18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Ги Мопассан – Навелы (страница 48)

18

Свяшчэннік — магутны мужчына, шыракаплечы, бухматы, ружовы і прыязны — ступіў наперад. Ён падхапіў сутану, каб не блыталася ў нагах — гэтак жанчыны падымаюць падолы сваіх спадніц, — і залез у калымагу.

— Настаўнік з Ральбоск-ле-Трынэ. Замітусіўся цыбаты, сарамлівы, у рэдынгоце да каленяў дзяцюк і таксама знік у чэраве дыліжанса.

— Васпан Пуарэ, два месцы.

Рушыў высокі, ссутулены, згарбачаны плугам і выпетраны ашчаднасцю, кашчавы, з лускаватаю скураю Пуарэ. За ім пацягнулася жонка, маленькая і худая, падобная на змардаваную ведзьмачку, з вялізным зялёным парасонам у руках.

— Васпан Рабо, два месцы.

Сарамлівы ад роду Рабо нерашуча патаптаўся на месцы.

— Гэта ты мяне клічаш? — перапытаў ён.

Толькі фурман, якога людзі празвалі «Выскалякам», хацеў адказаць грубаватым жартам, як тут Рабо потырч кульнуўся да расчыненых дзверцаў ад моцнага жончынага тумака — тумака гром-бабы з вялізным, круглым, як бочка, жыватом і шырознымі, як пранікі, ручышчамі.

І Рабо, нібы пацук у нару, шмыгнуў у карэту.

— Васпан Каніво.

Пад здаравенным селянінам, які, пэўна, важыў болей за быка, ажно аселі рысоры, і вось ужо і ён апынуўся ў жоўтай фуры.

— Васпан Бэлём.

Падышоў сухарэбры Бэлём; галава ў яго была схілена набок, ён з гаротным выглядам туліў да вуха насоўку, быццам яго мучыў моцны боль зубоў.

Усе пасажыры былі ў сініх блузах паўзверх дзівакаватых старадаўніх світак з чорнага альбо зеленаватага сукна — святочных строях, у якіх сяляне пакажуцца толькі на вуліцах Гаўра; на галаве ў кожнага вежай узвышалася шаўковая каскетка — вяршыня элегантнасці ў нармандскай вёсцы.

Сезэр Арлавіль зачыніў дзверцы ў будзе, ускараскаўся на сваё сядзенне і ляснуў пугай.

Канякі толькі матлянулі галовамі, і глуха зазвінелі шамкі.

Тады фурман на ўсё горла нокнуў і наводмаш сцебануў па конях. Яны занепакоіліся, тузануліся і няроўным, няспешным трушком рушылі ў дарогу. А ззаду, калоцячыся ўсімі расхістанымі шыбкамі ды рысорным жалеззем, з жахлівым бляшана-шкляным грукатам закалывалася карэта, і абодва рады пасажыраў, раскалыханыя, нібы хвалі, заматляліся то ў адзін, то ў другі бок.

Напачатку ўсе маўчалі — з павагі да кюрэ, прысутнасць якога стрымлівала выліванне пачуццяў. Чалавек гаваркі і свойскі, ён першы падаў голас.

— Ну, як вы маецеся, васпан Каніво?

Волат-падарожны, якога прыемна лучыла з царкоўным служкам аднолькавасць росту, плячэй і жывата, адказаў з усмешкай:

— Памаленьку, пане ойча, памаленьку. А як вы?

— Ды ў мяне заўсёды ўсё добра.

— А вашы справы як, васпан Пуарэ? — пацікавіўся абат.

— Ат, у мяне — як у мяне. Рапс ніяк не ўрадзіў сёлета, дык трэба неяк выкручвацца.

— Што зробіш, часы цяжкія.

— А ўжо ж пэўна што нялёгкія, — пацвердзіў жандарскі голас пышнацелай паловы васпана Рабо.

Яна была родам з суседняга сяла, і кюрэ ведаў яе толькі па імені.

— Гэта вы, Блёндэль? — папытаўся ён.

— Ага. Я. Замужам вось за Рабо.

Нядошлы, затурканы, але задаволены Рабо з усмешкай павітаўся з кюрэ, у глыбокім паклоне перагнуўся ўперад, быццам кажучы: «Гэта я-Рабо, гэта я ажаніўся з Блёндэль».

