18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Андре Моруа – Навелы (страница 23)

18

Мне давялося некаторы час пачакаць у прыёмнай сярод шматлікіх наведвальнікаў і сакратароў. Маё сэрца моцна калацілася. Каб супакоіцца, я пачаў разглядаць насценную фрэску: «Анаміты збіраюць ураджай». Нарэшце сакратар назваў маё імя. Я ўстаў. Перада мной былі дзверы ў кабінет міністра. Што мне рабіць? Даць яму выказацца? Ці папярэдзіць прыкрую сцэну шчырым прызнаннем і споведдзю?

Банівэ падняўся насустрач і паціснуў мне руку. Я быў збянтэжаны яго ласкавасцю. А можа, ён усё ж такі здагадаўся, што здарэнне было выпадковае і ненаўмыснае?

– Перш за ўсё, – пачаў міністр, – прашу прабачыць, што выклікаў вас так спешна, але зараз вы самі зразумееце, што рашэнне трэба прымаць неадкладна. Справа вось у чым… Нэлі і я ў наступным месяцы збіраемся ў доўгае падарожжа па Заходняй Афрыцы… Я – з інспекцыйнымі мэтамі, яна – як турыстка для новых уражанняў… Я вазьму з сабой апроч служачых міністэрства таксама некалькі журналістаў, таму што пара нарэшце французам пазнаёміцца са сваімі ўладаннямі… Дагэтуль я не думаў гаварыць вам пра свой намер, паколькі вы не чыноўнік нашага міністэрства і не журналіст, апроч таго, у вас ёсць служба. Але ўчора ўвечары Нэлі сказала мне, што наша падарожжа амаль супадае з вашым водпускам і што ёй прыемней бавіць час з вамі і вашай жонкай, чым з нашымі афіцыйнымі кампаньёнамі, і што, яна спадзяецца, магчымасць пабачыць Афрыку на такіх выгадных умовах павінна спакусіць вас. Так што мяркуйце… Калі вы згодны, мы вас уключым у групу ўдзельнікаў… Толькі мне трэба ведаць гэта зараз жа, бо ў маёй канцылярыі скончваюць складаць маршрут і спісы.

Я падзякаваў і папрасіў даць мне некалькі гадзін, каб параіцца з жонкай. Спачатку я быў гатовы згадзіцца. Але, застаўшыся адзін, уявіў сабе ўсю непрыстойнасць і агіднасць гэтай напалову любоўнай інтрыжкі ды яшчэ пад пільным наглядам Мадлен і ў якасці госця Банівэ. Нэлі была прыгожая, але я сурова яе асуджаў.

Снедаючы дома, я расказаў жонцы аб нечаканай прапанове, утаіўшы, вядома, прычыны, якімі яна была выклікана. Я шукаў спосабу ветліва адмовіцца. Мадлен у момант прыдумала шэраг раней узятых абавязкаў, і мы не паехалі ў Афрыку.

Я ведаю, што з гэтага часу Нэлі Банівэ гаворыць пра мяне з іроніяй і нават з некаторай варожасцю. Наш сябар Ламбер-Леклерк нейк раз пры ёй назваў мяне магчымым кандыдатам на пасаду прэфекта дэпартамента Сены. Яна зрабіла грымасу і са здзекам прамовіла:

– Мафра? Ды вы што! Ён вельмі мілы, але пазбаўлены ўсякай ініцыятывы. Не ведае сам, чаго хоча.

– Нэлі гаворыць праўду, – пацвердзіў Банівэ.

І я не патрапіў у кандыдаты.

Кветкі па сезону

Эцьен Карлю выйшаў з таксі перад галоўнай брамай могільніка Манпарнас, несучы букет хрызантэм, у якім палалі ўсе колеры восені – ад цёмна-аранжавага да светла-жоўтага. Калі ён мінаў двух вартаўнікоў, што стаялі пры ўваходзе, адзін з іх яму пакланіўся. Заняты сваімі кветкамі, ён ледзь кіўнуў у адказ.

– Вы яго ведаеце, шэф?

– Ведаю… трошкі… Гэта настаўнік… Яго жонку пахавалі на сёмай дзялянцы ў канцы верасня… Ён прыходзіць у чацвер… У гэты дзень у яго няма заняткаў… Ён мне тады сам гаварыў.

– Занадта малады для ўдаўца… Доўга хадзіць не будзе.

– Хто яго ведае… Ніхто не можа ведаць… Гледзячы якія людзі.

Каб яны пра гэта запыталі чалавека ў чорным, з коратка падстрыжанай барадой, што так нязграбна нёс хрызантэмы – то як дзіця на руках, то за спіной, – ён бы адказаў, што будзе прыходзіць сюды кожны чацвер аж да самай смерці і жадае, каб гэта здарылася з ім як найхутчэй. Раптоўная страта Люсілі была для яго непапраўным няшчасцем, і розум яго ніяк не мог да гэтага прывыкнуць. Яны пражылі разам толькі пяць гадоў, але ўсё ў ім змянілася. Да жаніцьбы ён быў чалавек сур'ёзны (крыху нудны, як адзначалі жанчыны) і нічога не прызнаваў, апроч сваёй працы. Ён любіў выкладаць свой прадмет, правіў напісанае і рыхтаваў доктарскую дысертацыю. Па-за межамі навукі свет для яго быццам і не існаваў.

Нечакана, у адным з горных гатэляў, дзе ён праводзіў вакацыі, ён сустрэў Люсіль, дзяўчыну такой рэдкай красы – блакітныя вочы, залацісты волас, грацыёзная шыя, гібкія плечы, – што ўсе гэтыя пяць гадоў дзівіўся і захапляўся, не верачы ў яе рэальнасць. Нават калі ён трымаў яе раздзетую ў ложку і яна глядзела на яго знізу, ласкавая і пакорная, ён уяўляў яе істотай з чарадзейнай казкі. Яна нагадвала яму вобразы Шэкспіра і Мюсэ; і ён папракаў сябе за гэтыя кніжныя аналогіі, за тое, што нават і ў каханні застаецца вучоным педантам. Не, Люсіль не паўтарала сабою выдуманых гераінь, а была жанчынай сапраўднай – вясёлая, пяшчотная, юная целам і душой. Часам яна дражніла мужа сваім мілым какецтвам і трошкі крыўдзіла, але ў яго памяці засталася навек увасабленнем абаяльнасці і непаўторнага хараства.

– Я страціў сваё шчасце, – са смуткам шаптаў ён, ідучы да магілы, для яго свяшчэннай.

«Паўднёвая трэцяя», «Заходняя другая»… У першыя тыдні ён карыстаўся надпісамі, каб знайсці дарогу. Цяпер ён ішоў проста да пліты з шэрага мармуру, на якой было выбіта: «Люсіль Карлю, уроджаная Абан (1901–1928)» і нічога больш. Спачатку ён збіраўся дадаць лацінскі надпіс: «conjugi, amicае» (жонцы і другу), але палічыў гэта нясціплым. Дабіраючыся да яе магілы, ён абыходзіў пышныя фамільныя склепы з брыдкімі помнікамі ў гатычным альбо егіпецкім стылі, крыклівымі сведкамі багацця якіх-небудзь сталёвых ці бакалейных магнатаў. Наколькі лепшай здавалася яму звычайная гладкая пліта, без аздабленняў, – апошні падарунак, выбраны ім з любоўю для сваёй жонкі! Апошні? Не, зусім не апошні. Ён прынёс сягоння хрызантэмы, палымяныя колеры якіх ёй так падабаліся калісьці. Быць не можа, каб яна ляжала пад гэтай плітой! Ён жа выразна чуе яе голас:

– Ты ізноў прыносіш мне кветкі… Як гэта міла, дарагі мой!

Ён успомніў, як не хацеў верыць, як адмаўляўся прызнаць, калі лекар, нахіліўшыся над сэрцам Люсілі, сказаў: «Усё скончана». Як магла яна яго пакінуць? Гэта так не падобна на Люсіль, уважлівую, далікатную, якая ніколі не адчайвалася.

