18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Джон Стейнбек – Гронкі гневу (страница 31)

18

— Няхай бы я прывязаў яго, — сказаў ён.

Бацька глянуў на сабаку і адвярнуўся.

— Паехалі далей, — сказаў ён. — Мы ўсё роўна не пракармілі б яго. Так, можа, і лепш.

З-за грузавіка вынырнуў гаспадар заправачнай.

— Вось шкада, людзі, — сказаў ён. — Каля вялікай шашы сабачае жыццё кароткае. За год у мяне тут трох раздушыла. Больш іх не трымаю. — І дадаў: — Вы не трывожцеся. Я ўсё зраблю. Адцягну ў кукурузу і там закапаю.

Маці падышла да Ружы Сарона, якая сядзела на падножцы, усё яшчэ калоцячыся з перапуду.

— Ну што з табой, Разашарна? — запыталася яна. — Табе нядобра?

— Усё было на маіх вачах. Я вельмі перапужалася.

— Я чула твой крык. Але цяпер пара ўжо супакоіцца.

— Думаеш, мне гэта не пашкодзіць?

— Не, — адказала маці. — Калі будзеш глядзець насупай, ад усяго нюні распускаць і цацкацца сама з сабой, вось тады добрага не чакай. А зараз падымайся, памажы бабку ўсадзіць. І хоць на хвіліну кінь думаць пра сваё дзіця. Яно само пра сябе паклапоціцца.

— А дзе яна, бабка?

— Не ведаю. Недзе тут. Можа, у прыбіральні.

Ружа Сарона пайшла да будкі і неўзабаве вярнулася, ведучы за руку бабку.

— Яна там заснула, — сказала Ружа Сарона.

Бабка шырока ўсміхнулася:

— А як там добра! Такое ўсё фірменнае, і вада яшчэ ліецца згары. — І радасна дадала: — Мне вельмі спадабалася. Я б там добра выспалася, ды вось жа пабудзілі…

— Не самае гожае месца для спання, — сказала Ружа Сарона і падсадзіла бабку ў кабіну. Тая задаволена апусцілася на сядзенне і сказала:

— Гожае ці нягожае, а што добра, дык добра.

— Ну, паехалі, — сказаў Том. — Яшчэ шмат міль наперадзе.

Бацька паклаў два пальцы ў рот і пранізліва свіснуў.

— Во, цяпер малыя недзе зашыліся, — сказаў ён і яшчэ раз свіснуў.

Праз момант дзеці выскачылі з кукурузы — Руці наперадзе, Уінфілд за ёю.

— Яйкі! — крыкнула Руці. — Я мяккія яйкі знайшла! — Яна падбегла да грузавіка, Уінфілд не адставаў. — Гляньце! — На мурзатай далоні ляжаў з дзесятак маленькіх светла-шэрых яек. І калі яна працягнула руку, каб паказаць знаходку, позірк яе ўпаў на здохлага сабаку, які ляжаў з краю дарогі. — Ой! — крыкнула яна і разам з Уінфілдам асцярожна падышла да сабакі. Абое пачалі разглядаць яго.

Бацька паклікаў малых:

— Ну, хутчэй, а то без вас паедзем.

Дзеці моўчкі павярнуліся і пайшлі да грузавіка. Яшчэ раз глянуўшы на маленькія яйкі нейкай рэптыліі, Руці скінула іх з далоні і разам з Уінфілдам ускараскалася па борце на машыну.

— У яго яшчэ вочы адплюшчаныя, — здушаным голасам прагаварыла яна.

Але Ўінфілд вырашыў трымацца малайцом і храбра сказаў:

— У яго кішкі ўсе так і вываліліся, так і вываліліся… — І, крыху памаўчаўшы, зноў: — Вываліліся… усе кішкі. — Раптам ён упаў на жывот над самым краем борта і званітаваў. Калі зноў сеў, вочы яго слязіліся, з носа цякло. — Калі свіней рэжуць, тады зусім іншае, — апраўдваўся ён.

Эл падняў капот «гудзона» і змераў узровень масла ў маторы. Потым дастаў з-пад сядзення ў кабіне бляшанку ёмістасцю адзін галон, падліў у картэр таннага чорнага масла і зноў праверыў яго ўзровень.

Падышоў Том.

— Хочаш, цяпер трохі я павяду? — запытаўся ён у Эла.

— Я не стаміўся, — адказаў той.

— Але ж ты ноччу зусім не спаў. Я хоць крышачку прыкархнуў раніцай. Залазь наверх. Я пакірую.

— Ну давай, — неахвотна згадзіўся Эл. — Толькі за маслам сачы. Не гані. Я ўсё баюся кароткага замыкання. Паглядай на стрэлку амперметра. Калі яна скокне на нуль, значыць, замыканне. І, Том, не гані. Машына вельмі перагружаная.

Том засмяяўся:

— Я буду сама ўвага. Можаш спаць спакойна.

Верхнія пасажыры занялі свае месцы. Маці зноў уселася каля бабкі, Том сеў за руль, націснуў стартэр.

— Ледзь ліпее, — прамармытаў ён, адпусціў счапленне і выехаў на шашу.

Матор гуў роўна, сонца свяціла ў ветравое шкло, хілячыся на захад. Бабка моцна спала, і нават маці задрамала, апусціўшы галаву. Том насунуў кепку на вочы, каб не сляпіла сонца.

