18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Ги Мопассан – Навелы (страница 67)

18

Стары сядзеў на ложку, асалавелы, з доўгімі сівымі валасамі, звіслымі на твар.

Яго палова і абурана, і замілавана глядзела на яго.

— Ну, гляньце, хіба ён не прыгожы на свае гады? — зноў загаварыла яна. — Дык не, трэба строіць з сябе блазна, каб людзі думалі, што ён яшчэ малады. Гора дый годзе! А праўда, ён харошанькі, пане? Адну хвілінку, зараз убачыце, пакуль ён не лёг.

Яна падышла да стала, дзе месціліся тазік, збан з вадою, грэбень і шчотка, узяла шчотку, вярнулася да ложка, адкінула ўгору зблытаныя кудлы п'янага мужа — і вось ужо яны, як на мадэлі мастака, буйнымі кучарамі леглі на патыліцу. Старая адступіла на крок і залюбавалася:

— Праўда, ён харошанькі на свае гады?

— Вельмі, — пацвердзіў доктар, якога ўсё гэта пачынала дужа забаўляць.

— А каб вы толькі бачылі, які ён быў дваццаціпяцігадовы! — дадала яна. — Але ж трэба хутчэй укласці яго, пакуль тая гарэліца не вывернула вантробаў. Калі ласка, пане, памажыце сцягнуць рукаў... трохі вышэй... во гэтак... добра... цяпер штаны... пачакайце, я зараз скіну чаравікі... Ну вось і ўсё. А цяпер пастаўце яго на ногі і хвіліначку патрымайце, пакуль я рассцялю пасцель... вось так... цяпер паложым... Вы, можа, думаеце, што зараз ён пасунецца, каб і мне было дзе легчы? То дзіва. Мне ўжо трэба шукаць сабе месца абы-дзе. Гэта ўжо яго зусім не цікавіць. Ну, спі, гулёна!

Як толькі стары адчуў, што ляжыць у пасцелі, ён адразу ж заплюшчыў вочы, потым расплюшчыў, заплюшчыў зноў, і на ўсім яго здаволеным абліччы вымаляваўся рашучы намер спаць.

Доктар разглядваў яго з растучай зацікаўленасцю.

— Значыць, ён ходзіць на маскарады, каб прыкідвацца там юнаком? — перапытаў ен.

— Ніводнага не прамінае, пане, а раніцаю вяртаецца ў такім стане, што і ўявіць немагчыма. А ўсё ад роспачы! І ляцець туды ён мусіць, і на свой твар гэтую кардонку напінаць мусіць. Ад роспачы, што ён ужо не той, які быў, і што ўжо не карыстаецца поспехам, як некалі!

Стары цяпер ужо спаў і нават пачынаў пахропваць. Яна са шкадаваннем глядзела на яго і прадаўжала:

— О, а поспехам ён карыстаўся, гэты чалавек! Такім, што і не падумаў бы, пане! Большым, чым усе на свеце прыгажуны, спевакі ды генералы!

— Няўжо? Чым жа ён займаўся?

— О, вас гэта, канешне, можа здзівіць, тым болей што вы не былі знаёмыя з ім у яго маладосці. Мы ўпершыню сустрэліся таксама на балі, ён адвеку любіў іх. Калі я першы раз убачыла яго, адразу зразумела: ну ўсё, хана мне, як рыбцы на гачку. Ах, які ён быў прыгожы, пане, да таго прыгожы, што плакаць хацелася, гледзячы на яго смуглявыя такія валасы, чорныя як смоль, кучаравыя-кучаравыя, а вочы таксама чорныя і вялізныя — бы вокны! Дзівосны хлопец! Ён у той жа вечар павёў мяне з сабою, і я засталася з ім назаўжды, ніколі і на дзянёк не кінула, нягледзячы ні на што! А колькі ўсяго перажыць давялося!..

— Вы павянчаліся? — запытаўся доктар.

— Канешне, пане, інакш ён і мяне кінуў бы, як іншых кідаў, — проста адказала яна. — Я была яму і жонка, і служанка, і — усім, усім, кім ён толькі хацеў... Колькі слёз я праліла з-за яго. Але пры ім я век бы не заплакала!.. Ён мне расказваў пра ўсе свае прыгоды, разумееце, пане?.. Мне, мне... Да яго проста не даходзіла, як балюча мне было ўсё гэта слухаць...

— Ды чым жа ён урэшце займаўся, што рабіў?

— Ой, праўда!.. Я і забылася сказаць. Ён быў першы Мартэлеў падручны — другога такога на ўсім свеце не было... Сапраўдны мастак, зарабляў па дзесятку франкаў за гадзіну...

— Мартэль? Хто такі Мартэль?

— Цырульнік, пане, знакаміты цырульнік оперы, у яго прычэсваліся ўсе актрысы. Усе-ўсенькія, нават самыя шыкоўныя жадалі, каб прычоску рабіў ім Амбруаз, а потым адвальвалі яму такія чаявыя, што ён стаў страшэнна багаты. Ах, пане, усе жанчыны з аднаго цеста, праўда-праўда. Калі яны ўжо ўпадабаюць сабе мужчыну, дык ідуць на ўсё... Так проста зразумець усё гэта і так цяжка... Бо ён расказваў мне ўсё... Ён проста не мог змаўчаць... Не мог — і ўсё тут. Гэта ж такая асалода мужчынам! А пасля яшчэ і расказаць каму-небудзь пра гэта — дык, можа, нават яшчэ большая асалода!

Калі ён вечарам вяртаўся дахаты, трохі бляднейшы, чым звычайна, такі самазадаволены, вясёлы, я адразу ж думала: «Ну вось, яшчэ адна. Напэўна яшчэ адну падчапіў». Мяне апаноўвала жаданне выпытаць у яго ўсё, ажно сэрца папялела ад гэтага жадання, але было і другое: не ведаць нічога, не даць яму гаварыць пра гэта, калі пачне. І мы толькі паглядвалі адно на адно.

Я добра ведала, што ён не вытрывае, не абыдзе гэтага. Я бачыла гэта па ім, такі ён быў смешны ў сваім намаганні, каб я сама ўсё зразумела. «Я такі ўсцешаны сёння, Мадлен!» — гаварыла ўсё яго аблічча. Я прыкідвалася, што нічога не заўважаю, не здагадваюся; я ставіла на стол вячэру, сядала насупраць яго...

У такія хвіліны мне здавалася, што ў маю душу ляцяць камяні і разбіваюць маю любоў да яго. Так балюча было мне, пане, страшэнна. А яму і не ў галаве было, ён і не здагадваўся; яму трэба было падзяліцца з кім-небудзь, пахваліцца, паказаць, як усе падаюць за ім... А дзяліцца не было з кім, адна я была ў яго, адна я... Вось і... Мусіла выслухоўваць, мусіла каўтаць усё, як атруту...

Ён браўся вячэраць, а потым казаў:

— У мяне новенькая, Мадлен.

А я думала: «Значыць, праўда. Божа мой, што за чалавек?! І навошта толькі я яго спаткала?!»

А ён прадаўжаў:

— Новенькая і — дужа прывабненькая...

І гэта была якая-небудзь актрысачка з вадэвіля ці з вар'етэ, а потым пайшлі і важнейшыя, і самыя знакамітыя пані. Ён называў мне іхнія імёны, абмалёўваў іх спальні і ўсё іншае, усё дарэшты, пане... Такія драбніцы, што як толькі трывала маё сэрца. А ён перабіраў іх, зноў і зноў прыгадваў усё ад пачатку да канца, і гэтакі быў усцешаны, што я мусіла смяяцца, каб ён не зазлаваўся на мяне.

Можа, не ўсё там было праўда! Ён так любіў павыхваляцца, што мог і навыдумляць усё! А можа, і праўда ўсё! Бо выгляд у яго тады быў стомлены, пасля вячэры ён адразу ішоў спаць. Вячэралі мы позна, пане, каля адзінаццаці, бо ён ніколі не вяртаўся раней: вечарамі ў цырульні асабліва шмат работы было.

