Джон Стейнбек – Гронкі гневу (страница 126)
— Нельга, — запярэчыў бацька. — Эл правільна кажа: усё наша дабро тут. Мы зараз дзверы знімем і пакладзём наверх — больш месца будзе.
Джоўды ўсёй сям'ёй згрудзіліся на памосце, маўклівыя, панурыя. Паводка затапіла вагон на шэсць цаляў вышэй падлогі, і толькі тады яе воды пераліліся цераз дарожны насып і залілі бавоўнішча па другі бок шашы. Астатак дня і ўсю ноч мужчыны спалі, прамоклыя, бок у бок адзін з адным на знятых з пазоў дзвярах. Маці ляжала разам з Ружай Сарона. Яна то перашэптвалася з дачкой, то ціха сядзела на матрацы ў глыбокім роздуме. Рэшткі куплёнага хлеба яна хавала пад коўдрай.
Дождж цяпер ішоў перагонамі — кароткія шквалы змяняліся зацішшам. Раніцай бацька пайшоў, плюхаючы па вадзе, па лагеры і вярнуўся з дзесяткам бульбін у кішэнях. Маці хмура пазірала, як ён выламаў некалькі дошак з унутранай абшыўкі вагона, распаліў печку і зачарпнуў вады ў кацялок. Потым усе елі рукамі гарачую бульбу, ад якой ішла пара. І калі гэтая апошняя іх ежа была з'едзена, усе моўчкі ўтаропіліся на шэрую ваду пад імі, а ноччу доўга не клаліся спаць.
Наступнай раніцай яны прачнуліся змрочныя. Ружа Сарона нешта шапнула маці на вуха, і тая паківала галавой і сказала:
— Ага. Самая пара. — І павярнулася да мужчын, якія ляжалі на знятых вагонных дзвярах. — Мы ідзём адсюль, — з суровай рашучасцю абвясціла яна. — Пашукаем дзе вышэйшага месца. Вы як хочаце — заставайцеся тут ці не, а я забяру з сабой Разашарну і малых.
— Нельга нам ісці, — слаба запратэставаў бацька.
— Дык не ідзіце. Данясіце толькі Разашарну да шашы і вяртайцеся. Дажджу ўжо няма, мы пойдзем.
— Добра. Мы таксама ідзём.
Эл сказаў:
— Я, ма, не пайду.
— Чаму гэта?
— Дык жа ж… Эгі… ну, мы з ёю…
Маці ўсміхнулася:
— Ну, канешне, канешне. Ты заставайся, Эл. Панаглядаеш тут за нашымі пажыткамі. Як спадзе вада, мы… вернемся. Давайце ж хутчэй, пакуль дажджу няма, — сказала яна бацьку. — Падымайся, Разашарна. Знойдзем сухое месца.
— Толькі я сама.
— Потым пройдзеш крыху там, на шашы. Ну, падстаўляй спіну, бацька.
Бацька саслізнуў па сходках у ваду і стаў чакаць каля вагона. Маці памагла Ружы Сарона злезці з памоста і падвяла яе да дзвярэй. Бацька ўзяў яе на рукі, падняў як мага вышэй і, асцярожна ступаючы ў глыбокай вадзе, абагнуў вагон і пайшоў да шашы. Там ён апусціў дачку на бетон, моцна трымаючы яе. Дзядзька Джон ішоў за ім следам з Руці на руках. Маці таксама саслізнула ў ваду, і спадніца на ёй узнялася пузыром.
— Ну, Уінфілд, садзіся мне на плечы. Эл… як вада спадзе, мы вернемся. Эл… — Маці памаўчала. — Калі… калі, можа, прыйдзе Том… скажы яму, што мы вернемся. Скажы, каб ён быў асцярожны. Уінфілд, садзіся на плечы… ага, вось так. Не матляй нагамі. — Пахістваючыся, яна пайшла па вадзе, якая даставала ёй да грудзей. Мужчыны памаглі ёй узабрацца на дарожны насып і знялі з яе плячэй Уінфілда.
Стоячы на шашы, яны паглядзелі на лагер — цёмна-чырвоныя прамавугольнікі таварных вагонаў, грузавікі і легкавыя машыны глыбока сядзелі ў вадзе, якая паволі калыхалася. Пакуль яны стаялі, замжэў дробны дожджык.
— Трэба ісці, — сказала маці. — Ты зможаш ісці сама, Разашарна?
— Галава крыху кружыцца. І ўсё цела баліць, як пабітае.
Бацька незадаволена буркнуў:
— Ісці… А куды ісці?
— Не ведаю. Ну, пайшлі, вазьмі Разашарну пад руку. — Маці ўзяла дачку пад правую руку, бацька пад левую. — Пашукаем сухога месца. А што рабіць? Вы ўжо другі дзень ходзіце ў мокрым.
Яны паволі пайшлі па шашы. Ім чуваць было, як недалёка ад насыпу шуміць імклівая рэчка. Руці і Ўінфілд ішлі разам крыху наперадзе, плюхаючы чаравікамі па мокрым бетоне. Джоўды доўга ішлі, не паскараючы кроку. Неба пацямнела, дождж памацнеў. Па шашы не праехала ніводнай машыны.
— Трэба спяшацца, — сказала маці. — Калі Разашарна моцна прамокне, проста не ведаю, што з ёю будзе.
— А куды нам спяшацца, ты не сказала, — з'едліва прамовіў бацька.
Дарога павярнула ўбок разам з лукавінай рэчкі. Маці акінула позіркам затопленыя палі. Далёка наперадзе, злева ад дарогі, на пакатым грудку стаяла пачарнелая ад дажджу адрына.
— Гляньце! — зарадавалася маці. — Вунь, вунь! Ручаюся, там суха. Пойдзем туды, перачакаем дождж.
Бацька ўздыхнуў:
— Каб гаспадар нас не прагнаў.
Наперадзе, на абочыне, Руці заўважыла чырвоную плямку. Яна кінулася туды. Кволая сцяблінка дзікай герані з адной толькі кветкай, пабітай дажджом. Руці сарвала яе. Яна асцярожна адшчыкнула адзін пялёстак і прыляпіла яго сабе на нос. Да яе падбег Уінфілд.
— Дасі мне адзін? — патрабавальна запытаўся ён.
— Не, сэр! Усё маё. Я сама знайшла, — адказала Руці і наляпіла сабе на лоб другі пялёстак, падобны на пунсовае сэрца.
— Дай мне, Руці, адзін, ну дай! — Уінфілд працягнуў руку, каб вырваць у яе кветку, але прамахнуўся, і Руці заляпіла яму аплявуху. Ён застыў на месцы, потым губы ў яго задрыжалі і да вачэй падступілі слёзы.
У гэты момант падышлі астатнія.
— Ну, што такое? — захвалявалася маці. — Што тут у вас?
— Ён хацеў забраць у мяне кветку.
Скрозь слёзы Ўінфілд сказаў:
— Мне толькі адзін пялёстак… Я таксама хачу на нос.
— Дай яму, Руці.
— Няхай сам знойдзе. Гэта маё.
— Руці! Дай яму адзін пялёстак.
У матчыным тоне дзяўчынка пачула пагрозу і перамяніла тактыку.
— На, калі ласка, — сказала яна, прытварыўшыся добранькай. — Толькі я сама табе прыляплю. — Дарослыя пайшлі далей. Уінфілд падставіў ёй твар, Руці наслініла языком пялёстак і балюча прыпляснула яго да носа Ўінфілда. — Ах ты, сволач! — ледзь чутна сказала яна. Уінфілд пакратаў пялёстак пальцам і прыціснуў яго яшчэ шчыльней. Дзеці пабеглі даганяць дарослых. Руці ўжо страціла ўсякую цікавасць да кветкі. — На, бяры, — сказала яна Ўінфілду. — Вось табе яшчэ. Наляпі на лоб.
Раптам справа ад дарогі на рэчку са свістам наляцеў дождж. Маці закрычала:
— Хутчэй! Зараз як ліне! Лезьце праз агароджу. Тут бліжэй. Спяшайцеся! Пацярпі, Разашарна, ужо блізка.
Бацька з маці ледзь не волакам пацягнулі Ружу Сарона цераз прыдарожную канаву і памаглі ёй пралезці праз агароджу. І тут лівень дагнаў іх. Патокі вады абрынуліся на іх. Яны пайшлі па гразкай зямлі і падняліся на грудок. Цёмнай адрыны амаль не было відаць за шчыльнай завесай дажджу. Ён свістаў і гучна плюскатаў, і парывы ветру гналі яго перад сабой. Ружа Сарона раптам паслізнулася і павісла на чужых руках.
— Бацька, можа, ты яе данясеш?
Бацька нахіліўся і падхапіў Ружу Сарона на рукі.
— Усё роўна ўжо прамоклі, — сказаў ён. — Уінфілд, Руці, хутчэй! Бяжыце наперад.
Цяжка дыхаючы, яны дабраліся да адрыны, якая добра прамокла ад дажджоў, і, пахістваючыся ад стомы, зайшлі пад павець. З гэтага боку дзвярэй не было. На зямлі валяліся ржавыя сельскагаспадарчыя прылады, дыскавы плуг, паламаны культыватар, жалезнае кола. Дождж калаціў па даху і, як полагам, закрываў уваход. Бацька беражліва апусціў Ружу Сарона на запэцканую маслам скрынку.
— Божа літасцівы! — выгукнуў ён.
Маці сказала:
— Можа, дзе тут ёсць сена. Гляньце, вунь дзверы. — Яна расчыніла дзверы, якія зарыпелі на ржавых завесах. — Сена! — закрычала яна. — Ідзіце сюды.
У адрыне было цёмна. Святло прабівалася толькі праз шчыліны ў дашчанай сцяне.
— Кладзіся, Разашарна, — сказала маці. — Кладзіся адпачні. Трэба цябе як-небудзь абсушыць.
Раптам пачуўся голас Уінфілда:
— Ма!.. — але стукат дажджу заглушыў яго словы. — Ма!
— Ну што там? Што табе?
— Глянь! Вунь туды, у кут.
Маці паглядзела ў той бок. У паўзмроку віднеліся дзве чалавечыя постаці — у куце ляжаў на спіне мужчына, каля яго сядзеў хлопчык і вялікімі вачамі пазіраў на прышлых. Потым ён паволі падняўся на ногі, падышоў да маці і запытаўся хрыплым голасам:
— Вы тут гаспадары?
— Не, — адказала маці. — Проста мы хаваемся ад дажджу. У нас хворая. Ці няма ў вас сухой коўдры, каб накінуць на яе, пакуль не прасушым яе адзежу?
Хлопчык пайшоў у свой кут, прынёс адтуль брудную ватовую коўдру і падаў яе маці.