Ён паклаў хрызантэмы наўскасяк пад яе прозвішчам і стаяў перад магілай, глыбока задумаўшыся. Кожны тыдзень ён прымушаў сябе яшчэ раз прыгадваць хвіліны былога шчасця: сватанне, шлюбнае падарожжа, доўгія ночы любві, цудоўную блізкасць, калі, седзячы за рабочым сталом, ён падымаў вочы і сустракаў яе таямнічую, спагадлівую ўсмешку; потым яны з хваляваннем чакалі нараджэння дзіцяці. Між імі была поўная згода ва ўсім: і як абсталяваць кватэру, і ў які тэатр пайсці, на якія спектаклі. Яна чытала яго думкі і наперад ведала, чаго ён хоча. І вось няма ні жонкі, ні сына.

– Бедная Люсіль! Твае апошнія словы былі, каб мяне супакоіць. І не дагаварыўшы фразы…

Усю зіму ён прыходзіў акуратна ў чацвер. Заўсёды прыносіў ёй розныя кветкі, стараючыся дагадзіць ёй мёртвай, як некалі дагаджаў жывой. На каляды ён успомніў, як па-дзіцячаму радавалася Люсіль маленькай ёлачцы ў агеньчыках і падарункам, раскладзеным пад зялёнымі галінкамі. Тады ён убраў яе магілу хвойнымі лапкамі, верасам і вастралістам. Потым, тыдзень за тыднем, дні рабіліся даўжэйшымі, і ў продажы з'явіліся новыя кветкі.

Аднойчы ў сакавіку ён прынёс ёй букет фіялак і прымул. Неба было сіняе, паветра цёплае, сонечныя блікі клаліся на мармур. Чамусьці яму стала прыемна, і ён адразу ж упікнуў сябе за гэта.

Як заўсёды, ён увайшоў задуменны. «Ты любіла вясну. Кожны год у той дзень, калі ўжо можна было выйсці без паліто, прышпіліўшы да плацця жывую кветку, у цябе быў такі ўрачысты выгляд! Ты была, як багіня! І гэтага я ўжо ніколі не пабачу…» Міжвольна ён павярнуў галаву. Маладая жанчына, апранутая ў чорнае, ішла па дарожцы і спынілася метраў за дзесяць ад яго перад магілай. Яна прынесла кветкі і з любоўю паклала іх на камень, укленчыўшы на прыступку.

Яе твар быў часткова прыкрыты капелюшом. Эцьен чакаў моманту, калі яна паверне галаву. Нарэшце яна паднялася, і відаць было, што яна плакала. Сур'ёзная, з правільнымі рысамі твару. Чорныя валасы абрамлялі высокі лоб. Плашч і доўгая жакетка падкрэслівалі тонкі стан. Яна пайшла не аглядаючыся і, мінаючы магілы і помнікі, выбралася на цэнтральную алею. Калі крокі заціхлі, ён падышоў да таго каменя, перад якім на каленях стаяла жанчына, і прачытаў: «Антуан Канстан. 1891–1928». Значыць, яна плакала не па сыне, не па бацьку, а па мужу. Потым падумаў: «А можа, каханак?» Але ў гэта не верылася.

У наступны чацвер, без усякіх намераў, проста так, ён з'явіўся дакладна а той жа гадзіне. Яна не прыйшла. Ён заставаўся доўга, нечага чакаў, і настрой у яго быў куды больш маркотны, чым звычайна. Яму стала шкада сябе. Жыццё пустое. Сяброў няма. Люсіль і ён трымаліся далей ад радні, не жадаючы, каб нехта трэці ўмешваўся ў іх інтымныя справы.

«Якая вялікая розніца, – разважаў ён, – паміж тымі нашымі вечарамі і цяперашняй маёй адзінотай! Як сумна абедаць наспех, без апетыту, потым садзіцца ў крэсла чытаць вячэрнія газеты, прымушаць сябе зацікавіцца якой-небудзь кнігай, лажыцца спаць і пакутаваць ад бяссонніцы».

Праца захапляла яго толькі тады, калі ў гэтым прымала ўдзел і жонка. Ён чытаў ёй усё, што пісаў, і ахвотна слухаў яе заўвагі, заўсёды трапныя і разумныя. Але прыходзіў час, і яны замыкаліся ў пакоі. Якой чароўнай была яна ў начным туалеце, распусціўшы залацістыя валасы! Няўжо ён ніколі не будзе мець такога шчасця?