Ги Мопассан – Навелы (страница 12)
— О! Вы зрабілі гэта... дзеля мяне. Раскажыце... раскажыце мне ўсё.
Што было рабіць, я сам сябе загнаў у пастку. Тады я прыдумаў неверагодную цікавую гісторыю. Я даў вартаўніку сто франкаў, каб аднаму аглядзець царкву, раку рамантавалі, але я трапіў якраз у пярэрву, таму рабочых і прычта не было, я прыпадняў века, якое пасля гэтак жа акуратна зачыніў, і выхапіў маленькую (о! маленькую-маленькую) костачку з гары мошчаў (тут я назваў нейкую лічбу, уявіўшы, колькі атрымаецца касцей ад шкілетаў адзінаццаці тысяч нявінніц). Пасля схадзіў да злотніка і купіў аправу, вартую такой рэліквіі.
Я не пасаромеўся сказаць, што медальен каштаваў мне пяцьсот франкаў.
Але на гэта яна і ўвагі не звярнула, яна трапятліва, у экстазе слухала мяне. Яна прашаптала: «Я вас кахаю» — і ўпала мне на рукі.
Заўваж: дзеля яе я пайшоў на блюзнерства. Я ўкраў, учыніў гвалт над царквою, парушыў раку, збэсціў і ўкраў святыя мошчы. За гэта яна кахала мяне, лічыла ласкавым, дасканалым, боскім. У гэтым — жанчына, дарагі абат, сутнасць жанчыны.
Два месяцы я быў сама мілы сярод усіх жаніхоў на свеце. Яна наладзіла ў сваім пакоі нешта накшталт раскошнай каплічкі і берагла ў ёй гэтую костачку, праз якую, верыла яна, я здзейсніў сваё дзіўнае любоўнае злачынства. Раніцай і перад сном яна кленчыла перад ёю.
Я папрасіў яе берагчы тайну, бо баяўся, гаварыў я, што мяне арыштуюць, пакараюць, аддадуць у Нямеччыну. Яна стрымала слова.
І от, на пачатку лета, ёй заманулася ўбачыць месца майго подзвігу. Яна так настойліва маліла свайго бацьку (тоячы патаемную мэту), што ён звазіў яе ў Кёльн і ні слова мне пра гэтую вандроўку не сказаў, бо так прасіла дачка.
Не трэба казаць, што царкву ўсярэдзіне я не бачыў. Я не ведаю, дзе пахаванне (ці ёсць яно ўвогуле?) адзінаццаці тысяч нявінніц. Падобна на тое, што да яго не падступіцца. Што ж!
Праз тыдзень я атрымаў цыдулку на дзесяць радкоў, якая вяртала маё слова, крыху пасля — тлумачальны ліст ад бацькі з запозненымі спачуваннямі.
Убачыўшы раку, яна адразу зразумела мой падман і штукарства, а таксама маю сапраўдную бязвіннасць. Калі яна спыталася ў вартаўніка, ці не ўчыніў тут хто якога крадзяжу, ён засмяяўся і ўтлумачыў, што гэта немагчыма.
І з таго часу, калі мая мілая, светлавалосая нявеста даведалася, што я не кратаў святыні і не корпаўся паганай рукой у пашаноўных рэштках, я стаў няварты яе кахання.
Мне забаранілі бываць у яе дома. Дарэмна я прасіў і маліў, нішто не кранула сэрца прыгожай багамольніцы.
Я захварэў ад тугі.
І вось на тым тыдні ваша сваячка пані д'Арвіль запрасіла мяне ў госці.
Вось што трэба зрабіць, каб мне даравалі. Я мушу прывезці сапраўдныя, аўтэнтычныя мошчы нявінніцы альбо якога-небудзь пакутніка, завераныя пячаткаю Папы.
Я вар'яцею ў адчаі і журбе.
Калі трэба, я паеду ў Рым. Але я не магу раптам заявіцца да Папы і расказаць сваю бязглуздую гісторыю. Дый мне нешта не верыцца, каб там розным прыватным асобам раздавалі сапраўдныя мошчы.
