18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Джон Стейнбек – Гронкі гневу (страница 60)

18

І цяпер гаспадары ўжо не працавалі на сваіх землях. Яны вялі гаспадарку на паперы, яны забыліся, што такое зямля, які ў яе пах, якая яна навобмацак, памяталі толькі, што яна іх уласнасць, памяталі толькі пра прыбыткі і страты. І некаторыя фермы разрасліся да такіх памераў, што аднаму чалавеку было ўжо не пад сілу абняць іх сваім розумам, так разрасліся, што спатрэбілася ўжо цэлая армія рахункаводаў, якія падлічвалі працэнты, прыбыткі і страты, хімікаў, якія даследавалі глебу і абагачалі яе, наглядчыкаў, якія сачылі, каб сагнутыя ў тры пагібелі людзі рухаліся ўздоўж градак з такой хуткасцю, на якую былі здольныя. І такі фермер сапраўды рабіўся гандляром і адкрываў краму. Ён плаціў людзям грошы, прадаваў ім прадукты, і грошы зноў вярталіся да яго. Неўзабаве ён пераставаў ім плаціць і гэтым эканоміў на рахункаводстве. На такіх фермах прадукты адпускаліся ў крэдыт. Чалавек працаваў і карміўся, а калі працу сваю канчаў, высвятлялася, што ён завінаваціўся кампаніі. А ўласнікі не толькі кінулі гаспадарыць на сваіх фермах — шмат хто з іх нават і ў вочы ніколі не бачыў іх.

А потым на Захад пацягнуўся разораны люд — з Канзаса, Аклахомы, Тэхаса, Нью-Мексіка, з Невады і Арканзаса — цэлымі сем'ямі, радамі, сагнаныя з месцаў пыльнымі бурамі, выцесненыя трактарамі. У бітком набітых машынах, цэлымі караванамі, бяздомныя, галодныя — дваццаць тысяч, пяцьдзесят тысяч, сто тысяч, дзвесце тысяч. Яны патокам пераліваліся цераз горы, згаладалыя, растрывожаныя, як мурашкі: спяшаліся хутчэй знайсці работу — падымаць, штурхаць, цягаць, палоць, капаць, збіраць — любую працу, любое ярмо, абы атрымаць ежу. Дзеці галадаюць. Нам няма дзе жыць. Снавалі, як мурашкі, спяшаліся дарвацца да працы, да ежы, а галоўнае — да зямлі.

Мы не чужынцы. Мы ўжо ў сёмым калене амерыканцы, а па паходжанню — ірландцы, шатландцы, ангельцы, немцы. Адзін з нашых продкаў змагаўся ў вайне за незалежнасць, а колькі іх удзельнічала ў грамадзянскай вайне і на тым, і на другім баку! Мы амерыканцы.

Яны былі галодныя, злосныя. Яны спадзяваліся знайсці тут дом, а знайшлі адну толькі нянавісць. Окі… Гаспадары ненавідзелі іх, бо ведалі, што Окі народ моцны, а самі яны слабыя, што Окі згаладаліся, а самі яны раз'еліся; і, магчыма, гаспадары чулі яшчэ ад прадзедаў сваіх, як лёгка захапіць зямлю ў слабасільнага чалавека, калі ты ўзлаваны і галодны і ў руках у цябе зброя. Гаспадары гарэлі да іх нянавісцю. А ў гарадках іх ненавідзелі крамнікі, бо ведалі, што ў Окі няма грошай, каб расплаціцца. Гэта самы пэўны спосаб заслужыць пагарду крамніка, бо яго сімпатыю выклікае якраз процілеглае. Гараджане, дробныя банкіры ненавідзелі Окі таксама — на іх не разжывешся. У гэтых Окі нічога няма. А работнікі на фермах ненавідзелі Окі таму, што галодны чалавек павінен працаваць, а калі ён вымушаны працаваць, не можа не працаваць, значыць, наймальнік аўтаматычна зніжае плату, і тады на вышэйшую ты ўжо і не разлічвай.

