Джон Стейнбек – Гронкі гневу (страница 120)
Сусед адказаў, таксама не падымаючы галавы:
— Ужо хутка год.
— Як думаеце, будзе дождж?
— Прабачце, не скажу. Людзі тут усё жыццё жывуць і то ўгадаць не могуць. Як толькі збор, так і чакай, што дождж перашкодзіць. Вось як тут кажуць.
Бацька кінуў хуткі позірк на захад. Над узгоркамі пад гонам ветру шпарка плылі вялікія чорныя хмары.
— Як быццам дажджавыя, — сказаў бацька.
Яго сусед пакасіўся ў той бок.
— Хто іх ведае, — сказаў ён. І ўсе, хто быў на полі, азірнуліся і паглядзелі на неба. І яшчэ ніжэй сагнуліся спіны, рукі шпарчэй забегалі па кустах. Людзі збіралі бавоўну нібы навыперадкі, стараліся апярэдзіць час і хутчэй набіць мяшкі, апярэдзіць дождж і адзін аднаго — як мага больш сабраць, як мага больш зарабіць грошай. Прайшоўшы поле з канца ў канец, яны кінуліся разбіраць новыя грады. Цяпер ужо вецер дзьмуў ім у твар, і яны бачылі густыя шэрыя хмары, што беглі па небе насустрач узыходнаму сонцу. А новыя машыны спыняліся на абочынах, і новыя зборшчыкі падыходзілі да гаспадара запісвацца. Людзі з ліхаманкавай хуткасцю перамяшчаліся па полі, неслі мяшкі да адрыны, адзначалі вагу ў гаспадара, запісвалі і сабе ў кніжкі і беглі назад займаць рады.
Да адзінаццаці гадзін бавоўну ўсю сабралі — праца скончылася. Зацягнутыя сеткамі грузавікі ўзялі на буксір аплеценыя сеткамі прычэпы, выехалі на шашу і пакіравалі да бавоўнаачышчальнай машыны. Бавоўна вытыркалася праз вочкі сетак, і маленькія белыя воблачкі ляталі ў паветры, пушыстыя касмылі чапляліся за прыдарожны бур'ян і кудзеліліся на ветры. Зборшчыкі паныла пабрылі да адрыны і станавіліся ў чаргу на аплату.
— Х'юм Джэймс — дваццаць два цэнты. Ральф — трыццаць цэнтаў. Джоўд Томас — дзевяноста цэнтаў. Уінфілд — пятнаццаць цэнтаў. — Грошы былі складзеныя слупкамі — асобна манеты ў дзесяць цэнтаў, асобна пяціцэнтавікі, асобна цэнты. Атрымліваючы плату, кожны зборшчык зазіраў у сваю кніжку. — Уэйнрайт Эгнес — трыццаць чатыры цэнты. Тобін — шэсцьдзесят тры. — Чарга рухалася паволі. Людзі моўчкі ішлі да сваіх машын і няспешна выязджалі з двара.
Джоўды і Ўэйнрайты сядзелі на грузавіку, чакаючы, калі ачысціцца дарога да варот. На зямлю ўпалі першыя кроплі дажджу. Эл высунуў руку з кабіны, ловячы кроплі. Ружа Сарона сядзела пасярэдзіне, маці з краю. Вочы ў Ружы Сарона зноў патухлі.
— Не трэба было табе ехаць, — сказала маці. — І сабрала ты ўсяго дзесяць — пятнаццаць фунтаў. — Ружа Сарона глянула на свой выпнуты жывот і нічога не адказала. Раптам яна задрыжала і падняла галаву. Маці пільна паглядзела на яе, разгарнула свой баваўняны мяшок, накінула дачцэ на плечы і прыхінула яе да сябе.
Нарэшце праезд быў свабодны. Эл запусціў матор і выехаў на шашу. Рэдкія, але буйныя кроплі дажджу імкліва падалі ўніз і пляскалі па бетоне, і чым далей ехаў грузавік, тым кроплі рабіліся драбнейшыя і гусцейшыя. Дождж так гучна барабаніў па даху кабіны, што яго дробат быў чуваць скрозь грукат старога, спрацаванага матора. Уэйнрайты і Джоўды накінулі сабе на галовы і плечы мяшкі.
