Кир Булычев – Выкраданне чарадзея (страница 50)
Здаралася, праўда, што Аракульку ўсё ж заўважалі, і тады па знаку Магутнага Арла ў нішу пасылаўся адзін з шулёнкаў.
— Яго Недаступнасць, — гаварыў Зязюлі пасланец, — загадзаюць вашай асобе пакінуць залу і больш не паказвацца без асобнага распараджэння Яго Недаступнасці.
— Ку-ку! — адказвала Аракулька. — Прадбачу ў мурашніку дзён кармінавыя аблокі...
— Дык вы пакінеце залу ці не?!
— Кармінавыя аблокі з чатырох бакоў. Вецер сухі, сярэдні, паўднёва-ўсходні; тэмпература ўночы плюс два, днём мінус адзін...
Стражнік ляцеў да Старэйшага Сокала і дакладваў, што «Зязюля не хоча пакідаць залу і мармыча пра нейкія аблокі, мурашак і пахаладанне».
— Яна звар'яцела, ваша сцярвятніцтва!
Старэйшы Сокал нахіляўся да ўладара і шаптаў:
— Зязюля балбоча пра мурашак, Ваша Недаступнасць. Не інакш з глузду з'ехала.
— Гнаць вон, — моршчыўся Магутны Арол і адварочваўся.
А свята ўсё грымела.
Нарэшце, калі госці стамляліся, музыкі знясільваліся, паэты хрыпелі, Пэ-Пэ выдыхаўся, Цецярук напіваўся, а Прыгожая Галубка пачынала пазяхаць, прыступалі да чытання новых Улажэнняў. Строгі Сарыч разгортваў жоўты скрутак, і пад скляпенні залы ўзлятаў яго звонкі, чысты голас.
— «Імем Яго Недаступнасці Адзінага Вялікага Магутнага Арла, Аквілы Рэгіі Інвіктуса Максімуса Юстуса з гэтага дня і назаўсёды загадаць...»
У гэту хвіліну станавілася ціха на зямлі і на небе — нават вецер супакойваўся, нават рэкі запавольвалі свой бег, нават пракляты дзікі кот, які нічога на свеце не разумее, заміраў дзе-небудзь у шчыліне, і страх скоўваў яго члены. Госці і прыдворныя стаялі з выцягнутымі шыямі, не маючы права паварухнуцца ні адзіным пёркам, не міргаючы і не дыхаючы.
— «Упамінанне імя Яго Недаступнасці скорагаворкай, або невыразна разглядаць як абгавор з адпаведнымі адсюль вывадамі...»
— «Разважанні пра справы і Ўлажэнні Яго Недаступнасці ў неадпаведным месцы і кепскім настроі лічыць нядбалым легкадумствам з усімі выцякаючымі вынікамі...»
— «За руплівасць і стараннасць на службе Яго Сцярвятніцтва Старэйшага Сокала надзяліць асаблівай увагай і ў далейшым называць «яго высокасцярвятніцтва Старэйшы Сокал Магніфікус Альціволанс...»[30]
Бывалі і іншыя Ўлажэнні — іх назапасілася вельмі многа, і ўсе яны выдаваліся на жоўтых скрутках, якія потым захоўваліся ў Стальным Куфры Галоўнай Канцылярыі.
Пасля прачытання Ўлажэнняў чулася гучнае ўхвальнае клекатанне, і госці пачыналі разыходзіцца. Як толькі адыходзіў апошні, Магутны Арол саскокваў з трона і пад крыло з Прыгожай Галубкай ішоў у спальню. Дзяўчаты-сойкі разыходзіліся па залах, змешваліся з кавалерамі-папугаямі і вялі свабодны лад жыцця, адпачываючы ад нялёгкіх абавязкаў фрэйлін.
Вечарам Магутны Арол часцей за ўсё раіўся са Строгім Сарычом і старшынямі канцылярый, а глыбокай ноччу — зноў з Ціхім Дзятлам. Потым ён ішоў у свае пакоі, і ў замку запаноўвала цішыня.
14
Часам у бурную непагадзь, калі цемру асвятлялі маланкі і грукатала неба, нібы абвальваліся скалы, Магутнаму Арлу рабілася тужліва і адзінока ў вялізарным замку сярод прывычных асоб. Ён адмяняў справы і вясёлыя відовішчы, садзіўся ў царскую нішу ў адной з верхніх вежаў і так сядзеў пры свячы адзін, задумліва ўглядаючыся ў навальнічную ноч. Нават Старэйшага Сокала не было побач — ён стаяў за дзвярыма, бо ў такія хвіліны ніхто не павінен бачыць уладара.
Ён углядаўся ў ноч, і хісткія думкі праносіліся ў яго галаве. «Чаго я дасягнуў? — думаў Магутны Арол. — Да чаго прыйшоў? А ці ўсё гэта, што магчыма смертнаму? А калі гэта ўсё, дык чаму турбуюць думкі? Я маю ўсё, што можна мець, няма каму са мной мерацца ні сілай, ні славай, ні багаццем, я наймагутны, і воля мая свабодная, і няма перашкодаў для яе. Нават для вады ёсць перашкода — сонца, нават для ветру — скалы, нават для святла — самая маленькая рэч на яго шляху. А для маёй волі няма перашкодаў. У мяне няма ворагаў, у мяне няма і сяброў — мой розум вышэйшы за дружбу або нянавісць. Дык што ж вярэдзіць душу, што перашкаджае піць асалоду з зямных радасцяў?»
Так разважаў Магутны Арол, а вецер ірваў і трапаў полымя свечкі, і ў нішы мітусіліся чорныя цені.
— Сокал!
Вокамгненна той быў побач.
— Сорак шулёнкаў.
— Ёсць, Ваша Недаступнасць!
Ад'ютант не цікавіўся задумай пана, не стрымліваў ад начнога мерапрыемства, не думаў пра яго вынікі — ён выконваў, бо выконваць было вышэйшай патрэбнасцю яго духу, самай салодкай яго ежай.
На халодным ветры на самай высокай вежы збіраліся шулёнкі. Яны спрасонку азіраліся, курчыліся і нервова варушылі крыламі, бо іх чакала штось таямнічае.
— Ты застанешся тут, — сказаў Магутны Арол Сокалу.
— Ёсць! — адклікнуўся той, прызначыў камандзіра атрада і рэціраваўся.
І чарада кідалася ў цемру.
Шулёнкі прыціскаліся да самай зямлі, іх строй раз-пораз парушаўся ветрам, але яны яго адразу ж аднаўлялі пад кіраўніцтвам свайго камандзіра, і палёт працягваўся. Ніхто не ведаў, куды іх вёў уладар, — вядома было адно: з такіх палётаў ніхто не вяртаўся.
А Магутны Арол ляцеў уверсе. Ён грудзьмі ўразаўся ў вецер, рассякаў яго крыламі — яму падабалася гэта барацьба.
Яны прыляцелі на бераг мора, дзе шум і грукат дасягалі такой сілы, што здавалася, нібы трэскаецца неба.
— Дваццаць — убок! — камандаваў Магутны Арол, і дваццаць шулёнкаў адляцелі і схаваліся пад скалой. Тут было ціха, і, збіўшыся ў гурт, яны чакалі наступнага загаду і адпачывалі. А тым, хто застаўся на беразе, загадалі капаць; крыламі і кіпцюрамі яны ўзяліся рыць пясок. Вецер валіў з ног, дождж сек па вачах, пярун аглушаў, і маланкі асляплялі, а мора, коцячы чарговы вал, разбурала краі ямы, і ўсё трэба было пачынаць спачатку. Шулёнкі выстраіліся перад ямай жывой сцяной: частка стрымлівала целамі націск мора, другая частка працягвала капаць.
Магутны Арол стаяў збоку і чакаў. Калі шулёнкі закопваліся на дастатковую глыбіню, ён камандаваў: «Адставіць», і тыя зноў выстройваліся перад уладаром, які загадваў:
— Цяпер вы павінны памерці. Такая мая воля.
