реклама
Бургер менюБургер меню

Джон Стейнбек – Гронкі гневу (страница 7)

18

Яны ўзышлі на вяршыню наступнага ўзгорка, а там дарога апусцілася да крывога рэчышча ручая з няроўнымі, абсыпанымі берагамі, збарозненымі дажджавымі вымоінамі. Кладка была з камянёў. Джоўд асцярожна перабраўся басанож на другі бераг.

— Вось ты ўсё пра майго бацьку дзяўбеш, — сказаў Джоўд. — А ты паглядзеў бы на дзядзьку, калі яго хрысцілі на Поўлкавым падворку. Бегае, гойсае, скача. Перамахнуў нават цераз разлапісты куст вышынёй з піяніна. Раз! — туды пераскочыў; раз! — назад пераляцеў і вые, як здзічэлы сабака ў месячную ноч. Бацька лічыў сябе найлепшым скакуном ва ўсёй акрузе, і як убачыў гэта, аблюбаваў такі ж шырачэзны куст, удвая толькі вышэйшы, завішчаў не сваім голасам, як свіння, што бітым шклом апарасілася, пераскочыў з разбегу цераз куст і вывіхнуў правую нагу. Тут з яго дух божы і вылецеў. Прапаведнік усё лезе памаліцца, каб нага выправілася, а бацька кажа: не, ну яго к богу, падавай мне доктара. А дзе яго ўзяць, доктара? Дантыст тут нейкі бадзячы трапіўся, ну ён яму косць і ўправіў. А прапаведнік усё роўна за сваё — памаліўся-такі.

Яны паволі адолелі нястромкі пад'ём па другі бок яра. Цяпер, калі сонца хілілася на захад, спёка пачала спадаць, і хоць паветра па-ранейшаму было яшчэ гарачае, сонечныя промні абрыналіся ўжо з меншай сілай. Па краях дарогі стаялі такія ж крывыя калы з нацягнутым на іх калючым дротам. Справа драцяная загарадзь пайшла праз баваўнянае поле, але няспелы бавоўнік быў аднолькавы з абодвух бакоў — сухі, цёмна-зялёны, зацярушаны пылам.

Джоўд паказаў рукой на межавую загарадзь:

— Вось наша мяжа. Папраўдзе, агароджа нам была без патрэбы, але ў нас завёўся дрот, і бацьку закарцела абгарадзіць поле. Цяпер, кажа, адчуваеш: сорак акраў — гэта сорак акраў! Толькі не было б ніякай агароджы, каб неяк раз ноччу дзядзька Джон не прывёз у сваім фургоне цэлых шэсць шпуль дроту. Выменяў у бацькі на парася. Дзе ён узяў гэты дрот, так і засталося тайнай. — На пад'ёме яны пайшлі цішэй, цягнучы ногі па мяккім, глыбокім пыле і адчуваючы пад ступнямі зямлю. Вочы ў Джоўда нібы ўзіраліся ў мінулае. Здавалася, ён паціху пасмейваецца сам з сябе. — Дзівак у нас дзядзька, — сказаў ён. — Узяць хоць парася гэтае, — ён хіхікнуў і моўчкі пайшоў далей.

Кейсі нецярпліва чакаў, калі Джоўд зноў загаворыць. Але працягу не было. Ён даў Джоўду яшчэ трохі часу, каб сабрацца з думкамі, і нарэшце не вытрымаў і крыху раздражнёна спытаўся:

— Ну і што ж ён з парасём гэтым зрабіў?

— Га? А-а… Ну, ён тут жа, на месцы, закалоў яго і загадаў маці пліту распаліць. Тады выразаў адбіўных і паклаў на гарачую патэльню, а рэбры з кумпяком у духоўку засунуў. Адбіўныя з'еў, тым часам рэбры згатаваліся, а як рэбры абгрыз, кумпяк падрумяніўся. Узяўся за кумпяк — адхопіць нажом добры кавалак і пхае ў рот. Мы, дзеці, ад яго не адыходзім, клянчым, і ён, нарэшце, пачаставаў нас, а бацьку ні дробачкі не даў. Нарэшце так аб'еўся, што яго званітавала, і тады ён залёг спаць. Пакуль спаў, мы з бацькам з кумпяком тым расправіліся. Раніцай дзядзька Джон падымаецца і другі кумпяк бразь — у духоўку. Бацька пытаецца: «Няўжо, Джон, ты ўсяго падсвінка з'есці сабраўся?» А той кажа: «Сабраўся, Том. Баюся толькі, каб ён не пратух, перш чым я яго ў страўнік адпраўлю, а я тухляціны не ем, хоць і страшэнна люблю свініну. Пакладзі трохі сабе на талерку, а мне аддай назад дзве шпулі дроту». Ну, сэр, бацька мой не з дурных. Даў дзядзьку Джону абжырацца, а як надышоў час таму ехаць, яшчэ больш за палову засталося. Бацька і кажа: «Ты яе засаліў бы, Джон». Але ж дзядзька не такі: захоча свежаніны, дык ты яму цэлую свінню падавай, а наб'е жывот, нават паху яе не церпіць. Паехаў, а што засталося, бацька засаліў.

Кейсі сказаў:

— Калі б я быў, як раней, прапаведнікам, дык зараз жа вывеў бы з гэтага мараль і наставіў бы цябе на шлях ісцінны. Але больш пропаведзяў ніхто ад мяне ўжо не пачуе. Як думаеш, чаму ён гэтак зрабіў?

— Не ведаю, — адказаў Джоўд. — Проста прагны на свініну. Мне і самому, як успомніў, страшэнна захацелася. За ўсе чатыры гады толькі чатыры кавалкі смажанай свініны з'еў — па адным на кожныя Каляды.

Тонам прапаведніка Кейсі прамовіў:

— Можа, Том зарэжа адкормленае цяля свайму блуднаму сыну, як у Пісанні?

Джоўд пагардліва засмяяўся:

— Ты, браце, бацькі не ведаеш. Калі ён курыцу рэжа, дык не столькі крыку ад яе, колькі ад яго самога. Не можа ён такое рабіць. Свінню заўсёды беражэ на Каляды, а яна ў верасні задзірае капыты — ад перакорму ці ад хваробы якой, пасля чаго есці яе нельга. Затое дзядзька Джон, як захочацца яму свініны, дык наесца ўжо да адвалу. Свайго не прапусціць.

Яны падняліся на грэбень узгорка і ўнізе ўбачылі ферму Джоўдаў. Том спыніўся.

— Тут нешта не так, — сказаў ён. — Зірні на дом. Штосьці нядобра. Нідзе ні душы.

Абодва стаялі, пазіраючы на невялікую купку будынін.

Раздзел пяты

Землеўласнікі пачалі наведвацца на свае землі, але часцей замест сябе пасылалі пасрэднікаў. Агенты гэтыя паяўляліся на палях у лімузінах, шчупалі і расціралі пальцамі сухую зямлю, а то заганялі ў глебу земляны бур і бралі пробу. З-за парканаў сваіх апаленых сонцам падворкаў арандатары з трывогай сачылі за лімузінамі, што снавалі ўздоўж палёў. Нарэшце пасрэднік уязджаў у двор і, не выходзячы з кабіны, заводзіў гутарку з арандатарам праз акенца. Падышоўшы да машыны, арандатары першыя хвіліны стаялі, потым апускаліся на кукішкі і вадзілі па пыле падабранымі з зямлі пруткамі.

Праз адчыненыя дзверы дамкоў вызіралі кабеты, а з-за іх спін цікавалі дзеці — светлавалосыя, пад колер кукурузы, дзеці з шырока расплюшчанымі вачамі, — пачухваючы пальцамі адной босай нагі галёнку другой. Жонкі і дзеці не спускалі вачэй са сваіх мужчын, якія размаўлялі з прадстаўнікамі гаспадароў зямлі, і зацята маўчалі.

Адны агенты гаварылі мякка, бо ім брыдка было рабіць тое, на што іх паслалі; другія — раздражнёна, бо ім брыдка было праяўляць жорсткасць, а трэція — холадна-спакойна, бо даўно ўжо зразумелі, што гаспадар павінен быць халодным і спакойным. І кожнага з іх учэпіста трымала нейкая неадольная сіла. Некаторыя з іх ненавідзелі матэматыку, якая даймала іх, другія баяліся сваёй матэматыкі, а іншыя абагаўлялі яе, бо ў ёй яны знаходзілі збавенне ад думак і чалавечых пачуццяў. Калі зямлёй валодаў банк ці фінансавая кампанія, агент гаварыў: банк ці кампанія хоча… адчувае патрэбу… настойліва патрабуе… не можа абысціся… быццам банк ці кампанія — нейкая пачвара, надзеленая розумам і пачуццямі, страшыдла, якое завабіла іх у свае цянёты. Агенты не неслі адказнасці за дзейнасць банкаў і кампаній, яны былі ўсяго толькі людзі, нявольнікі, а банкі — гэта ж машына! Яна і валадар. Сёй-той з агентаў нават нямала ганарыўся тым, што ён нявольнік такіх халодных і магутных валадароў. Агенты сядзелі ў машынах і тлумачылі людзям: вы ж ведаеце, зямля спустошылася. Бог ведае колькі ўжо гадоў вы капаецеся ў ёй.

Седзячы на кукішках, арандатары ківалі галовамі, гадалі і прыкідвалі, выводзячы ўзоры ў пыле, — ага, так, ведаем, далібог. Калі б зямлю не засыпала пылам, калі б не выветрываўся верхні пласт глебы, тады б яшчэ можна было цярпець…

Пасрэднікі гнулі сваё: вы ж ведаеце, што зямля з кожным годам яшчэ больш спусташаецца. Не мне вам казаць, што з ёю робіць бавоўна, — губіць, высмоктвае з яе ўсе сокі.

Арандатары згодна ківалі галовамі: яны ўсё разумеюць, бог сведка. Калі б увесь севазварот… зямля зноў налілася б сокамі.

Гэта праўда, але цяпер ужо позна. І агенты тлумачылі механіку дзеянняў і ход думак пачвары, што схапіла іх саміх такой мёртвай хваткай.

Чалавек можа сядзець на зямлі, нават калі яму хапае толькі на пракорм і на выплату падаткаў. Такое ж зусім магчыма.

Так, такое магчыма, пакуль не здарыцца неўраджай і не прыйдзецца браць пазыку ў банку. Але, разумееце, банку ці кампаніі трэба зусім не тое — яны ж не паветрам дыхаюць і ядуць не мяса. Яны дыхаюць прыбыткам, ядуць працэнты з капіталу. Калі ім гэтага не даць, яны памруць, як мы з вамі памерлі б без паветра і без ежы. Усё гэта сумна, але так яно ёсць. Нічога не зробіш.

Людзі, што сядзелі на кукішках каля лімузінаў, узнімалі вочы, намагаліся зразумець. А ці нельга яшчэ пабыць нам тут? Можа, наступны год выдасца ўраджайны? Адзін бог ведае, якая ўродзіцца бавоўна праз год. А войны? Хіба ўгадаеш цяпер, якія цэны будуць на бавоўну? З яе ж робяць узрыўчатку, ці не так? А абмундзіраванне? Будуць войны, і цэны на бавоўну падскочаць. Можа, ужо нават у наступным годзе. Арандатары пытальна ўзнімалі ўгору вочы.

На гэта разлічваць нельга. Банк — пачвара, яна бесперапынку павінна паглынаць падаткі. Чакаць ёй няможна. Бо памрэ. Не, падаткам не павінна быць спыну. Калі пачвара застыне ў росце, ёй смерць. Ёй нельга спыняць свой рост.

Выпеставаныя пальцы пачыналі пастукваць па нізе аконнай аправы ў кабіне; заскарузлыя пальцы мацней сціскалі пруткі, што нястомна чыркалі па пыле. Жанчыны ў дзвярах прапаленых сонцам хацін уздыхалі, пераступалі з нагі на нагу, адна ступня церла другую ступню, пальцы не пераставалі варушыцца. Сабакі падыходзілі да машын, абнюхвалі іх і адно за адным палівалі ўсе чатыры колы. Куры ляжалі на гарачым пыле, распушыўшы пер'е, каб сухі пыл дабраўся да самай скуры і пачысціў яе. А ў хлеўчуку над бруднымі рэшткамі пойла просьбітна рохкалі свінні.