18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Джон Стейнбек – Гронкі гневу (страница 54)

18

Твар у маці пацямнеў ад гневу. Яна памалу паднялася на ногі, падышла да скрыні з кухонным начыннем і выцягнула за доўгую ручку чыгунную патэльню.

— Містэр, — сказала яна, — у вас бляшаная цэшка і рэвальвер. Там, адкуль я прыехала, такія, як вы, голасу не павышаюць. — Яна пачала наступаць на яго з патэльняй у руцэ. Ён расшпіліў кабуру. — Страляй, — сказала маці. — Жанчын запалохваеш? Добра, што мужчын нашых тут няма. Яны б цябе на шматкі разадралі. У нашых краях такія, як ты, не вельмі плешчуць языком.

Чалавек адступіў назад на два крокі.

— Краі вашы засталіся далёка. Цяпер вы ў Каліфорніі, і ўсякім Окі мы не дазволім тут затрымлівацца.

— Окі? — ціха перапытала маці. — Окі?

— Ага, Окі! І калі я заўтра вас тут застану, не мінуць вам турмы. — Чалавек крута павярнуўся, падышоў да суседняй палаткі і паляпаў далонню па брызенце:

— Ёсць тут хто-небудзь?

Маці не спяшаючыся вярнулася пад брызент. Паклала патэльню назад у скрыню. Потым паволі апусцілася на зямлю, села. Ружа Сарона ўпотайкі сачыла за ёю. Убачыўшы, што маці стараецца стрымаць слёзы, яна заплюшчыла вочы і прытварылася, што спіць.

Сонца ўжо добра схілілася на захад, а спёка не спадала. Том прачнуўся пад вярбой. У роце ў яго засмягла, цела змакрэла ад поту, галава была цяжкая пасля сну. Ён вяла падняўся на ногі і пайшоў да берага. Скінуў з сябе адзежу, палез у рэчку. Ледзь толькі вада абняла яго, смага знікла. Ён лёг на мелкім месцы, упёршыся локцямі ў пясчанае дно, і цела яго плавала ў вадзе. І так ён ляжаў, пазіраючы на пальцы ног, якія пагойдваліся над паверхняй.

Бледны хударлявы хлопчык выпаўз, як звярок, з чароту і хуценька раздзеўся. Ён шмыгнуў у ваду, як хахуля, і, як хахуля, паплыў, пакінуўшы толькі вочы на паверхні. Раптам ён убачыў над вадой галаву Тома, заўважыў, што за ім сочаць. Хлопчык кінуў сваю гульню і сеў на дно.

Том сказаў:

— Хэло!

— Хэло!

— У хахулю гуляеш?

— Ага. — Хлопчык пасоўваўся ўсё бліжэй да берага, быццам проста так, незнарок, і раптам выскачыў з вады, згроб у ахапак сваё адзенне і знік у вербалоззі.

Том ціха засмяяўся і раптам пачуў рэзкі крык:

— Том! Гэй, Том!

Ён сеў на дно і свіснуў праз зубы, пранізліва, з хвацкім прысвістам у канцы. Кусты варухнуліся, і з іх выйшла Руці. Спынілася, пазіраючы на яго.

— Цябе мама кліча, — сказала яна. — Ідзі хутчэй.

— Зараз. — Том падняўся і пайшоў па вадзе да берага, а Руці глядзела на яго голае цела са здзіўленнем і цікавасцю.

Заўважыўшы на сабе яе позірк, Том сказаў:

— Ну бяжы. Давай адсюль!

І Руці ўцякла. Том пачуў, як яна ўсхвалявана кліча Ўінфілда. Ён нацягнуў гарачае адзенне на сваё халаднаватае, мокрае цела і няспешнай хадою пайшоў праз лазняк да палаткі.

Маці расклала агонь з сухога вярбовага голля і кіпяціла на ім ваду ў рондалі. Убачыўшы Тома, адразу адчула палёгку.

— Што тут у вас, ма? — запытаўся Том.

— Я баялася за цябе, — адказала яна. — Тут палісмен прыходзіў. Нам, кажа, нельга тут заставацца. Я баялася, каб ён з табой не загаварыў. Баялася, ты наб'еш яго, як толькі ён рот расчыніць.

Том сказаў:

— Чаго гэта я раптам палісменаў біць буду?

Маці ўсміхнулася:

— Ну… ён тут такога нагаварыў… я сама ледзь не набіла яго.

Том схапіў яе за плячо і размашыста і грубавата трасянуў яе і засмяяўся. І яшчэ смеючыся, апусціўся на траву.

— Божа мой, ма. Я такой цябе не ведаў, раней ты была больш далікатная. Што з табою стала?

Маці спахмурнела.

— Не ведаю, Том.

— Спярша на нас дамкратнай ручкай замахвалася, цяпер палісмена ледзь не збіла. — Том ціха засмяяўся, выцягнуў руку і ласкава паляпаў маці па голай ступні. — Сапраўдная ведзьма.

— Том…

— Што?

Маці доўга вагалася, перш чым загаварыць.

— Том, палісмен гэты… ён абазваў нас… Окі. Кажа: «Мы не дазволім усякім Окі тут затрымлівацца».

Том пільна паглядзеў на маці, рука яго ўсё яшчэ ласкава ляжала на яе ступні.

— Адзін чалавек нам ужо гаварыў. Сказаў, як яны вымаўляюць гэтае слова. — Том задуменна памаўчаў. — Ма, як па-твойму, я ўжо зусім адпеты? Месца маё ў турме?

— Не, — адказала яна. — Цябе давялі да забойства. Не. А чаму ты пытаешся?

— Проста так. Я палісмену гэтаму ўляпіў бы як мае быць.

Маці лагодна ўсміхнулася:

— Магчыма, я цябе на гэта і падбіла б. Я сама яго ледзь патэльняй не агрэла.

— А што ён гаварыў, ма? Чаму нам нельга тут заставацца?

— Сказаў, не дазволім усякім Окі тут затрымлівацца. Калі, кажа, я вас тут заўтра застану, у турму пасаджу.

— Мы не прывыклі, каб палісмены нас у карак гналі.

— Я так і сказала яму. А ён кажа, вы тут не дома. Вы ў Каліфорніі, а тут мы гаспадары.

Том нерашуча прамовіў:

— Мне трэба табе нешта сказаць, ма. Ной… пайшоў уніз па рацэ. Далей ён з намі не паедзе.

Сэнс яго слоў дайшоў да маці не адразу.

— Чаму? — праз нейкі момант ціха запыталася яна.

— Не ведаю. Кажа, так трэба. Што яму лепш застацца каля гэтай ракі. Прасіў сказаць табе.

— А што ён есці будзе?

— Не ведаю. Рыбу, кажа, лавіць буду.

Маці доўга маўчала.

— Распадаецца наша сям'я, — нарэшце прамовіла яна. — Проста не ведаю, не прыдумаю, што рабіць. У галаве ўсё перамяшалася. Гэтага мне ўжо занадта.

Том няўпэўнена сказаў:

— А нічога з ім не зробіцца, ма. Наогул, ён у нас з дзівацтвамі.

Маці кінула неўразумелы позірк на раку.

— Проста ў галаве ўсё перамяшалася.

Том глянуў на рады палатак і каля адной з іх убачыў Руці з Уінфілдам — яны стаялі каля ўвахода і з кімсьці далікатна размаўлялі. Руці мяла пальцамі сукенку, а Ўінфілд босай нагой калупаў пясок. Том крыкнуў:

— Гэй, Руці! — Дзяўчынка падняла галаву, убачыла брата і падбегла да яго, за ёю — Уінфілд. Том сказаў: — Збегай, Руці, пакліч нашых. Яны спяць пад вербамі. Сюды вядзі. А ты, Уінфілд, скажы Ўілсанам, што мы хутка едзем, няхай збіраюцца.

Дзеці мігам разбегліся. Том запытаўся ў маці: