18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Джон Стейнбек – Гронкі гневу (страница 51)

18

— Застацца б тут назусім. Ляжаць вось так вечна і не ведаць ні голаду, ні бяды ніякай. Увесь свой век так праляжаць і песціцца, як свіння ў гразі.

А Том, пазіраючы на зубчастыя вяршыні за ракой і на вострыя пікі ў тым баку, куды яна цякла, сказаў:

— Такіх стромых гор я зроду не бачыў. Гіблы край. Усё роўна як косці шкілета. Ці даедзем мы калі-небудзь туды, дзе можна жыць, не ваюючы з каменнем і скаламі? На малюнках мясцовасць роўная, зялёная, куды ні глянь домікі, як ма кажа, беленькія. Ма спіць і бачыць такі беленькі домік. А я ўжо і не веру, што ёсць такі край. Хіба толькі на малюнках.

Бацька сказаў:

— Пачакай, вось прыедзем у Каліфорнію, тады і ўбачыш прыгажосць.

— Ты што, та? Мы ж ужо ў Каліфорніі!

З вербняку выйшлі двое ў джынсах і сініх прапацелых кашулях і спыніліся, пазіраючы на голых людзей у вадзе.

Старэйшы запытаўся:

— Паплаваць тут можна?

— Хто яго ведае, — адказаў Том. — Мы яшчэ не спрабавалі. А пасядзець у вадзе прыемна.

— І нам дазволіце?

— Рэчка не наша. Але так і быць, мы ўступім вам кавалачак.

Прышлыя знялі штаны, сцягнулі з плячэй кашулі і ўвайшлі ў ваду. Ногі ў іх да калень былі ў пыле, ступні бледныя, размоклыя ад поту. Яны вяла апусціліся ў ваду, ленавата апалоскваючы сабе жменямі бакі. Гэта былі бацька і сын, моцна прасмаленыя сонцам. Яны фыркалі і стагналі, плёскаючыся ў вадзе.

Бацька Джоўд далікатна пацікавіўся:

— На Захад кіруеце?

— Не. Вяртаемся адтуль. Дадому едзем. Там немагчыма на хлеб зарабіць.

— А дом ваш дзе? — запытаўся Том.

— Пэнхендл у Тэхаскім выступе, непадалёк ад Пампы.

Запытаўся бацька:

— А дома што, пражыць можна?

— Дзе там! Толькі калі ўжо з голаду паміраць, дык хоць сярод сваіх. А галадаць і адчуваць нянавісць да сябе мы не хочам.

Бацька сказаў:

— Ад другога ўжо чалавека такое чую. За што яны нас там так ненавідзяць?

— Хто іх ведае, — адказаў чалавек, зачарпнуў далонямі ваду і пачаў мыць галаву і твар, крэхчучы і пырхаючы. З валасоў палілася на шыю брудная вада.

— А ўсё ж цікава было б паслухаць, — сказаў бацька.

— Нам таксама, — далучыўся Том. — Чаму яны там, на Захадзе, такую нянавісць адчуваюць да нас?

Мужчына пільна паглядзеў на Тома.

— Вы на Захад едзеце?

— Туды.

— Ніколі яшчэ ў Каліфорніі не былі?

— Не, не даводзілася.

— Дык што ж вам маё слова. Едзьце і самі ўбачыце.

— То так, — сказаў Том, — але ўсё ж такі хацелася б ведаць, на што едзем.

— Добра, раз вы абавязкова хочаце ведаць, я раскажу — я і сам распытваў людзей і нямала разважаў. Краіна цудоўная. Толькі яе даўно ўжо ўсю раскралі. Праедзеце пустыню, а там Бейкерсфілд, і вакол яго такая мясцовасць прыгожая — вачэй не адарвеш: фруктовыя сады, вінаграднікі. Прыгажэйшага краю на свеце няма. Далей — мясціны роўныя, прыгожыя, вада не глыбейшая, як трыццаць футаў — і ўся зямля ляжыць неўзараная. Але ты ні кавалачка яе не атрымаеш. Яна цалкам належыць Зямельна-жывёлагадоўчай кампаніі. Не захочуць яе апрацоўваць, так і застанецца ўся няўробленая. А паспрабуй засей які ўчастачак кукурузай — у турму запратораць!

— Зямля добрая, кажаш? І нічога на ёй не сеюць?

— Так, сэр! Добрая зямля, а не сеюць! Ну, цябе, вядома, злосць адразу бярэ, але зямля пустая стаіць. Людзі глядзяць там такімі вачамі — зірнуць на цябе, а ў саміх на тварах нібы напісана: «Бачыць цябе не магу, сукін ты сын!» А тут яшчэ шэрыфавы памагатыя — яны паганяюць цябе з месца на месца! Зробіш прывал пры дарозе, а яны гоняць далей. Там у кожнага па твары відаць, як ён цябе ненавідзіць. І вось што я вам скажу: нянавісць у іх ад страху. Бо ведаюць: калі ў галоднага няма чаго есці, ён і на зладзейства пайсці можа. Яны ведаюць, што грэх трымаць зямлю пустой — каму-небудзь захочацца яе сабе прыбраць. Чорт ведае што! Вас ніхто яшчэ не абзываў «Окі»?

