18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Джон Стейнбек – Гронкі гневу (страница 72)

18

Флойд кісла ўсміхнуўся:

— Ты ж чуў, што гэты фараон сказаў. Не паедзеш — выпаляць агнём. Калі думаеш, што гэты малойчык хутка не з'явіцца сюды пасля мардабою, дык галава ў цябе проста качан. Яго грамілы сёння ж ноччу наляцяць на лагер і ўсё пусцяць з агнём.

— І сапраўды, відаць, лепш выбірацца адсюль, — пагадзіўся Том. — Сам куды едзеш?

— Як і казаў — на поўнач.

— Паслухай, — сказаў Эл, — тут мне адзін расказваў пра нейкі ўрадавы лагер. Дзе гэта?

— Напэўна, перапоўнены.

— А ўсё ж дзе ён?

— Кіруйце па дзевяноста дзевятай на поўдзень. Міль дванаццаць — чатырнаццаць праедзеце, звернеце на ўсход да Ўідпэтча. А там ужо рукой падаць. Але, думаю, там паўным-поўна.

— Ён казаў, лагер добры.

— Вельмі добры, нічога не скажаш. Абыходзяцца з табой як з чалавекам, а не як з сабакам. І фараонаў там няма. Толькі перапоўнены.

— Я аднаго не зразумею, — сказаў Том, — чаго палісмен гэты так разышоўся? Ён быццам спецыяльна лез у сварку, знарок распаляў людзей.

Флойд сказаў:

— Не ведаю, як тут, а на поўначы я неяк раз пагаварыў з адным з гэтых шэрыфскіх памагатых, чалавекам прыстойным. І ён прызнаўся мне, што ім абавязкова трэба арыштоўваць людзей. На кожнага арыштанта шэрыф атрымлівае семдзесят пяць цэнтаў у дзень, а на іх пракорм у яго ідзе толькі дваццаць пяць. Няма арыштантаў — няма і прыбытку. І яшчэ ён казаў, што ўжо цэлы тыдзень нікога не браў, і шэрыф сказаў яму: або прыводзь арыштантаў, або значок здымай. А сённяшні так і стараўся каго-небудзь згрэбці.

— Трэба ехаць, — сказаў Том. — Будзь здароў, Флойд.

— Будзь здароў. Можа, яшчэ стрэнемся. Спадзяюся, што так.

— Бывай, — сказаў Эл, і браты пайшлі па цёмна-шэрым лагеры да Джоўдавай палаткі.

Бульба на патэльні шыпела і пырскала гарачым тукам. Маці пераварочвала тоўстыя скрылікі лыжкай. Бацька сядзеў каля вогнішча, абхапіўшы калені рукамі. Ружа Сарона была пад брызентам.

— Том ідзе! — усклікнула маці. — Дзякуй богу!

Падышоўшы, Том сказаў:

— Трэба адсюль выбірацца.

— А што здарылася?

— Флойд кажа, ноччу лагер спаляць.

— Гэта яшчэ чаму? — здзівіўся бацька. — Мы ж нічога такога не зрабілі.

— Нічога такога, толькі фараона збілі, — адказаў Том.

— Мы яго не білі.

— Ён сам гразіўся, што нас пагоняць адсюль.

— Вы Коні нідзе не сустрэлі? — запыталася Ружа Сарона, выйшаўшы з палаткі.

— Сустрэлі, — адказаў Эл. — Ён пашыбаваў берагам рэчкі, толькі яго і бачылі. На ўсход кіруе.

— Ён… ён зусім пайшоў?

— Мы ў яго не пыталіся.

Маці павярнулася да дачкі:

— Ты, Разашарна, раскажы ўсё толкам, а то цябе не зразумееш. Гаварыў табе Коні што-небудзь?

Ружа Сарона насупілася:

— Гаварыў, што лепей было б яму дома застацца і на трактарыста вучыцца.

Усе прыціхлі. Ружа Сарона пазірала на агонь, і вочы яе паблісквалі ў святле вогнішча. Бульба на патэльні гучна шыпела. Ружа Сарона шмыгнула носам і ўцерлася тыльным бокам далоні.

Бацька сказаў:

— Коні чалавек нікчэмны. Я ўжо даўно гэта зразумеў. Занадта высока бярэ, а кішка тонкая.

Ружа Сарона паднялася і вярнулася ў палатку. Лягла на матрац, перавярнулася на жывот і ўткнулася тварам у сплеценыя рукі.

— Яго і даганяць, бадай, не варта, — сказаў Эл.

Бацька сказаў:

— Не, калі ён такі нікчэмнік, нам яго не трэба.

Маці зазірнула ў палатку, дзе ляжала Ружа Сарона. Сказала бацьку:

— Ш-ш!.. Навошта так гаворыш.

— Але ж ён нікчэмнік, — не сунімаўся той. — Толькі і чулі ад яго — я тое зраблю, я гэтае. А сам лайдачыў. Пры ім не хацеў гаварыць. А цяпер, калі ён даў драла…

— Ш-ш!.. — прашаптала маці.

— Што ты мне ўсё «ш-ш» ды «ш-ш»? Чаму я павінен маўчаць? Ён уцёк, ці ж не так?

Маці памяшала бульбу лыжкай, тук зашыпеў і пырснуў ва ўсе бакі. Яна падкінула голля ў агонь, языкі полымя шуганулі ўгору і асвятлілі палатку. Маці сказала:

— У Разашарны народзіцца дзіця, і яно напалову яе, а напалову Коні. Нядобра з маленства і да сталасці абзываць пры ім яго бацьку нікчэмнікам.

— Лепш, чым ілгаць, — буркнуў бацька.

— Не, не лепш, — запярэчыла маці. — А калі б ён памёр? Ці стаў бы ты гаварыць пра яго дрэнна, пра мёртвага?

У спрэчку ўмяшаўся Том:

— Ды што гэта вы! Адкуль мы ведаем, зусім ён пайшоў ад нас ці не? У нас часу няма размовамі займацца. Трэба паесці і выпраўляцца ў дарогу.

— У дарогу? Мы ж толькі што прыехалі! — Маці стала ўзірацца ў Тома скрозь разрэджаную вогнішчам цемру.

Той пачаў яе пераконваць:

— Лагер сёння ноччу падпаляць, ма. Ты ж ведаеш, я спакойна стаяць і глядзець не буду, як пачнуць паліць наша дабро, і бацька таксама, і дзядзька Джон. Палезем з кулакамі, а мне нельга пападацца ім у рукі і даць ім завесці на мяне новую справу. Я і сёння б уліп, каб не прапаведнік.

Маці ўсё пераварочвала і пераварочвала бульбу ў гарачым туку. Нарэшце прыняла рашэнне.

— Усе ідзіце сюды! — паклікала яна. — Будзем вячэраць. Трэба спяшацца. — Яна расставіла на зямлі алавяныя талеркі.

Бацька сказаў:

— Як быць з Джонам?

— А дзе дзядзька Джон? — запытаўся Том.

— Пайшоў выпіць.

— Госпадзі! — усклікнуў Том. — Выбраў час. Дзе яго шукаць?

— Не ведаю, — адказаў бацька.

Том падняўся з зямлі.

— Добра, — сказаў ён, — вы тут паешце і пагрузіце ўсё на машыну, а я пайду шукаць дзядзьку Джона. Ён, напэўна, у бакалейнай краме, што цераз дарогу.