай падлозе, і акідваў поглядаў акіян гледачоў. Я чуў крыкі ды ўяўляў, як тысячы дзяўчат зь візгатам напіраюць на сцэну. Тады я пачынаў граць «Jailhouse Rock», які ведаў даўно на памяць дзякуючы сяструшынай пласьцінцы. Паспрабаваў павільваць задам. Адчуў, як музыка пачынае набухаць у мяне ўсярэдзіне, моцная й салёная. Тады я схапіў рулён туалетнай паперы, уявіўшы, што гэта мікрафон, і адкрыў рот. Пачаў сьпяваць. Але песьня была бяз гуку, бо я толькі варушыў вуснамі, акурат як на нашых музычных занятках у школе. Я грымасьнічаў пад музыку, якая гучала ў маёй галаве, адстукваў такт, падскокваў і з такою сілаю адбіваў акорды, што ад маёй фанэрнай гітары ішоў трэск.