18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Эдгар По – Маска Чырвонае Смерці (страница 11)

18

Ідэалу вачэй антычнасць нам не пакінула. Можа, менавіта ў вачох маёй каханай і хаваўся той сакрэт, пра які казаў лорд Веруламскі. Яны былі, я ўпэўнены, нашмат большыя за звычайныя чалавечыя вочы. Яны былі дасканалейшыя нават за газеліныя вочы племені з даліны Нурджахаду*. Аднак вельмі рэдка – толькі ў часы глыбокага хвалявання – гэтая асаблівасць Лігеі рабілася злёгку заўважнай. І ў такія моманты яе прыгажосць – ці так падавалася майму палкаму ўяўленню? – была прыгажосцю істотаў, што жывуць над зямлёй ці па-за зямлёй, – прыгажосцю казачных мусульманскіх гурыяў. Вочы яе мелі самае бліскучага адценне чорнага, і іх аблямоўвалі смаляныя вейкі неверагоднай даўжыні. Бровы, крыху няправільна выгнутыя, мелі той самы колер. «Дзіўнасць», якую я заўважаў у яе вачах, не была абумоўленая, аднак, ні памерам іх, ні колерам, ні бляскам – яна была ў выразе. О гэтае няўцямнае слова! За яго неасяжнай пустэчай мы хаваем сваё поўнае няведанне духоўнага. Выраз вачэй Лігеі! Колькі доўгіх гадзінаў я думаў пра яго! Марна спрабаваў я спасцігнуць яго глыбіні адну цэлую летнюю ноч. Што хавалася ў зрэнках маёй каханай – глыбейшае за калодзеж Дэмакрыта*? Што? Я быў апанаваны жаданнем знайсці адказ. Гэтыя вочы! Вялікія, бліскучыя, боскія вочы! Яны сталі маімі двайнымі зорамі Леды*, а я – найадданейшым з астролагаў.

Сярод усіх неспасцігальных анамалій, якія вывучае навука пра розум, няма больш узрушальнай за пачуццё – на яго, пэўна, і не зважаюць навукоўцы, – якое ўзнікае, калі мы спрабуем згадаць нешта даўно забытае і, здаецца, ужо набліжаемся да адказу – але ўрэшце нічога не згадваем. І часта, углядаючыся ў вочы Лігеі, я адчуваў, што вось-вось разгадаю таямніцу іх выразу, я набліжаўся да яе – і выпускаў з рук! І (дзіўная, якая дзіўная таямніца!) у самых звычайных рэчах я знаходзіў выразы, падобныя да гэтага. Я маю на ўвазе, што з таго часу, як прыгажосць Лігеі ўвайшла ў маё сэрца і знайшла там свой храм, я часта адчуваў тое ж, што выклікалі ўва мне яе вялізныя бліскучыя вочы, калі бачыў іншыя, матэрыяльныя рэчы. І тым не менш я не мог акрэсліць гэтае пачуццё, не мог яго прааналізаваць ці нават уважліва вывучыць. Яно прыходзіла, паўтараю, калі я разглядаў доўгую лазу ці любаваўся матыльком, хрызалідай, хуткаплыннай ракой. Ува мне яго абуджалі акіян і падзенне метэора. Яно было ў поглядах людзей, што дажылі да незвычайна глыбокай старасці. І ёсць дзве-тры зоркі ў небе (асабліва адна, зорка шостае велічыні, двайная і пераменная, побач з буйной зоркай у сузор’і Ліры*), якія выклікалі гэтае пачуццё, калі я глядзеў на іх у тэлескоп. Яно перапаўняла мяне ад некаторых гукаў струнных інструментаў і нярэдка – падчас чытання некаторых месцаў у кнігах. Сярод іншых незлічоных прыкладаў мне асабліва запомніўся выраз з тома Джозэфа Глэнвіла, які (магчыма, сваёй мудрагелістасцю – хто ведае?) абуджаў гэтае пачуццё заўсёды: «І ў гэтым – воля, што не ведае смерці. Хто ведае таямніцы волі ва ўсёй моцы яе? Таму што Бог ёсць не чым іншым, як вялікай воляй, што прасякае ўсё самой прыродай задумы свае. Не аддае сябе чалавек ні анёлам, ні смерці цалкам, толькі праз бяссілле слабое свае волі».