— Ёсць, Ваша Недаступнасць! — адказаў дружны хор. І тут жа камандзір, як самы адданы, зрабіў над сабой намаганне і зваліўся мёртвы. Яго прыклад пераймалі іншыя, а тых, хто не валодаў такой уладай над сабой, магутны Арол біў дзюбай у галаву, і яны клаліся побач з таварышамі. Потым ён скінуў іх целы ў мора і саскочыў у яму. Яму заставалася саскрэбці толькі невялічкі слой, і ноч азаралася белым дрыготкім святлом — на дне ямы ляжаў зіхатлівы Плацінавы Абруч. Магутны Арол доўга сядзеў каля яго, ахоплены пакутлівым хваляваннем, і засяроджана перабіраў у памяці, чаго б яшчэ папрасіць; магутнасць, смеласць, непаражальнасць, багацце — усё было ўжо даўно дадзена, і прыдумаць новую просьбу не хапала фантазіі, а паўтарацца нельга было: Плацінавы Абруч двойчы не выконваў таго самага або падобнага жадання.
— Сілы! — шаптаў Магутны Арол, дакранаючыся да халоднага металу. — Зоркасці!.. Упэўненасці!.. Моцы крылаў!..
Але Абруч ніяк не адклікаўся — не было ў яго бляску таго характэрнага напружання і іскрэння, якія б сведчылі, што просьба прынята і выканана. І Магутны Арол разумеў — прыляцеў сюды дарэмна.
Прыгнецены і стомлены, ён закідваў Абруч пяском, каб святло не пранікала наверх, потым выбраўся з ямы і грозна загадаў:
— Да мяне!
І шулёнкі, што засталіся, умомант былі перад ім; яны не пыталіся, куды падзеліся іх таварышы, — пытацца было парушэннем Улажэння і, значыць, злачынствам.
— Закапаць.
Такая работа звычайна заканчвалася за некалькі хвілін.
— А цяпер вы павінны памерці. Такая мая воля.
— Ёсць, Ваша Недаступнасць! — пачуўся дружны адказ.
Магутны Арол застаўся адзін, узняўся ў паветра і, не зважаючы на непагадзь, кружыўся над гэтым месцам. Бура ўрэшце ўлягалася, гром аддаляўся, вецер супакойваўся. Мора паступова залізвала сляды працы; вось ужо зусім гладкі пясок, вось хвалі перакочваюцца цераз мелізну і дасягаюць скалы, дзе нядаўна хаваліся шулёнкі, а далёка на ўсходзе пачынае матавым адценнем свяціцца неба. Ідзе прыліў...
Варта заўважыць, што Магутны Арол усё радзей наведваў сваё патаемнае сховішча. «Гэта мая начная туга ў бурлівае надвор'е — ад хвалявання стыхій у прыродзе, як правільна тлумачыць Гэ-Гэ, — разважаў ён. — Бо я — увасабленне прыроды. Чаго мне лятаць туды? Калі мая галава не здольная прыдумаць новага жадання, дык, значыцца, і няма больш таго, чым я валодаю, і не трэба большага жадаць». А акрамя таго, ён у пэўнай меры зайздросціў Плацінаваму Абручу: «Я ж магу і сам зрабіць тое, што захачу ці што будзе неабходна, я — Аквіла Рэгія, непераможны і найвялікшы, — інакш што ж я за «непераможны і найвялікшы», калі толькі і прашу дапамогі ў нейкага абруча?»
Баяўся ён таксама, што можа стацца: раптам цудам уцалее нехта з шулёнкаў, і тады... Цяжка было ўявіць, што будзе тады...
15
Бяссонніца прыходзіла часам і ў спакойныя ночы, часцей у бязмесячную ціхую пагоду, калі па зямлі разлівалася цёплая млявасць і свет шчасліва заміраў, быццам упіваючыся сваёй бязмежнасцю і дасканаласцю, і зоркі гарэлі асабліва блізка і ярка. Магутны Арол запіраўся ў адным з самых аддаленых пакояў і сюды-туды крочыў там у адзіноце, знемагаючы ад хворых дум і незразумелых жаданняў. У гэтыя хвіліны ён ужо не лічыў, што з'яўляецца ўвасабленнем прыроды, а дасціпнасці і мудрагельства Гэ-Гэ здаваліся яму пустой балбатнёй. І вось, калі туга ўжо пагражала перайсці ў роспач, ён выклікаў Аракульку, і яны гутарылі.