Ад Падэна да Мікера — трынаццаць міль; ад Мікера да Хары — чатырнаццаць, а потым Аклахома-Сіці — вялікі горад. Том павёў машыну напрасткі праз горад. Маці прачнулася і стала глядзець на вуліцы, па якіх яны праязджалі. І тыя, што сядзелі наверсе, таксама глядзелі на ўсе вочы на крамы, на высокія жылыя дамы, на будынкі розных кантор і ўстаноў. А потым дамы і службовыя будынкі пачалі сустракацца радзей, рабілася ўсё менш крамаў. Пацягнуліся аўтамабільныя звалкі, сасісачныя, загарадныя дансінгі.

Руці і Ўінфілд пазіралі на ўсё гэта і дзівіліся, моцна ўражаныя, — які вялікі горад, як тут усё незвычайна, колькі на вуліцах прыгожа апранутых людзей! Стаіўшы дыханне, яны не перакінуліся ніводным словам. Потым нагаворацца, а цяпер маўчалі. Нафтавыя вышкі і ў горадзе, і на ўскраіне — чорныя нафтавыя вышкі, і пах нафты і бензіну. Дзеці нават ні разу не ўскрыкнулі ад здзіўлення: усё тут было такое вялізнае і такое незвычайнае, што іх узяў страх.

На адной вуліцы Ружа Сарона ўбачыла чалавека ў светлым касцюме. На ім былі белыя чаравікі і пляскаты саламяны капялюш. Яна тыкнула Коні ў бок і вачамі паказала на гэтага дзіўнага чалавека, і абое сталі перасмейвацца між сабой, спачатку ціха, а потым мацней. Яны заціскалі сабе рот далонню. Ім так было забаўна, што яны пачалі шукаць вачамі, з каго б яшчэ пасмяяцца. Руці з Уінфілдам убачылі, як яны душацца ад смеху, і таксама паспрабавалі пахіхікаць, але нічога не выйшла — проста не маглі. А Ружа Сарона і Коні сядзелі чырвоныя і ледзь пераводзілі дух, стараючыся стрымацца. Пад канец варта было ім толькі глянуць адно на аднаго, як яны зноў пырскалі ў кулак.

Прыгарад раскінуўся шырока. Том вёў грузавік паволі, асцярожна праз густы вулічны рух і нарэшце выехаў на вялікі заходні шлях — шашу № 66, да палатна якой апускалася сонца. Ветравое шкло зацерушылася пылам. Том насунуў кепку яшчэ ніжэй на вочы, і цяпер яму даводзілася задзіраць галаву назад, каб бачыць дарогу. Бабка так і не прачыналася, хоць сонца біла ёй проста ў заплюшчаныя павекі; жылы на скронях былі блакітныя, а тонкія прожылкі на шчоках чырвоныя, як віно, застарэлыя карычневыя плямы на твары яшчэ больш пацямнелі.

Том сказаў:

— Па гэтай дарозе так да канца і паедзем.

Маці доўга маўчала і нарэшце сказала:

— Можа, пашукаем зручнага месца для прыпынку, пакуль сонца яшчэ не зайшло. Трэба свініны зварыць і хлеба спячы. На гэта пойдзе час.

— Ата, — пагадзіўся Том. — Адным махам такую адлегласць не адолееш. Разварушыцца таксама не шкодзіць.

Ад Аклахома-Сіці да Бэтані — чатырнаццаць міль.

Том сказаў:

— І праўда, пакуль не зайшло сонца, трэба зрабіць прывал. Эл абяцаў паставіць тую штуку наверсе. А то яны там зусім спякуцца.

Маці зноў задрамала, але раптам ускінула галаву, сказала:

— Трэба вячэру прыгатаваць. — І дадала: — Том, бацька казаў, што табе нельга пераступаць мяжу штата.

Ён доўга не адказваў ёй.

— Праўда? Ну і што ж, ма? — нарэшце сказаў ён.

— Я баюся за цябе. Выходзіць, ты ўцякаеш. Цябе могуць злавіць.

Том засланіў далонню вочы ад сонца, якое апускалася ўсё ніжэй.

— Ты не хвалюйся, — сказаў ён. — Я ўсё абдумаў. Адпушчаных па падпісцы шмат, а ў турму садзяцца яшчэ больш. Калі там, на Захадзе, я за што-небудзь пападуся, тады запатрабуюць з Вашынгтона мой здымак і адбіткі пальцаў. Зноў запратораць у турму. А калі за мной ніякіх правінак не будзе, дык ім на мяне напляваць.

— І ўсё ж я баюся. Бывае, што-небудзь такое зробіш і нават не ведаеш, што гэта караецца законам. Можа, у Каліфорніі многае такое лічыцца злачынствам, а мы нават не ведаем. Ну вось ты хочаш што-небудзь зрабіць, думаеш, усё законна, а ў Каліфорніі за гэта караюць.

— Тады ўсё роўна, што з падпіскай, што без, — сказаў Том. — Праўда, такім, як я, больш перападае, чым каму. Але кінь непакоіцца. У нас і без таго клопату па вушы, навошта прыдумляць лішні.

— А як магу я быць спакойнай? Перайшоў мяжу — вось табе і злачынства.

— Усё ж лепш, чым бадзяцца вакол Саліса і з голаду здыхаць, — сказаў Том. — Давай пашукаем месца для прывалу.

Праехалі Бэтані з канца ў канец. За горадам, у тым месцы, дзе пад насыпам праходзіла маставая труба, стаяла старая легкавая машына, а каля яе была раскінута палатка, над якой з коміна, прасунутага праз брызент, віўся дымок. Том паказаў на палатку.