Доўгія гады і наступныя разважанні дазволілі мне знайсці аддаленую сувязь гэтага выслоўя ангельскага мараліста з некаторымі рысамі характару Лігеі. Сіла ў думках, учынках і размовах Лігеі магла быць вынікам – ці, прынамсі, сведчаннем – яе тытанічнае волі, якая за доўгі час нашае блізкасці больш не з’яўляла ніякіх знакаў свайго існавання. З усіх жанчынаў, якіх я калі-небудзь ведаў, яна – вонкава спакойная, заўсёды ціхамірная Лігея – зрабілася найбольш бездапаможнай здабычай дзікіх грыфаў бязлітаснае жарсці. І сілы гэтай жарсці я не змог бы ўявіць, калі б толькі вочы яе не раскрываліся так чароўна, што захапляла і палохала мяне; калі б не амаль магічная меладычнасць і выразнасць яе нізкага спакойнага голасу і шалёная энергія (тым больш дзіўная ў параўнанні з яе звычайнай манерай гаварыць) шалёных словаў, што пастаянна зрываліся з яе вуснаў.

Я згадваў вучонасць Лігеі – яна была бязмежнай; такой я не сустракаў ні ў адной жанчыны. У класічных мовах яна была глыбока дасведчаная, і не было ніводнай вядомай мне сучаснай еўрапейскай гаворкі, на якой яна не размаўляла б бездакорна. Дый ці існавала галіна ведаў, найбольш модная – проста таму, што найбольш заблытаная, – з тых, якімі ганарыцца акадэмічная эрудыцыя, у якой яна б чагосьці не ведала? І як незвычайна і непаўторна гэтая рыса маёй жонкі толькі ў апошні перыяд завалодала маёй увагаю! Я казаў, што такой вучонасці не сустракаў ні ў аднае жанчыны, – але ці знойдзецца мужчына, які б спасціг – і спасціг паспяхова – усе неасяжныя галіны гуманітарных, фізічных і матэматычных навук? Тады я не бачыў так ясна, як цяпер, што веды Лігеі былі незвычайнымі, неабдымнымі. Аднак я ўжо адчуваў яе перавагу і з дзіцячым даверам падпарадкаваўся яе кіраўніцтву ў хаатычным свеце метафізічных доследаў, якім я прысвяціў першыя гады нашага шлюбу. З якім бязмерным гонарам, з якім жывым захапленнем, з якой вялікай мераю ўсяго, што ёсць зямнога ў надзеі, адчуў я, калі яна была са мною падчас маіх заняткаў (але мала шукаў – і яшчэ менш усведамляў), тую неверагодную перспектыву, што павольна адкрывалася перада мной, чые доўгія чароўныя няходжаныя сцежкі вялі да мудрасці надта боскай і каштоўнай, каб не быць забароненай.

І якім жа невымерным тады мусіла быць маё гора, калі праз некалькі гадоў я ўбачыў, як мае справядлівыя спадзяванні адляцелі ад мяне на крылах! Без Лігеі я быў як дзіця, заблукалае ў цемры. Адзіна яе прысутнасць, яе чытанні кідалі яркае святло на шматлікія трансцэндэнтальныя таямніцы, у якія мы паглыбляліся. Без прамяністага бляску яе вачэй іскрыстыя залатыя пісьмёны рабіліся цямнейшымі за сатурнавы свінец*. А цяпер гэтыя вочы ўсё радзей і радзей асвятлялі старонкі, над якімі я схіляўся. Лігея захварэла. Шалёныя вочы ззялі занадта, занадта асляпляльнымі прамянямі; бледныя пальцы пачалі прасвечвацца васковай магільнай празрыстасцю, а блакітныя жылкі на высокім ілбе набухалі і спадалі ад самага лёгкага хвалявання. Я бачыў, што яна павінная памерці, – і душа мая адчайна змагалася са змрочным Азраілам*. А мая палкая жонка, на маё здзіўленне, змагалася яшчэ больш горача, чым я. Мяркуючы па яе стрыманым характары, я думаў, што смерць прыйдзе да яе без звычайных сваіх жахаў, але я памыляўся. Словы няздольныя даць хоць якое ўяўленне аб тым, як шалёна і ўпарта змагалася яна з Ценем. Я стагнаў ад пакуты, назіраючы гэтае тужлівае відовішча. Я суцяшаў яе, спрабуючы паклікаць на дапамогу яе розум, – але для яе нястрымнае прагі жыцця, жыцця, толькі жыцця і суцяшэнні, і разважанні былі б недарэчнымі. І ўсё ж амаль да самага канца, у самых лютых канвульсіях, якія скаланалі яе душу, яна не страчвала вонкавага спакою. Голас яе стаў мякчэйшы і ніжэйшы, аднак мне не хацелася б спыняцца на дзікім значэнні словаў, якія яна так спакойна прамаўляла. Я ледзь не вар’яцеў, калі зачаравана слухаў мелодыю больш чым смяротную, калі разумеў здагадкі і намеры, невядомыя раней смяротным.

У яе каханні да мяне я ніколі не сумняваўся і лёгка мог бы зразумець, што ў такім сэрцы, як ейнае, каханне не можа быць пасрэдным пачуццём. Але толькі перад яе смерцю я цалкам спасціг глыбіню яе жарсці. Шмат гадзінаў, трымаючы мяне за руку, яна раскрывала мне таямніцы сэрца, чыя палкая любоў дасягала ступені абагаўлення. Чым заслужыў я дабрадаць такіх прызнанняў? Чым заслужыў я праклён расстання з каханай у час, калі іх пачуў? Але я больш не магу гаварыць пра гэта. Дазвольце мне толькі сказаць, што ў каханні Лігеі, што пераўзыходзіла жаночае каханне, – у каханні, на жаль, незаслужаным, каханні, якога я быў зусім не варты, – я ўрэшце пазнаў яе нястрымную прагу жыцця, якое так хутка яе пакідала. Гэтае дзікае прагі, гэтага наймацнейшага жадання жыцця – толькі жыцця – я не маю сілаў апісаць, няздольны выказаць.

Апоўначы, перад самаю сваёю смерцю, яна ўладным жэстам паклікала мяне да сябе і загадала прачытаць верш, напісаны ёю колькі дзён таму. Я падпарадкаваўся. Вось гэты верш:

Глядзі! Растала ўшчэнт нуда Пасля гадоў панылых, Сядзіць анёлаў грамада Прыўкрасных і двухкрылых, Бо ставяць сённяшняй парой Спектакль мрой, хімераў — Вось залунаў над залай рой Мелодый вышніх сфераў. Акторы церпяць ад навал, Хоць маюць вобраз Божы, — Марыянетак карнавал — Ды хто ім дапаможа, Калі ў руках таемных сіл Масткі, кулісы, хоры? З іх чорных кондаравых крыл Злятае гора. О, варта драму нам пачаць, Вам не сысці нікуды! Усе за прывідам імчаць, А ён – падман, аблуда. Імчыш, самлелы і глухі, А вынік – той жа самы, Вар’яцтва, вусціш і грахі — Сюжэт спрадвечнай драмы. Але зірні! Вось з-за куліс Паўзе пачварны вораг! Яго бясформенны абрыс Палохае бадзёрых. І не спыніць яго нічым — Глытае ўсіх без меры, І плача кожны серафім, І румзае ў партэры. Святло знікае і масткі, Акторы, маскі, сцены. Завесу – саван свой цяжкі — Здымай хутчэй са сцэны! Анёльскі голас, быццам здзек, Абвесціць п’есу тую: На сцэне – драма «Чалавек», Чарвяк там трыюмфуе[13]*.

– Божа! – усклікнула Лігея, сутаргава прыпадняўшыся і ўзняўшы рукі ў нябёсы, калі я скончыў чытаць. – Божа! Ойча нябесны! Няўжо гэта непазбежна? Няўжо Пераможцу ніколі не быць пераможаным? Ці ж мы – не частка Твая? Хто – хто ведае таямніцы волі ва ўсёй моцы яе? Таму што Бог ёсць не чым іншым, як вялікай воляй, што прасякае ўсё самой прыродай задумы свае. Не аддае сябе чалавек ні анёлам, ні смерці цалкам, толькі праз бяссілле слабое свае волі.