18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Джон Стейнбек – Гронкі гневу (страница 64)

18

— Хто ведае. Дзе знойдзем працу, так і асядзем. А што?

— А нічога, — адказаў малады чалавек, і вочы ў яго зноў затуманіліся.

— Пайду пасплю, — сказаў Том. — Заўтра зрання паедзем работу шукаць.

— Што ж, паспрабуйце.

Том павярнуўся і пакрочыў да сваёй палаткі.

Малады чалавек узяў бляшанку з наждачнай маззю для прыціркі клапанаў і запусціў у яе палец.

— Гэй! — раптам крыкнуў ён услед Тому. Той азірнуўся.

— Што табе?

— Хачу нешта сказаць. — Малады чалавек паманіў Тома пальцам, вымазаным маззю. — Проста хачу табе нешта сказаць. Ты не лезь на ражон. Памятаеш таго ачмурэлага?

— З той вунь халупкі?

— Ага… прыдуркаваты такі… нічога не цяміць.

— Ну і што?

— Калі сюды заявяцца палісмены, а яны часцяком да нас наведваюцца, і ты такім прыкінься. Маўчы — нічога не ведаеш, нічога не разумееш. Палісмены толькі такіх нас і церпяць. І рукам волі не давай — гэта проста самагубства. Зрабі выгляд, што ты ачмурэў ад страху.

— Дык што — няхай палісмен што хоча, тое і робіць з табой, а ты маўчы?

— Ды не, што ты. Я зазірну да цябе вечарком. Можа, і не след мне гэтага рабіць. Паўсюль шпікі. Я іду на рызыку, у мяне ж малое дзіця. Але ўсё роўна зайду. А ты, калі ўбачыш палісмена, прыкінься дурнем, гэткім Окі, зразумеў?

— Што ж, гэта можна, калі справу рабіць, — адказаў Том.

— Ты не хвалюйся. Мы без справы не сядзім, толькі на вочы не лезем. Дзіцяці многа не трэба — два-тры дні пагаладае, і канец. — Ён зноў узяўся за працу, змазаў гняздо клапана, узяў корбу, і рука яго шпарка захадзіла ўзад і ўперад. Пагляд у яго зрабіўся нейкі тупы, бяздумны.

Том няспешна пабрыў да сваёй палаткі.

— Ачмурэлы… — ціха прамовіў ён.

Бацька і дзядзька Джон падышлі да палаткі, несучы бярэмі сухога голля, скінулі яго каля вогнішча і прыселі на кукішкі.

— Тут блізка ўсё падабралі, — сказаў бацька. — Давялося далёка ісці. — Ён зірнуў на дзяцей, што абкружылі вогнішча і лупілі на яго вочы. — Божа літасцівы! — усклікнуў ён. — Адкуль вас столькі набегла? — І дзеці збянтэжана апусцілі вочы долу.

— Пэўна, пачулі пах ежы, — сказала маці. — Уінфілд, не круціся пад нагамі. — Яна адштурхнула хлопчыка. — Думаю стушыць трохі мяса. Гарачага мы з самага ад'езду не елі. Бацька, схадзі ты ў краму, вазьмі каркавіны. Я патушу яе, пальчыкі абліжаце. — Бацька падняўся з кукішак і пайшоў.

Эл адкінуў капот грузавіка і пачаў разглядаць запэцканы змазкай рухавік. Пачуўшы за спінай крокі Тома, падняў галаву.

— У цябе такі бесклапотны выгляд, як у птушкі, — сказаў Эл.

— Я проста скачу ад радасці, як жаба ў вясновы дожджык, — адказаў Том.

— Глянь на матор, — Эл паказаў пальцам пад капот. — Здорава, га?

Том зазірнуў усярэдзіну.

— Ага, як быццам нічога.

— Нічога? А па-мойму, цудоўна. Масла зусім не прапускае. Усё добра прыцёрта. — Ён выкруціў свечку і засунуў у адтуліну палец. — Нагар крыху ёсць, але сухая.

Том сказаў:

— Што ж, малайчына, правільна выбраў. Ты гэта хочаш ад мяне пачуць?

— Я ўсю дарогу баяўся: вось зараз рассыплецца ўсё, а вінаваты буду я.

— Не, ты правільна выбраў. А зараз правер усё як след, бо заўтра зранку паедзем працу шукаць.

— Яна яшчэ як пакоціць, — сказаў Эл. — Можаш не баяцца. — Ён выняў з кішэні ножык і пачаў ачышчаць электроды на свечцы.

Том завярнуў за палатку і ўбачыў Кейсі. Ён сядзеў на зямлі, засяроджана разглядаючы правую ступню босай нагі. Том цяжка апусціўся на зямлю каля яго.

— Ну як, працуе?

— Што? — не зразумеў Кейсі.

— Нага твая.

— Ага… Гэта я проста так. Сяджу і думаю.

— Ты, пэўна, толькі ў такой зручнай позе і можаш думаць, — сказаў Том.

Кейсі паварушыў пальцамі нагі — вялікі палец угору, суседні ўніз — і спакойна ўсміхнуўся.

— Думаць заўсёды нялёгка, як ні выкручвайся — хоць крукам.

— Даўно ўжо не чуў я твайго голасу, — сказаў Том. — Усё думаеш, думаеш?

— Ага, думаю.

Том зняў з галавы сваю баваўняную кепку, цяпер ужо брудную, заношаную, са зламаным пасярэдзіне брылём, адагнуў адварот і выняў доўгую вузкую пракладку з газетнай паперы.

— Збеглася ад поту, цеснаватая стала, — сказаў ён і паглядзеў на голыя пальцы, якімі не пераставаў варушыць Кейсі. — Можа, ты адарвешся на хвілінку ад сваіх думак і паслухаеш, што я скажу?

Кейсі павярнуў да яго галаву на доўгай, як сцябло, шыі.

— Я ўвесь час слухаю. Таму і задумваюся. Паслухаю, што людзі кажуць, і пачынаю разумець, што яны адчуваюць. Я іх увесь час чую, я адчуваю іх; людзі б'юць крыламі, як птушка, што заляцела на гарышча. Скончыцца тым, што паламаюць яны крылы аб пыльныя шыбіны, а на волю так і не вырвуцца.

Том доўга пазіраў на яго шырока расплюшчанымі вачамі, тады адвярнуўся і глянуў на шэрую палатку за дваццаць футаў ад іх. На яе адцяжках сушыліся памытыя штаны, кашулі і сукенкі. Том ціха сказаў:

— Пра гэта я і хацеў з табой пагаварыць. А ты, аказваецца, сам усё бачыш.

— Бачу, — пацвердзіў Кейсі. — Такіх, як мы, цэлая армія, а аброці на ёй няма. — Ён апусціў галаву і паволі правёў па лбе і па валасах рукою. — Я ўсюды гэта бачыў. Усюды, дзе мы ні спыняліся. Людзі згаладаліся, мараць пра кавалак мяса, а як дарвуцца да яго, наесціся не могуць. А калі ўжо дарэшты згаладаюцца, так згаладаюцца, што ўжо сілы няма трываць, тады просяць мяне памаліцца. І, бывае, я малюся. — Ён сашчапіў рукі вакол паднятых каленяў і бліжэй падцягнуў ногі. — Раней я думаў, што малітва памагае. Прачытаеш малітву — і ўсе нягоды наліпнуць на яе, як мухі на паперу-ліпучку, а малітва адляціць і ўсё панясе з сабой. Але цяпер ужо не так.

Том сказаў:

— Малітва мяса ніколі не давала. На гэта свіння патрэбна.

— Правільна. І гасподзь усемагутны за працу таксама не плаціць. Усе гэтыя людзі хочуць жыць прыстойна, дзяцей хочуць выгадаваць добрымі людзьмі. А на старасці год ім хочацца пасядзець на ганку і паглядзець, як сонца заходзіць. А маладым — патанцаваць, паспяваць і злюбіцца адно з адным. Усім хочацца пад'есці, калі-нікалі выпіць і працаваць. Так, так — задаць такую работу мускулам, каб адчуць прыемную стому. Госпадзі! Нашто я ўсё гэта гавару?

— Хто цябе ведае, — сказаў Том. — Слухаць прыемна. Толькі калі ты ўжо кінеш свае думкі хоць на кароткі час? Трэба ж нам і за працу брацца. Грошы канчаюцца. Бацька пяць даляраў аддаў, каб на бабчынай магіле дошку з надпісам паставілі. Зусім мала засталося.

Худы буры дварняк выбег з-за палаткі, прынюхваючыся да зямлі. Ён трымаўся з асцярогай, гатовы ў любы момант даць цягу. Апусціўшы нос долу і сапучы, ён падбег амаль ушчыльную да Тома і Кейсі, раптам учуў іх, падняў галаву, убачыў людзей, адскочыў убок і кінуўся прэч, прыціснуўшы вушы і падтуліўшы хвост. Кейсі праводзіў яго вачыма, пакуль ён не знік за палаткай, і цяжка ўздыхнуў.

— Нікому я дабра не прыношу, — сказаў прапаведнік. — Ні сабе, ні другім. Усё думаю: можа, мне лепш пайсці ад вас. Я ем ваш хлеб, месца займаю. А ўзамен нічога не даю. Можа, знайду дзе сталую работу, тады выплачу вам хоць частку свайго доўгу.

Том адкрыў рот, выпнуў ніжнюю сківіцу і пастукаў па зубах сухой сцяблінкай палявой гарчыцы. Вочы яго глядзелі за лагер — за шэрыя палаткі і халупкі з бляхі і кардону.

— Някепска было б цяпер пачак «Дэрэма» раздабыць, — сказаў ён. — Я не курыў ужо чорт ведае колькі. У Макалестары мы без курыва не сядзелі. Мяне часам назад туды цягне. — Ён зноў пастукаў сцяблінкай па зубах і раптам павярнуўся да прапаведніка. — Ты ў турме ніколі не сядзеў?

— Не, ніколі, — адказаў Кейсі.

— Ты так адразу ад нас не ідзі. Пачакай крыху.

— Чым раней пачну шукаць працу, тым хутчэй знайду.

Том пільна паглядзеў на яго прыплюшчанымі вачамі і зноў надзеў на галаву кепку.

— Слухай, — сказаў ён. — Прапаведнікі любяць пра малочныя рэкі з кісельнымі берагамі расказваць, а тут гэтым і не пахне. Тут нядобрыя справы робяцца. Мясцовыя жыхары баяцца тых, хто прыязджае сюды, на Захад, і напускаюць на іх паліцыю, каб напалохаць нас і назад павярнуць.

— Так і ёсць, — сказаў Кейсі. — Я гэта ведаю. А чаму ты пра турму пытаўся?