А пазбаўленыя сваіх гаспадарак фермеры-перасяленцы наваднялі Каліфорнію — дзвесце пяцьдзесят тысяч, трыста тысяч. Там, ззаду, усё новыя і новыя трактары паўзлі па зямлі і зганялі з яе арандатараў. І новыя хвалі выплюхваліся на дарогі, новыя хвалі беззямельнага, бяздомнага люду, узлаванага, упартага і таму небяспечнага.

Каліфарнійцы шмат чаго патрабавалі ад жыцця — прымнажэння капіталу, поспеху ў грамадстве, уцех і забаў, раскошы, надзейнага змяшчэння грошай у банках, а новыя варвары патрабавалі толькі дзвюх рэчаў — зямлі і хлеба; на іх разуменне гэтыя дзве рэчы зліваліся ў адну. І ў той час як патрабаванні каліфарнійцаў былі туманныя, неакрэсленыя, тое, да чаго імкнуліся Окі, ляжала проста пры дарозе, цвяліла вока, распальвала зайздрасць: урадлівыя палі, дзе можна выкапаць калодзежы, — урадлівыя зялёныя палі; зямля, якую можна раскрышыць пальцамі на далоні; трава, пах якой можна ўдыхнуць у сябе; сцяблінкі аўса — пажуеш іх і адчуеш у горле даўкаватую слодыч. Чалавек пазіраў на абложную зямлю і ведаў, у думках бачыў, што гнуць спіну і натужвацца тут можна нямарна — тут вырасце капуста і залацістая цукровая кукуруза, рэпа і морква.

Бяздомны, галодны чалавек ехаў па дарогах, побач з ім яго жонка, на заднім сядзенні схуднелыя дзеці, і глядзеў на абложныя палі, якія маглі б даць яму не прыбыткі, не — ежу, і ён ведаў, што няўробленае поле — грэх, а незасеяная зямля — злачынства супраць яго згаладалых дзяцей. І калі такі чалавек праязджаў па дарогах, кожнае такое поле было яму спакусай, і яго разбірала жаданне ўзяць сабе гэтыя палі і вырасціць на іх тое, што дасць сілу яго дзецям і прынясе супакаенне жонцы. Спакуса ўвесь час была перад яго вачыма. Палі вабілі яго, арашальныя канавы з чыстай праточнай вадой дражнілі яго ўяўленне.

А на поўдні ён бачыў залатыя апельсіны на дрэвах, маленькія залатыя апельсіны на цёмнай зелені дрэў, і вартаўнікоў з драбавікамі ў прысадах — каб чалавек не мог сарваць плада свайму схуднеламу дзіцяці, хоць апельсіны пойдуць на звалку, калі цана іх упадзе.

Ён уязджаў на сваёй старой калымазе ў гарадок. Ён бегаў па фермах у пошуках працы. Дзе нам можна тут пераначаваць?

А вунь, у Гувервілі, ля самай рэчкі. Там ужо цэлая плойма гэтых Окі.

Ён пад'язджаў на сваёй старой машыне да Гувервіля. І потым ужо ніколі не пытаўся пра начлег, бо на ўскраіне кожнага горада быў свой Гувервіль.

Хламны пасёлак звычайна ўзнікаў каля вады; замест дамоў тут былі палаткі, буданы з бур'яну, загарадкі з кардону — кучы рознай непатрэбшчыны. Чалавек прывозіў сям'ю ў гэты пасёлак і лічыўся грамадзянінам Гувервіля — усе такія пасёлкі называліся Гувервілямі. Чалавек ставіў палатку як мага бліжэй да вады; а калі палаткі ў яго не было, ён ішоў на гарадскую звалку, прыносіў адтуль старыя кардонныя скрынкі і з гэтай гафрыраванай паперы будаваў сабе прыстанішча. А калі ліў дождж, яно размакала і зносілася вадой. Чалавек атабарваўся ў Гувервілі і снаваў на машыне па наваколлі, па фермах, шукаючы працы, і тыя мізэрныя грошы, што ў яго яшчэ заставаліся, ён траціў на бензін. Вечарамі мужчыны збіраліся разам і гутарылі. Седзячы на кукішках, яны гаварылі пра зямлю, якую бачылі ўсцяж дарог.

Вунь там, далей на захад, — трыццаць тысяч акраў. Ляжаць сабе проста так. Госпадзі, што я зрабіў бы з такой зямлёю — хоць з пяццю яе акрамі! Эх, чорт, на стале ў мяне было б усё!

А ты заўважыў? На фермах ні гародніны не садзяць, ні курэй не трымаюць, ні свіней. Разводзяць толькі адно — бавоўну або персікі ці салату. А на другой ферме адны куры. Усё астатняе купляюць, а маглі б хоць у агародчыках вырасціць.

Госпадзі, што б я зрабіў з парачкай свіней!

Ну, гэта ўсё не тваё і ніколі тваім не будзе.

Што ж рабіць? Гэтак дзяцей не выгадуеш.

У лагерах шэптам перадавалі адзін аднаму чуткі. У Шэфтары ёсць работа. І сярод ночы грузіліся машыны, на дарогах цесната — пагоня за работай, як залатая ліхаманка. У Шэфтары стоўпатварэнне, народу наехала ў пяць разоў больш, чым трэба. Пагоня за працай, як залатая ліхаманка. Яны выязджалі цішком ноччу, апанаваныя нястрымным імкненнем атрымаць работу. А ўздоўж дарог былі спакусы — палі, якія маглі даць хлеб.

На гэта ёсць гаспадар. Гэта не наша.

Што ж, можа, усё ж пашанцуе атрымаць тут невялічкі ўчастачак. Няхай самы маленькі. Вунь там — хоць лапік зямлі. Цяпер там адзін смярдзючы дурнап'ян. Госпадзі, з гэтага лапіка я столькі бульбы сабраў бы — на ўсю сям'ю хапіла б!

Яно не наша, Дурнап'ян дык дурнап'ян, няхай сабе расце. Час ад часу хто-небудзь набіраўся смеласці, пракрадаўся на лапіну зямлі і расчышчаў яе, спрабуючы па-зладзейску прысвоіць сабе крыху яе багацця. Патаемныя агароды, схаваныя сярод пустазелля. Пакецік маркоўнага насення і трохі рэпавага. Саджалі шалупінне ад бульбы, увечары крадком прабіраліся матычыць захопленую зямлю.

Пакінь пустазелле па краях — і ніхто не ўбачыць, што мы тут робім. І пасярэдзіне таксама пакінь буйны, высокі бур'ян.

Вечарамі ўпотай працавалі на агародах, насілі ваду з рэчкі ў іржавай бляшанцы.

І вось адным днём — шэрыфскі памагаты: ты што тут робіш?

Нічога дрэннага.

Я за табой даўно сачу. Зямля не твая. Ты парушаеш чужое права ўласнасці.

Тут зямля неўзараная, нікому ніякай шкоды я не раблю.

Во чортавы скватэры, самачынцы! Як бачыш гаспадарамі сябе адчуеце. Ды горка пашкадуеце. Падумаеш, гаспадар знайшоўся. Ану, давай адсюль!

І маленькія зялёныя макаўкі морквы пазбіваны нагой, націнне рэпы затаптана. І зноў забуяў дурнап'ян. Але прадстаўнік закону меў рацыю. Ураджай — гэта ўжо ўласнасць. Калі зямля ўскапана і морква з'едзена, чалавек, бадай, будзе біцца за зямлю, што дала яму харч. Хутчэй гнаць яго ў шыю! Яшчэ ўявіць сябе гаспадаром! Можа, нават насмерць будзе біцца за гэты лапік зямлі сярод смуроднага пустазелля.

Ты бачыў, якая ў яго была фізія, як мы рэпу тапталі? Чаго добрага і забіць мог. Такіх трэба трымаць у струне, а то ўсю зямлю тут у нас захопяць. Усю краіну.

Прышлыя, чужынцы.

Гавораць, праўда, па-нашаму, але ўсё роўна зусім іншы народ. Глядзі, як яны жывуць. Хіба хто з нашых стаў бы гэтак жыць? Чорта лысага!

Вечарамі сядзелі на кукішках, гутарылі. І чый-небудзь усхваляваны голас: а чаму б чалавекам дваццаці з нас не заняць які ўчастак? У нас ёсць стрэльбы. Зоймем і скажам: зганяйце, калі зможаце. Чаму б так не зрабіць?