Том запытаўся:

— Окі? А што гэта значыць?

— Раней азначала аклахомца. А цяпер — проста «сволач». Окі — гэта падонак. Само па сабе ў слове гэтым нічога такога няма, уся соль у тым, як там яго вымаўляюць. Ды хіба ўсё раскажаш? Трэба самому там пабыць. Кажуць, такіх, як мы, туды трыста тысяч наехала… жывуць, як быдла, бо ў Каліфорніі ўсё скрозь ужо каму-небудзь належыць. І нічога не засталося. А людзі, якія ўсім гэтым валодаюць, так учапіліся за сваё дабро, што забіць за яго каго хочаш на свеце гатовыя. Страх іх разбірае, таму і кіпяць злосцю. Гэта вам на свае вочы ўбачыць трэба. Самім усё пачуць. Надзіва прыгожы край, а людзі нядобрыя, зласлівыя. І так ужо ім страшна, што нават адзін аднаго гатовыя з'есці.

Том глядзеў у ваду і разграбаў пяткамі пясок.

— Ну, а калі знойдзеш працу і збярэш крыху грошай, можна ўсё-такі невялікі ўчастак купіць?

Мужчына засмяяўся і глянуў на сына, і твар маўклівага хлопчыка расплыўся ў амаль пераможнай усмешцы. Мужчына сказаў:

— Сталай работы вы не знойдзеце. Кожны дзень давядзецца думаць, як зарабіць сабе на абед. І працаваць будзеце з людзьмі, якія на вас коса глядзяць. А бавоўну збіраць будзеце, вам здасца, што вагі няправільныя. Вагі бываюць і правільныя і няправільныя. Вы ж будзеце думаць, што ўсе яны махлярскія, а як праверыш? І нічога з гэтым не зробіш.

Бацька нерашуча запытаўся:

— Там што… там зусім нічога добрага няма?

— Чаму ж, ёсць, паглядзіш — вочы разбягаюцца, толькі вам з таго нічога не перападзе. Вось, напрыклад, цэлы гай стаіць апельсінавых дрэў з жоўтымі пладамі, а там чалавек расхаджвае са стрэльбай, і, як толькі дакранешся да апельсіна, ён цябе прыстрэліць — такое яму дадзена права. А на ўзбярэжжы ёсць адзін гаспадар, газетчык нейкі, дык у яго зямлі гэтай мільён акраў…

Кейсі стрэльнуў у яго вачамі:

— Цэлы мільён? Што ж ён робіць з мільёнам акраў?

— Хто яго ведае. Валодае імі, і ўсё. Трымае трохі жывёлы. Паўсюль у яго вартаўнікі, нікога не пускаюць. Раз'язджае ў куленепрабівальнай машыне. Я бачыў яго партрэты. Тлусты такі, друзлы, вочкі маленькія, злосныя, а рот, як паддувала. Баіцца, каб не забілі. У самога мільён акраў зямлі, а ён смерці баіцца.

Кейсі зноў запытаўся:

— На чорта яму мільён акраў? Што ён з імі рабіць будзе?

Мужчына развёў рукамі з пабялелымі, зморшчанымі ад вады далонямі, прыкусіў ніжнюю губу і нахіліў набок галаву.

— А я ведаю? — адказаў ён. — Відаць, з розуму крануўся. Пэўна, вар'ят. І на партрэце такі. З выгляду вар'ят. Вар'ят і зласлівец.

— Смерці, кажаш, баіцца? — сказаў Кейсі.

— Так ад людзей чуў.

— Баіцца, што да яго бог дабярэцца?

— Хто ведае. Баіцца, і ўсё.

— Што ж ён сабе думае? — сказаў бацька. — Не можа ж ён усё жыццё так пражыць — без ніякіх радасцей.

— А вось дзед наш нікога не баяўся, — сказаў Том. — Яму самая радасць была, калі яго вось-вось маглі ўкакошыць. Раз уначы ўдваіх з прыяцелем яны пайшлі на індзейцаў навахаў. Цудам жывымі засталіся, затое пацешыліся ўволю.

Кейсі сказаў:

— Так, відаць, заўсёды бывае. Калі чалавеку радасць, пляваць яму на ўсё, а вось зласліўцы, адзінокія, старыя і расчараваныя баяцца смерці.

Бацька запытаўся:

— Чаго гэта ён раптам расчараваўся, калі зямлі ў яго мільён акраў?

Прапаведнік усміхнуўся, але ў вачах у яго мільганула нерашучасць. Ён пляснуў далонню па вадзе, адганяючы вадзянога жука.

— Калі чалавеку патрэбен мільён акраў, каб адчуць сваё багацце, значыць, душа яго ўбогая, а з такой душой ніякія мільёны не дапамогуць. Пэўна, таму ён і расчараваўся — адчувае, што няма ў яго багацця… таго багацця, што было ў місіс Уілсан, калі яна дала сваю палатку, як паміраў дзед. Я вам не пропаведзь чытаю, але калі чалавек цягне ўсякае дабро ў сваю нару, як лугавы сабачка, дык, урэшце, ён ва ўсім расчаруецца. — Кейсі шырока ўсміхнуўся: — Мімаволі, здаецца, як пропаведзь атрымалася.