Раптам васпан Бэлём, які ўсё затуляў насоўкай вуха, жаласна застагнаў. І пры кожным сваім «вой... м-м... ммм...» ён ажно прытупваў нагою ад нясцерпнай пакуты.

— У вас баляць зубы? — паспачуваў кюрэ.

Селянін на момант перастаў стагнаць і адказаў:

— Ды не... пане ойча... Не зубы... Нешта ў вуху, там... глыбока...

— Што ж там такое ў вашым вуху? Скула?

— Ды не ведаю... Мо скула, мо не скула. Але, далібог, туды залез нейкі страшны звер, калі я спаў на сене,

— Звер? Вы ў гэта верыце?

— Дзіва што! Як у існаванне раю веру, пане ойча! Я ж чую, як ён шалпочацца там, у вуху. Ён грызе мне галаву, далібожачкі, грызе галаву! Вох, ммм... ммм... ммм... — і Бэлём зноў затупаў нагою.

Гэта падзея надзвычай зацікавіла пасажыраў. Кожны меркаваў па-свойму. Пуарэ сцвярджаў, што ў вуху павук, настаўнік — што вусень. Ён бачыў ужо нешта падобнае ў Кампмюрэ, у дэпартаменце Орн, дзе пранастаўнічаў шэсць гадоў; дык там вусень запоўз у вуха і выпаўз цераз нос. Але чалавек аглух на адно вуха, бо вусень прадзіравіў барабанную перапонку.

— Хутчэй за ўсё гэта чарвяк, — падагуліў кюрэ.

Васпан Бэлём, адкінуўшы галаву набок і прыпёршыся да дзверцаў — ён залез у дыліжанс апошні, — стагнаў:

— Вой! Ммм... ммм... ммм... Па-мойму, там мурашка, вялізная мурашка... Вой, як кусае!.. Во, во, пане ойча, шавеліцца, рынулася... Вох! Ммм... ммм... ммм... Горачка маё!..

— Ну, а ў доктара ты быў? — папытаўся Каніво.

— Вядома, не!

— А чаму?

Ад страху перад доктарам Бэлёму ажно палягчэла. Ён выпрастаўся, праўда, насоўку ад вуха так і не адняў.

— Чаму! Сам плаці гэтым лайдакам, як у цябе лішнія грошы завяліся! Хіба ён парадзіць табе за раз? Не, пайдзі да яго і раз, і два, і тры, і чатыры, і пяць разоў! А гэта ж цэлыя два экю па сто су, цэлыя два экю, не меней!.. Дый што б ён зрабіў мне, лайдак той, што б ён зрабіў мне, га? Ну от скажы!

Каніво засмяяўся:

— Не ведаю. А куды ж ты едзеш?

— У Гаўр, да Шамбралана.

— Да якога Шамбралана?

— Ды да лекара.

— Да якога лекара?

— Каторы вылечыў майго бацьку.

— Твайго бацьку?

— Ну. Даўно ўжо.

— А што ж з ім такое было, з тваім бацькам?

— Сярэдзіну адняло, і варухнуць нагою не мог.

— І як жа яго вылечыў Шамбралан?

— А штомоцы скусаў яму спіну — як цеста мясіў, аберуч! І што ты думаеш? Праз гадзіну-другую ўсё як рукой зняло!

Бэлём прыгадаў, што Шамбралан у дадатак яшчэ і шаптаў нешта, але ў прысутнасці святара не пасмеў сказаць пра гэта.

Каніво са смехам прадаўжаў:

— То, можа, трусяня якое залезла табе ў вуха? Убачыла зараслі дый падумала, што гэта яго нара! От чакай, зараз я вытуру яго адтуль.

Каніво склаў трубкай рукі і ўзяўся падрабляць галасы гончых сабак на паляванні. Што ён толькі ні вырабляў: і якацеў, і рыкаў, і вішчаў, і брахаў! Усе пасажыры ажно клаліся ад рогату, смяяўся нават вечна сур'ёзны настаўнік.

Але Бэлёма злавала, што з яго пацвельваюцца, і кюрэ тактоўна павярнуў размову. Ён абярнуўся да таўстухі Рабо і папытаўся: