Эдгар По – Маска Чырвонае Смерці (страница 24)
Атрымаўшы ягоную спадчыну, я гадамі жыў цалкам някепска. Думка пра выкрыццё ніколі не прыходзіла мне ў галаву. Я старанна знішчыў атручаную свечку. Я не пакінуў ні ценю ўлікі, з дапамогай якой мяне можна было б асудзіць ці хаця б запасочыць у злачынстве. Немагчыма перадаць, як я быў задаволены сабою, калі думаў пра сваю поўную бяспеку. Доўгі час я адчуваў незвычайную асалоду, якая прыносіла мне больш задавальнення, чым усе матэрыяльныя даброты, якія даў мне мой грэх. Але нарэшце надышоў час, калі гэтае прыемнае пачуццё паступова і ледзь заўважна перарасло ў неадчэпную і гнятлівую думку. Менавіта яе неадчэпнасць і прыгнятала. Я ледзьве мог адагнаць яе на імгненне. Гэтаксама нас, бывае, раздражняе надакучлівы матыў нейкай пошлай песенькі ці пасрэдны ўрывак з оперы, што гучыць увушшу ці, хутчэй, у памяці. І пакуты не зменшацца, калі песня будзе добрая, а опера – вартая ўхвалы. Так і я ўрэшце пачаў лавіць сябе на тым, што ўвесь час думаю пра ўласную бяспеку і ціха сам сабе мармычу: «Мне не пагражае».
Аднаго дня, шпацыруючы па вуліцы, я заўважыў, што мармычу гэтыя звыклыя словы напаўголасу. У свавольным парыве я перайначыў іх такім чынам: «Мне нішто не пагражае, мне не пагражае… калі толькі я сам здуру не прызнаюся!»
Не паспеў я вымавіць гэтыя словы, як сэрца сціснула холадам. Са мной і раней здараліся такія прыпадкі пярэчання, прыроду якіх мне было складана растлумачыць, і я выразна ўспомніў, што ні разу не здолеў іх змагчы. Вось і цяпер тое, што я напалову ўнушыў сабе, нібыта магу быць такім вар’ятам, што прызнаюся ў забойстве, узнікла перада мною, як прывід мае ахвяры, і павабіла да смерці.
Спачатку я паспрабаваў пазбавіцца гэтага кашмару. Я паскорыў крок – хутчэй, яшчэ хутчэй, – потым пабег. Я адчуваў вар’яцкае жаданне закрычаць. Кожная наступная хваля думак залівала мяне новым жахам, бо – о гора! – я добра, занадта добра разумеў, што ў маім выпадку падумаць – значыць загінуць. Я яшчэ дадаў кроку. Я імчаўся, як вар’ят, праз людныя вуліцы. Урэшце мінакі ўстрывожыліся і пачалі мяне пераследаваць. Тут я адчуў, што мой лёс вырашаны. Я вырваў бы сабе язык, калі б мог, але грубы голас прагучаў увушшу, чыясьці рука яшчэ больш груба схапіла мяне за плячо. Я павярнуўся, задыхаючыся. На момант я адчуў усе пакуты ўдушша, я аслеп, аглух, галава пайшла кругам, і тут мне падалося, што нейкі нябачны д’ябал штурхануў мяне ў спіну шырокай даланёй. Доўга хаваная таямніца вырвалася з мае душы.
Кажуць, што я гаварыў вельмі выразна, хаця і празмерна падкрэсліваючы кожнае слова і страшэнна спяшаючыся, нібыта хваляваўся, што мяне перапыняць да заканчэння кароткіх, але важкіх фразаў, што аддалі мяне кату і пеклу.
Расказаўшы ўсё неабходнае для незваротнага юрыдычнага абвінавачання, я страціў прытомнасць.
Што мне яшчэ казаць? Сёння я закаваны ў кайданы – і тут! Заўтра я буду вольны ад путаў! Але дзе?
Чорны кот
Я не настойваю, каб нехта паверыў найдзічэйшай і разам з тым найзвычайнейшай гісторыі, якую важуся тут апісаць; я й не спадзяюся на гэта. Трэ быць вар’ятам, каб мець якую надзею ў сітуацыі, калі я сам не прымаю сваіх сведчанняў. Аднак я не вар’ят, і ўсё гэта, відочна, – не сон. Але заўтра я памру, а сёння павінен скінуць з душы цяжар. Мой адзіны намер – шчыра, сцісла, не мудруючы расказаць людзям пра шэраг чыста сямейных здарэнняў. Гэтыя здарэнні спарадзілі ўва мне жах, змучылі, загубілі мяне. І ўсё ж я не буду шукаць ім разгадкі. Мне яны прынеслі-такі страху – шмат жа хто палічыць іх хутчэй вычварнымі, чым жахлівымі. Пасля, магчыма, які разумны чалавек знойдзе ўсяму простае тлумачэнне – такі чалавек, з розумам больш спакойным, больш лагічным і не такім уражлівым, як мой, не ўгледзіць у акалічнасцях, аб якіх я апавядаю з пакораю і трымценнем, нічога, апрача звычайнае паслядоўнасці цалкам натуральных прычынаў і вынікаў.
З дзяцінства я выдзяляўся слухмянасцю й лагоднай натураю. Відочная мяккасць мае душы выклікала нават насмешкі таварышаў. Я вельмі любіў усякую жыўнасць, і бацькі не перашкаджалі мне: дома было шмат свойскіх жывёлін. З імі я бавіў вольны час і быў надзвычай шчаслівы, кормячы й даглядаючы іх. Я сталеў, і расла гэтая асаблівасць характару; для мяне, ужо дарослага, памянёны занятак быў ці не найлепшай уцехаю. Тым, хто аддаваў любоў вернаму й разумнаму сабаку, няма патрэбы тлумачыць, якой вялікай удзячнасцю сабака плаціць за гэта. У бескарыслівай і самаахвярнай любові звера ёсць нешта, здольнае дайсці да сэрца кожнага, хто пераконваўся ў нікчэмным сяброўстве й падманнай адданасці звычайнага чалавека.
Я рана ажаніўся і, на шчасце, адкрыў у сваёй жонцы блізкія мне схільнасці. Заўважаючы маю сімпатыю да жыўнасці, яна скарыстоўвала кожную магчымасць пацешыць мяне. У нас жылі птушкі, залатыя рыбкі, заводны сабака, трусы, маленькая малпа й кот.
Кот быў надзвычай вялікі й прыгожы, чыста чорны ды надзіва верны. Кажучы пра яго кемнасць, мая жонка, поўная ў душы прымхаў, часта намякала на даўнюю народную прыкмету, згодна з якою ўсе чорныя каты лічыліся пярэваратнямі. Але ніколі яна не намякала сур’ёзна – і я падаю гэтую драбніцу адно таму, што якраз цяпер належыць яе прыпомніць.
Плутон – так звалі ката – быў маім улюбёнцам, і я часцяком забаўляўся з ім. Я заўсёды сам карміў яго, і ён спадарожыў мне ўсюды ў доме, куды б я ні ішоў. Было нават цяжка забараніць яму хадзіць за мною па вуліцах.
Нашае сяброўства доўжылася такім парадкам некалькі гадоў, і за гэты час мае натура й характар – пад уплывам д’ябальскае цягі да алкаголю – зазналі (я чырванею, прызнаючыся ў гэтым) рэзкую змену на горшае. Што ні дзень я рабіўся больш пануры, больш раздражлівы й менш уважны да пачуццяў іншых людзей. Я стаў нястрыманы ва ўзаемінах з жонкаю. Урэшце я нават падняў на яе руку. Мае гадаванцы, натуральна, таксама адчулі гэтую змену ў характары гаспадара. Я не толькі не зважаў на іх, але й блага абыходзіўся з імі. Аднак да Плутона я захаваў яшчэ належную пашану і стрымліваў сябе ад кепскага абыходжання з ім, чаго нельга сказаць пра трусоў, малпачку ці нават сабаку, якіх я без усякага сораму крыўдзіў, калі яны лашчыліся да мяне або выпадкова траплялі пад руку. Але хвароба нарастала ўва мне – што можа быць горшага за цягу да алкаголю! – і нарэшце нават Плутон пачаў спазнаваць сілу мае хворае натуры.
Аднае ночы, калі на добрым падпітку я вярнуўся з карчмы, уроілася мне ў галаву, быццам кот пазбягае мяне. Я схапіў яго; у спалоху ад мае грубасці ён нямоцна, але ўсё-такі да крыві ўкусіў мне руку. Лютасць дэмана зараз жа агарнула мяне. Я больш не валодаў сабою. Здавалася, мая душа ў адзін момант пакінула цела, і распаленая джынам злосць, люцейшая за д’ябальскую, працяла мяне навылёт. Я выхапіў з кішэні камізэлькі складанчык, расчыніў яго, сціснуў беднаму зверу горла і без спеху выразаў адно ягонае вока! Я чырванею, я палаю, я дрыжу, апісваючы гэтую жудасную жорсткасць.
Калі нараніцы розум вярнуўся да мяне – калі я праспаўся пасля начное попіўкі, – ліхадзейства, учыненае ўночы, выклікала ў мяне адначасова каянне й страх; але гэта было толькі слабое, малавыразнае адчуванне, якое не ўзрушыла мае душы. Я зноў забыўся на меру і неўзабаве патапіў у віне ўсю памяць пра ўчынак.
Тым часам кот пакрысе ачуняў. Праўда, пустая вачніца мела страшэнны выгляд, але боль, відаць, сцішыўся. Кот па-ранейшаму пахаджаў па доме, аднак, чаго й можна было чакаць, уцякаў у неймаверным страху пры маім набліжэнні. Сэрца ў мяне не зусім яшчэ скамянела, і я спачатку вельмі засмуціўся ад відочнае непрыязнасці істоты, якая некалі так любіла мяне. Але хутка гэтае пачуццё змянілася на раздражненне. І тады, нібы для мае канчальнае й незваротнае загубы, ачнуўся ўва мне дух Пярэчання. Філасофія не бярэ яго пад увагу. Але я глыбока ўпэўнены, што пярэчанне належыць да найпрасцейшых сілаў падахвочвання ў чалавечым сэрцы – да неадымных першатворных здольнасцяў ці адчуванняў, якія вызначаюць прыроду чалавека. Хто сотню разоў не адчуваў, што робіць подлы або дурны ўчынак з тае толькі прычыны, што гэтага нельга рабіць? Ці ж мы, насуперак здароваму сэнсу, не зазнаем вечнае спакусы парушыць Закон выключна таму, што гэта забаронена? Вось жа, згаданы дух пярэчання й прывёў да мае канчальнае загубы. Гэтае невытлумачальнае імкненне душы мардаваць сябе – гвалціць сваю натуру, чыніць зло дзеля зла – і падахвоціла мяне працягваць і давесці да канца здзек з нявіннага звера. Аднаго ранку, не трацячы ўпэўненасці ў руках, я накінуў кату на шыю пятлю і павесіў яго на суку, – павесіў з слязьмі ўваччу ды з найгарчэйшым шкадаваннем у сэрцы, – павесіў, бо ведаў, што ён любіў мяне і не даў мне ніякае падставы для крыўды, – павесіў, бо разумеў, што, робячы гэта, я ўчыняю грэх – смяротны грэх, які падводзіць маю неўміручую душу пад небяспеку стаць – каб гэта было магчыма – непрыступнаю нават для бязмежнае ласкі Найміласэрнейшага й Найжахлівейшага Госпада.
У ноч пасля гэтага бязлітаснага злачынства мяне абудзілі крыкі: «Пажар!» Полымя ахапіла фіранкі пры маім ложку.
Увесь дом палаў. Мая жонка, слуга ды я сам ледзьве вырваліся з пажару. Знішчана было ўсё. Агонь цалкам паглынуў маёмасць, і з таго часу безвыходнасць запанавала ў маім жыцці.
Я перасільваю імкненне ўстанавіць прычыну й вынік, угледзець залежнасць няшчасця ад мае жорсткасці. Тут адно падрабязны ланцуг падзеяў – не магу не ўзяць пад увагу кожнае, хоць бы й сумнеўнае, звяно. Назаўтра пасля пажару я пабываў на пагарэлішчы. Сцены, апрача аднае, заваліліся. Ацалела толькі даволі ценькая пярэгарадка пасярэдзіне дому, пры якой знаходзілася ўзгалоўе майго ложка. Тынк тут збольшага не паддаўся агню – на маё разуменне, гэта было звязана з нядаўнім тынкаваннем сцяны. Каля яе шчыльнай грамадою сабраліся людзі – пільна й прагна яны ўглядаліся ў нейкае месца на сцяне. Словы «дзіўна!», «незвычайна!» ды іншыя такога кшталту выгукі ўзбудзілі маю цікаўнасць. Я наблізіўся і ўбачыў на белай паверхні штосьці падобнае да барэльефа гіганцкага ката. Дакладнасць выявы сапраўды здавалася незразумелаю. На шыі ў ката была вяроўка.