Ці не мог бы ты даць мне рэкамендацыю да якога-небудзь кардынала ці хоць бы да нейкага французскага біскупа, хто мае рэшткі святых? Можа, у тваіх зборах знойдзецца якая каштоўная і патрэбная мне рэч?
Ратуй мяне, дарагі абаце, я клянуся, што гадоў праз дзесяць паверу ў Бога.
Пані д'Арвіль лічыць, што справа сур'ёзная, і яна сказала мне: «Бядачка Жыльберта ніколі не пойдзе замуж».
Мілы сябра, няўжо ты дапусціш, каб твая пляменніца памерла ахвярай няўдалага круцельства? Малю цябе: зрабі, каб яна не стала адзінаццаць тысяч першай нявінніцай.
Даруй, хоць я не варты таго, але абдымаю і шчыра люблю.
Твой даўні сябар,
Анры Фанталь».
Месячнае святло
Абат Марыньян цалкам адпавядаў свайму ваяўнічаму прозвішчу. Гэта быў высокі і худы святар, трохі фанатычны, гарачлівы, але заўсёды шчыры. Яго перакананні былі цвёрдыя, непахісныя. Яму здавалася, што ён дасканала ведае свайго бога, разумее яго наканаванні, жаданні, намеры.
Часамі, калі ён гуляў у прысадах каля сваёй маленькай плябаніі, у яго ўзнікала пытанне: «Навошта Бог стварыў усё гэта?» Ён пачынаў настойліва шукаць адказу, ставячы сябе ў думках на месца Бога, і амаль заўсёды знаходзіў. Ніколі б ён не прашаптаў у парыве пабожнай пакорнасці: «О, Божа, неспазнаныя шляхі твае!» Ён казаў сабе: «Я слуга Бога, я павінен ведаць, чым ён кіруецца ў сваіх дзеях, а калі я гэтага не ведаю, дык павінен здагадацца сам».
Яму здавалася, што ўсё ў прыродзе створана з дасканалай і вартай захаплення логікай. Усе «чаму» і «таму што» заўсёды ўраўнаважваліся. Світанні існавалі на тое, каб прыемна было прачынацца, дні — каб спела збажына, дажджы — каб паліваць яе, вечары — каб рыхтавацца да сну, а цёмныя ночы — каб спаць.
Чатыры пары года дасканала адпавядалі ўсім сельскагаспадарчым патрэбам, і святару ніколі не прыйшла б у галаву думка, што прырода не мае ніякіх намераў і што, наадварот, усё жывое навокал падладжваецца да суровых патрэб часу, кліматычных умоў, матэрыяльнага жыцця.
Але... ён ненавідзеў жанчын, ненавідзеў несвядома і інстынктыўна імі пагарджаў. Ён часта паўтараў словы Хрыста: «Што мне і табе, жанчына?» — і дадаваў:
«Здаецца, Бог сам быў незадаволены гэтым сваім стварэннем». Жанчына была яму «дванаццаць раз заганнае дзіця», як сказаў паэт. Яна была той спакусніцай, што звяла першага мужчыну. Гэтая слабая і невядома чаму вабная істота і дагэтуль вяла сваю агідную дзейнасць. І ён ненавідзеў жаночую душу, здольную кахаць, нават больш, чым жаночае цела, асуджанае на пагібель.
Часта ён адчуваў на сабе пяшчоту, што ішла ад іх, і хоць ён верыў у сваю непахіснасць, яго бязмерна злавала гэтая патрэба кахаць, якая заўсёды ў іх хавалася.
На яго думку, Бог стварыў жанчыну толькі на тое, каб спакушаць мужчыну і ўсяляк выпрабоўваць яго. Набліжацца да яе можна было толькі з незвычайнай асцярогай, каб не трапіць у пастку. Ды яна і папраўдзе была сама як пастка, з выцягнутымі для абдымкаў рукамі і гатовымі для пацалунка вуснамі.
Ён рабіў выключэнне толькі манашкам, бо іх зарок цнатлівасці рабіў іх няшкоднымі. Але ён усё адно ставіўся да іх сурова, бо заўсёды адчуваў, што недзе ў глыбіні іх скаванай душы, у іх пакорлівым сэрцы жыве гэтая адвечная пяшчота, якая прызначаецца таксама і яму, хоць ён і святар.