Ружа Сарона калацілася ўсім целам пад рукамі ў маці, і маці крыкнула Элу:
— Хутчэй, Эл. Разашарна прастыла. Ёй трэба ногі ў гарачую ваду.
Эл прыбавіў газу, матор загрукатаў яшчэ гучней, і, прыехаўшы ў лагер, Эл падвёў грузавік бліжэй да чырвоных вагонаў. Яны яшчэ не паспелі спыніцца, а маці ўжо раздавала загады.
— Эл, — камандавала яна, — ты, Джо і бацька сходзіце ў лазняк і прынесяце ўсё, што там ёсць сухога. Трэба добра нацепліць вагон.
— А дах не цячэ?
— Думаю, не. У нас будзе добра, суха, трэба толькі запасціся галлём. У вагоне павінна быць цёпла. Вазьміце з сабой Руці і Ўінфілда. Яны таксама трохі сучча прынясуць. Нешта сястрыца ваша занядужала. — Маці вылезла з кабіны, Ружа Сарона памкнулася за ёю, але калені ў яе падагнуліся, і яна цяжка апусцілася на падножку. Місіс Уэйнрайт убачыла гэта.
— Што такое? Ёй час прыйшоў?
— Не, думаю, яшчэ не, — адказала маці. — Яна празябла і, можа, прастудзілася. Дай мне руку.
Абедзве жанчыны ўзялі Ружу Сарона пад локці. Яна зрабіла некалькі крокаў, і сілы вярнуліся да яе — ногі прынялі цяжар цела.
— Мне ўжо лепш, — сказала яна. — Гэта толькі хвілінку было.
Жанчыны не адпускалі яе.
— Ногі ў гарачую ваду, — павучальна сказала маці. Яны памаглі Ружы Сарона падняцца па сходках у вагон.
— Вы разатрыце яе добра, — параіла місіс Уэйнрайт. — А я ў печы запалю. — Яна ўсунула ў топку апошняе сучча і распаліла моцны агонь.
Дождж ужо ліў як з вядра, па даху забегалі патокі вады. Маці падняла вочы ўгору.
— Дзякуй богу, дах цэлы, — сказала яна. — Палаткі, якія б яны ні былі добрыя, усё роўна працякаюць. Многа вады не стаўце, місіс Уэйнрайт.
Ружа Сарона нерухома ляжала на матрацы. Яна дазволіла зняць з сябе туфлі і расцерці ногі. Місіс Уэйнрайт нахілілася над ёю:
— Боляў не адчуваеш?
— Не. Проста нездаровіцца. Нядобра мне.
— У мяне ёсць болесуцішальнае і солі, — сказала місіс Уэйнрайт. — Калі трэба, бярыце, прашу вас. Калі ласка.
Ружа Сарона закалацілася ўсім целам.
— Укрый мяне, ма, мне холадна. — Маці сабрала ўсе коўдры і наваліла на дачку. Дождж гучна барабаніў па даху.
Вярнуліся збіральнікі паліва з вялікімі ахапкамі сучча. З іх капелюшоў і пінжакоў сцякала вада.
— Ну і лівень! — сказаў бацька. — Мігам вымачыў наскрозь.
Маці сказала:
— Вы б яшчэ схадзілі. Сушняк хутка прагарыць. Як бачыш сцямнее. — Руці з Уінфілдам прыйшлі мокрыя да ніткі, скінулі свае ношы на кучу сучча і павярнуліся да выхаду. — Не ідзіце больш, — спыніла іх маці. — Хадзіце да печкі, пасушыцеся.
Усё навокал серабрылася ад дажджу, мокрыя сцежкі блішчалі. Кусты бавоўніку з кожнай гадзінай рабіліся ўсё чарнейшымі і быццам скурчваліся. Бацька, Эл і дзядзька Джон зноў і зноў хадзілі ў вербалоззе і вярталіся адтуль з абярэмкамі ламачча. Яны скідалі яго каля дзвярэй у кучу, пакуль яна не паднялася пад самую столь, і толькі тады вырашылі больш не хадзіць і падышлі да печкі.
Вада з капелюшоў сцякала ім на плечы. Крыссе пінжакоў было мокрае, хоць выкручвай, у чаравіках пры хадзе хлюпала.
— Ну добра, хопіць. А зараз скідайце з сябе ўсё, — скамандавала маці. — Я вам каву зварыла. Пераапранайцеся — вунь сухія камбінезоны. Ну давайце, не стойце.
Змерклася рана. Людзі забіліся ў вагоны і сядзелі там, прыслухоўваючыся да шуму і плёскату вады на дахах.
Раздзел дваццаць дзевяты
З боку акіяна насунуліся і паплылі над высокімі гарамі і над далінамі ўзбярэжжа шэрыя хмары. Увышыні вецер дзьмуў шалёна і бязгучна, у хмызе ён свістаў, у лясах завываў. Хмары цягнуліся рванымі шматкамі, клубамі, слаямі, прымалі выгляд шэрых скал, а потым зліліся ў адно і нізка павіслі на захадзе над зямлёю. Раптам вецер сціх, пакінуўшы пасля сябе густую, шчыльную навісь хмар. Спачатку дождж налятаў перагонамі — то перастане, то хлыне ліўнем, а потым мала-памалу ён стаў раўнамерным: дробныя кроплі і іх аднастайны дробат — дождж нібы шэрая заслона перад вачамі, дождж, які ператварыў дзень у вечар. Сухая зямля ўсмоктвала вільгаць і паступова чарнела. Зямля піла дождж два дні, пакуль не наталіла смагу. Тады пачалі ўзнікаць лужыны, а ў нізінах на палях — азярыны. Мутная вада ў іх падымалася ўсё вышэй і вышэй, і ўпарты дождж хвастаў яе бліскатлівую паверхню. Нарэшце горы перанасыціліся вадой, і па схілах пабеглі ручаі, зліліся ў патокі, якія з ровам хлынулі па цяснінах у даліны. А дождж усё хвастаў і хвастаў. Ручаі і невялікія рэчкі ўзнімаліся ў берагах, падмывалі дрэвы, вымушаючы вербы нізка згінацца і тапіць свае лозы ў вадзе, вырывалі з карэннем таполі і валілі іх. Каламутная вада віравала і бурліла, падступала да самых берагоў і нарэшце хлынула на палі, у сады, на ўчасткі, дзе чарнелі голыя кусты бавоўніку. Роўныя палі ператварыліся ў азёры, шырокія, шэрыя, і дождж безупынна рашаціў іх паверхню. Потым заліло шашэйныя дарогі, машыны марудна рухаліся па іх, рассякаючы носам ваду і пакідаючы за сабой каламутны, пеністы след. Зямля ціха гаманіла пад ударамі дажджу, а ручаі і рэчкі раўлі пад напорам бурлівых патокаў з гор.
Калі дождж толькі пачаўся, вандроўнікі-перасяленцы згрудзіліся ў палатках і, седзячы там, гаварылі: гэта ненадоўга. І пыталіся: колькі ж гэта будзе доўжыцца?
А калі заблішчалі лужыны, мужчыны выйшлі пад дождж з рыдлёўкамі і насыпалі вакол палатак невялікія дамбы. Дождж сек па брызенце і нарэшце прамачыў яго наскрозь, і струменьчыкі вады пабеглі з унутранага боку. Потым земляныя валы змыла, вада прарвалася ў палаткі і намачыла матрацы і коўдры. Адзежа на людзях была мокрая. Тады паставілі скрыні адна на адну і паклалі між імі дошкі. На гэтых дошках людзі сядзелі дзень і ноч.
Каля палатак стаялі старэнькія машыны, і вада папсавала правады ад магнета, вывела са строю карбюратары. Маленькія шэрыя палаткі стаялі ў азёрах вады. І нарэшце людзі зразумелі: трэба выбірацца адсюль. Але маторы не заводзіліся, бо замкнуліся правады, а тыя машыны, у якіх маторы яшчэ працавалі, заселі коламі ў глыбокай гразі. І людзі пайшлі прэч па вадзе, несучы ў абярэмку мокрыя коўдры. Яны ішлі, плюхаючы па гразі, і неслі на руках дзяцей і драхлых старых. І калі дзе на высокім месцы стаяла якая адрына, яна была набітая людзьмі, азяблымі і поўнымі адчаю.
Некаторыя ішлі ў камісіі па выдачы дапамогі і сумныя вярталіся з горада да сваіх.
Тут правіла такое: каб атрымаць дапамогу, трэба пражыць у гэтым штаце не меней як год. Кажуць, урад збіраецца дапамагчы. А калі, невядома.