Эдгар По – Маска Чырвонае Смерці (страница 3)
У вершы «Духі мёртвых» (1827) узнікае вобраз-сімвал вечнасці, што адлюстроўвае далучанасць чалавечага духу да «таямніцы таямніцаў»:
У ранніх вершах По назіраецца аднаразовая змена памеру разам са зменай агульнай танальнасці думкі. Твор падзяляецца на дзве часткі, сугучныя адна адной, як варыяцыі аднае тэмы. Так пабудаваныя вершы «Сон у сне», «Да ракі», «Да Хэлен», «Шчаслівы дзень». Гэты прынцып развіты ў «Горадзе ў моры», «Краіне сноў» і дасягае найвышэйшага ўвасаблення ў позніх вершах – «Улялюм», «Званы».
Верш «Званы» быў надрукаваны пасля смерці паэта – 27 кастрычніка 1849 года ў нью-ёркскім часопісе
У першай частцы апісваецца нараджэнне чалавека і ягонае дзяцінства, стан шчаслівага сну, і срэбныя званочкі гавораць аб прадчуванні духоўнага нараджэння. Няцотная колькасць аднаскладовых словаў, якія ўвесь час паўтараюцца (
У другой частцы гучыць гімн «залатому веку» чалавечага жыцця. Карціна дынамічная, спеў званоў разлятаецца феерверкам. Гэта дасягаецца за кошт змены колькасці стопаў у радку, алітэрацыі санорных і звонкіх зычных пры мінімуме глухіх выбухных, паўтору слова
Калі ў першых дзвюх частках сімвалы-гукі ствараюцца з дапамогаю асанансаў вузкага (і) і адкрытых (о, а) галосных гукаў, то ў трэцяй і чацвертай частках прадчуванне і надыход катастрофы перадае алітэрацыя санорных зычных (r).
Эмблемай і квінтэсенцыяй паэзіі По ёсць легендарны верш «Крумкач». Загадкавы вобраз чорнай птушкі, што сядзіць на белым мармуровым бюсце Палады, не падлягае вычарпальнаму вытлумачэнню, нягледзячы на велізарную колькасць каментароў і перш за ўсё – падрабязнае тлумачэнне задумы і яе ўвасаблення самім аўтарам. У 1846 годзе ў працы «Філасофія кампазіцыі» ён піша, што «ў стварэнні гэтага твора не ўдзельнічалі ні выпадковасць, ні інтуіцыя, што праца крок за крокам рухалася да завяршэння з усёй дакладнасцю і жорсткай паслядоўнасцю – як рашэнне матэматычнай задачы».
У вершы «Крумкач» узнікае трагічнае напружанне ад сутыкнення розуму героя, які асэнсоўвае немагчымасць сустрэчы з каханаю па той бок зямнога быцця, і душою, што прагне гэтай сустрэчы. Тэма неадольнай мяжы паміж жыццём і смерцю, часам і вечнасцю, надзеяй і сумневам, верай і адчайным скепсісам выказаная ў двайным дыялогу – унутраным (героя і ягонай свядомасці) і вонкавым (героя і птушкі). Вытрымка, якую дае цвярозы розум, і іранічнае стаўленне да «дурной» птушкі, што паўтарае адно і тое ж слова, змяняюцца пачуццём трывогі, адчаю, бязмежным болем безнадзейнасці. «Я вырашыў унесці варыяцыі і такім чынам значна пашырыць уражанне, захоўваючы збольшага аднастайнасць гучання, аднак увесь час змяняючы сэнс: інакш кажучы, я вырашыў увесь час ствараць новыя ўражанні, па-рознаму выкарыстоўваючы рэфрэн, пры гэтым пакідаючы яго ў большасці выпадкаў без зменаў». Нарастанне трывогі адбываецца дзякуючы на першы погляд выпадковаму, а насамрэч заканамернаму перасячэнню логікі ўнутранага маналога героя, які тужыць па прыўкраснай Лінор, з асэнсаваным адказам крумкача. У выніку слова
Самабытнасць і супярэчлівасць несмяротных твораў Эдгара По шмат у чым абумовіў дзіўны сплаў амерыканскай і еўрапейскай культураў у перыяд фармавання нацыянальнай літаратуры ЗША. З імем Э. По звязанае станаўленне амерыканскага рамантызму, які адлюстраваў працэс набыцця нацыянальнай самасвядомасці (рух натывізму) пасля перамогі ў вайне за незалежнасць ад Брытаніі. У спалучэнні жанравых формаў еўрапейскага рамантызму і культурна-гістарычных рэаліяў амерыканскага жыцця нараджаўся новы мацярык на мапе сусветнай літаратуры: «галандскія» навелы Вашынгтона Ірвінга, гістарычныя раманы Фенімора Купера, псіхалагічная проза Натаніэла Готарна, «марскі» раман Генры Мэлвіла.
Аднак менавіта з По пачалася сусветная слава амерыканскай літаратуры, якая не толькі пераадолела стадыю вучнёўства і зраўнялася з літаратурай еўрапейскай, але і змагла яе апярэдзіць. Эдгар По сваімі мастацкімі здзяйсненнямі ў паэзіі і навелістыцы здолеў выйсці за межы актуальных задачаў нацыянальнай літаратуры і пракласці дарогу новым кірункам і жанравым формам у развіцці еўрапейскай і сусветнай літаратуры.
Апавяданні
Метцэнгерштэйн
Ва ўсе часы чалавека паўсюль пераследавалі жах і лёс. Навошта тады ўдакладняць, калі адбылася мая гісторыя? Хопіць і таго, што ў апісаную пару ва ўнутраных рэгіёнах Венгрыі была шырока распаўсюджаная таемная вера ў дактрыны метэмпсіхозу*. Не буду нічога казаць пра самі дактрыны, іх памылковасць ці праўдападобнасць, аднак я ўпэўнены, што наш недавер (так Лабруер* называў усе нашыя няшчасці) «
Асобныя з гэтых венгерскіх прымхаў амаль межавалі з абсурдам. Яны, венгры, істотна адрозніваліся ад сваіх усходніх уладцаў. Душа, казалі, напрыклад, яны (цытую паводле аднаго вельмі дасціпнага і разумнага парыжаніна), «
Сем’і Берліфітцынгаў і Метцэнгерштэйнаў варагавалі стагоддзямі. Ніколі раней два такія магутныя дамы не яднала такая бязлітасная нянавісць. У часы нашай гісторыі адна змарнелая і злавесная старая вядзьмарка сказала, што «хутчэй змяшаюцца вада і агонь, чым Берліфітцынг падасць руку Метцэнгерштэйну»*. Крыніцу гэтае варажнечы можна, відаць, знайсці ў словах старадаўняга прароцтва: «Страшным будзе падзенне высокага імені, калі смяротнасць Метцэнгерштэйна, нібы вершнік на кані, пераможа несмяротнасць Берліфітцынга».
Самі па сабе гэтыя словы нічога асаблівага, безумоўна, не значаць. Але нават драбнейшае прыводзіла (прычым не так даўно) да бурных падзеяў. Дарэчы, маёнткі ворагаў месціліся побач, і іх гаспадары спаборнічалі ў тым, хто мацней паўплывае на рашэнні ўлады. Найбліжэйшыя суседзі рэдка сябруюць – а насельнікі замка Берліфітцынг са сваіх высокіх вежаў маглі зазіраць у вокны палаца Метцэнгерштэйн. Падгледжаная феадальная раскоша ніякім чынам не магла суцішыць незычлівасць менш старажытнага і менш багатага роду Берліфітцынгаў. Чаго тады здзіўляцца, што нейкае прароцтва, хай сабе і дурное, паспяхова ўзмацніла нянавісць дзвюх сем’яў, ужо даўно падагрэтую мноствам спрэчак і спадчыннай зайздрасцю? Прароцтва, відаць, намякала (калі яно магло на нешта намякаць) на канчатковую перамогу мацнейшага дому і ніколі не забывалася слабейшымі і менш уплывовымі, а ад таго яшчэ больш варожымі супернікамі.
Вільгельм, граф Берліфітцынг, хаця і падняўся надзвычай высока, у часы нашае гісторыі быў нямоглым і здзяцінелым старым, які не вылучаўся нічым, апроч празмернай застарэлай варожасці да сям’і супернікаў і гарачай любові да коней і паляванняў: нягледзячы на цялесную слабасць, паважны ўзрост і разумовую нядужасць, ён штодня ўдзельнічаў у небяспечных ловах.
Фрэдэрык, барон Метцэнгерштэйн, наадварот, быў яшчэ непаўналетні. Яго бацька, дарадца Г., памёр маладым. Маці, лэдзі Мэры, хутка адправілася за ім. На той момант Фрэдэрыку было пятнаццаць*. У горадзе пятнаццаць гадоў – не надта сур’ёзны ўзрост: дзіця можа заставацца дзіцем нават пасярэдзіне другога дзясятка*, але ў глушы, прычым такой велічнай глушы, як гэтае старое княства, пятнаццаць гадоў – гэта зусім іншае.
Прыўкрасная лэдзі Мэры!* Як магла яна памерці? Няўжо ад сухотаў? Але я малюся пра тое, каб пайсці яе дарогаю. Я хацеў бы, каб усё дарагое мне загінула ад гэтай пяшчотнай хваробы. Як гэта чароўна – адысці ў росквіце юнае крыві, калі сэрца – сама жарсць, уяўленне – сам агонь, адысці на зыходзе году, сярод згадак пра шчаслівыя дні і быць назаўсёды пахаваным у раскошнай восеньскай лістоце!
Так і памерла лэдзі Мэры. Малады барон Фрэдэрык стаяў ля труны маці зусім самотны, без аніводнага сваяка. Ён паклаў далонь на яе ціхамірны лоб. Яго далікатнае цела ні разу не скаланулася, ніводзін уздых не вырваўся з яго суворых грудзей. З дзяцінства бязлітасны, натурысты і імпэтны, да згаданага мной узросту ён паспяхова засвоіў усе самыя жорсткія, распусныя і безразважныя спосабы бавіць час, паставіўшы заслону перад плынню пабожных думак і светлых згадак.