Выгаварыўшыся, ён закурваў, пахаджаў туды-сюды па пакоі, і гэтакі прыгожы быў са сваімі вусамі ды кучарамі, што я думала: «Канешне, усё гэта праўда, што ён расказвае. Калі страціла галаву я ад гэтага мужчыны, дык чаму яшчэ нехта не можа вар'яцець праз яго?» Пакуль ён курыў, я прыбірала са стала і ледзьве стрымлівалася, каб не загаласіць, залямантаваць, збегчы адсюль, выкінуцца праз акно!.. А ён шырока пазяхаў, каб паказаць мне, які ён стомлены, і потым, калі ўжо клаўся спаць, усё прыгаворваў: «Ну і спаць буду сёння — як забіты!»

Я не дакараю яго, ён жа зусім не ведаў, як ён мяне мучыў! Ды і не павінен быў гэтага ведаць! Ён гэтак любіў выхваляцца сваімі перамогамі над жанчынамі, бы паўлін — хвастом сваім. Ён шчыра верыў, што ўсе любуюцца з яго і ўсе прагнуць яго.

Яшчэ нясцерпней стала, калі ён пастарэў.

Ах, пане, калі я першы раз заўважыла ў яго сівы волас, я ледзьве не самлела ад страху! А потым мяне ахапіла такая радасць — подлая, але такая вялізная, бязмежная радасць! «Вось і ўсё, — падумала я, — вось і ўсё!..» Мяне быццам з турмы выпусцілі! Нарэшце ён будзе толькі мой, бо другім ён будзе ўжо не патрэбен!

Тым ранкам я прачнулася першая. Ён яшчэ спаў, і я нахілілася, каб пабудзіць яго пацалункам, і раптам заўважыла ў яго кучарах на скроні маленькую нітачку, якая зіхацела, як серабро. А Божачкі! Быць не можа! Мне і ў галаву не прыходзіла, што такое быць можа! Спачатку я хацела вырваць яе, каб ён і не бачыў, але, калі прыгледзелася, вышэй заўважыла яшчэ адну. Сівыя валасы! Ён ужо сівее! Сэрца маё калацілася, ажно ў пот кінула ад страху, але ў глыбіні душы я вельмі, вельмі цешылася!

Нягожыя былі мае думкі, праўда, але тады я з радасцю займалася сваімі хатнімі справамі, яго не будзіла. Калі ж ён сам расплюшчыў вочы, я сказала:

— Ведаеш, што я выявіла, пакуль ты спаў?

— Што?

— Што ў цябе ўжо ёсць сівыя валасы.

Яго ажно падкінула на ложку ад прыкрасці, ён усхапіўся, быццам яго ўшчыкнулі, і злосна крыкнуў:

— Няпраўда!

— Праўда. На левай скроні. Чатыры валаскі.

Ён ускочыў з пасцелі і падбег да люстэрка. Глядзіць, шукае, а не знаходзіць. Тады я паказала яму той валасок, што быў найніжэй, тоненькую такую завітушку, і заўважыла:

— Пры такім жыцці, як у цябе, гэта і не дзіва. Гады праз два будзеш белы як лунь.

І што ж вы думаеце, пане? Як у ваду глядзела. Праз два гады яго нельга было пазнаць. Як хутка жыццё мяняе чалавека! Ён быў яшчэ прыгожы дзяцюк, але колішняй свежасці ўжо не было, і жанчыны сталі астываць да яго. Ах, што я толькі не зажыла ў тыя гады!.. Які жорсткі быў ён са мною!.. І тое яму не гэтак, і гэта не так... Пакінуў сваю цырульню, узяўся капелюхі рабіць, ды ўсе грошы на гэтым і прамантачыў. Потым яму зарупіла стаць акторам — нічога з гэтага, вядома, не выйшла. А пасля зачасціў на ўсялякія гулянні. Добра, што хапіла розуму хоць трохі зберагчы грошай, на іх і жывём цяпер. Не дужа разгонішся, вядома, але на пражытак хапае. А гэта ж падумаць толькі, што некалі ён быў амаль багацеем!

Цяпер самі бачыце, што з ім сталася. Як утрапенец нейкі. Мусіць, годзе быць маладым, танцаваць з жанчынамі ў парфумах ды памадах. Ах ты, бедны мой дзядулька!

Расхваляваная, са слязьмі на вачах глядзела яна на свайго сівага мужа, які ўжо моцна хроп. Потым ціха наблізілася да яго і пацалавала ў галаву. Доктар устаў і моўчкі падаўся да выхаду: не мелася слоў перад абліччам гэтых дзіўных старых.