Гэтую пяшчоту ён адчуваў у іх позірках, прасякнутых большай, чым у манахаў, набожнасцю, у іх малельным экстазе, у якім было нешта жаноцкае, у парывах любові да Хрыста, што абуралі яго, бо гэта было жаночае каханне, каханне цела. Ён адчуваў гэтую праклятую пяшчоту нават у іх пакорлівасці, у мяккасці голасу, у апушчаных долу вачах і ў іх маўклівым плачы, калі ён надта сурова іх дакараў.
І таму, выходзячы з кляштара, ён абтрасаў сутану і шпарка ішоў, быццам уцякаючы ад небяспекі.
Абат меў пляменніцу, якая разам з маці жыла ў суседнім дамку. Ён настойліва дамагаўся, каб яна сталася міласэрнай сястрой.
Яна была прыгожанькая, легкадумная і смяшлівая. Калі абат павучаў яе, яна смяялася, а калі злаваўся на яе, яна кідалася яго цалаваць, прыціскаючы да грудзей, і ён мімаволі стараўся вырвацца з гэтых абдымкаў, адчуваючы, аднак, прыемную радасць абуджанага ў глыбіні душы бацькоўскага пачуцця, якое дрэмле ў кожным мужчыне.
Часам, ідучы поруч з ёю палявой дарогай, ён гаварыў пра Бога, пра свайго Бога. Яна не надта яго слухала і глядзела на неба, на зёлкі, на кветкі; у вачах яе адбівалася радасць жыцця. Часам яна кідалася за матыльком і, прынёсшы яго, шчабятала: «Глядзіце, дзядзечка, які ён прыгожы, нават хочацца яго пацалаваць!» І гэтая патрэба пацалаваць матылька ці кветачку бэзу непакоіла, раздражняла, абурала святара — ён і тут бачыў тую невыкараняльную пяшчоту, што заўсёды тоіцца ў жаночым сэрцы.
І вось аднойчы жонка закрыстыяна, якая вяла гаспадарку ў абата, паведаміла яму пад сакрэтам, што яго пляменніца мае каханка.
Гэтая навіна так яго ўзрушыла, што яму нават мову заняло. Ён так і застаўся стаяць з намыленым тварам, бо якраз у гэты час галіўся.
Калі да яго зноў вярнулася здольнасць разважаць і гаварыць, ён усклікнуў: «Няпраўда! Вы хлусіце, Меляні!»
Але сялянка паклала руку на сэрца і прамовіла: «Хай Пан Бог мяне пакарае, калі я хлушу, пане кюрэ. Ды я ж вам кажу, яна ходзіць туды штовечар, як толькі вашая сястра кладзецца спаць. А той ужо чакае яе каля рэчкі. Ідзіце самі паглядзіце».
Ён кінуў скрэбці бараду і пачаў хадзіць з кута ў кут, як апантаны, як ён заўсёды рабіў падчас цяжкага роздуму. Узяўшыся зноў за галенне, ён тры разы парэзаўся, пакуль дайшоў ад носа да вушэй.
Ён маўчаў увесь дзень і ледзь не лопнуў ад гневу і абурэння. Як святара яго злавала гэтая непераможная моц кахання. Ён абураўся яшчэ і ад таго, што яго, духоўнага айца, апекуна, падманула, ашукала, увяло ў зман нейкае дзіця! Такое самае пачуццё абражанага самалюбства бывае ў бацькоў, калі дачка кажа ім, што выбрала сабе мужа без іх дазволу і супраць іх волі.
Павячэраўшы, ён паспрабаваў трошкі пачытаць, але нічога не атрымалася. Яго абурэнне нарастала. Калі прабіла дзесяць гадзін, ён узяў свой кій — вялізную дубіну, якую насіў з сабой падчас начных візітаў, калі ішоў праведаць хворага. Ён задаволена паглядзеў на сваю зброю і пагрозліва пакруціў ёй у паветры — важкая дубіна была нібы лёгкая шабля ў яго моцнай сялянскай руцэ. Пасля ён раптоўна падняў яе і, скрыгнуўшы зубамі, ляснуў, што было моцы, па крэсле — рэшткі спінкі ўпалі на падлогу.