Александр Бадак – Незвычайнае падарожжа ў краіну ведзьмаў (страница 8)
Падмацаваўшыся халоднымі і крыху падгарэлымі (о, хіба цяпер гэта мела нейкае значэнне!) блінчыкамі са смятанай, якія па загадзе Вірынеі прынясла Карыне пульхная кухарка, дзяўчынка занялася вокнамі. Пад вечар і яны пазбавіліся ад бруду і пылу і сталі прапускаць у залу значна больш святла.
Вірынея не хавала свайго задавальнення. Валадарка Лясоніі правяла Карыну ў адну са сваіх спальняў і прапанавала ёй мяккую пасцель. Праўда, пасцель нехта разаслаў абыяк, і навалачку на падушку чамусьці нацягнулі на левы бок, але такой бяды — Карына хутка зрабіла ўсё як належыць і заснула моцным сном, які звычайна заўсёды бывае пасля доўгай дарогі і нялёгкай працы.
Нараніцу дзяўчынка перш-наперш накіравалася на кухню і вырашыла сама прыгатаваць сняданак, не вельмі спадзеючыся на гультаяватых кухарак, якія, пэўна, яшчэ спалі.
Не прайшло і гадзіны, як па ўсім палацы паплыў прыемны пах смачнага сняданку. Першай ад яго прачнулася Вірынея і доўга не магла даўмецца, што так дзіўна — аж слінкі цякуць — пахне.
Затым прачнуліся кухаркі. Яны хоць і былі гультаяватымі і самі ніколі не гатавалі нічога радобнага, аднак адразу здагадаліся, што гэта пахнуць смажаная бульба і грыбны суп. Проста ў начных сарочках і пантоплях кухаркі кінуліся на кухню. Услед за імі з'явілася Вірынея.
Карына запрасіла Яе Вялікасць за стол і паставіла перад ёй сняданак. Вірынея зачэрпнула лыжку грыбнога супу, паспытала і нават заплюшчыла вочы ад задавальнення.
— Ах, як смачна! — нарэшце сказала яна.
— Калі б мы не былі гультайкамі,— уздыхнулі кухаркі,— мы маглі б кожны дзень гатаваць смачныя стравы.
— А вы ўмееце? — здзівілася Карына.
— Вядома, умеем! — у адзін голас адказалі кухаркі.
— Па-мойму, можна хаця б раз у некалькі дзён гатаваць смачныя стравы і пры гэтым заставацца гультайкамі,— пасля кароткай паузы сказала Карына.— Так, Ваша Вялікасць? — звярнулася яна да Вірынеі.
— Я лічу, што іх проста неабходна гатаваць,— кіўнула Валадарка Лясоніі, аплятаючы грыбны суп за абедзве шчакі.
Як след падмацаваўшыся і сама, Карына ўспомніла, што сёння яшчэ не мылася, і спытала ў ад ной з кухарак, прыгожай доўгавалосай дзяўчыны, ці ёсць у палацы ванны пакой.
— Ёсць,— адказала маладая кухарка.— Праўда, ім ніхто ніколі не карыстаецца.
"Ну, у гэтым я амаль не сумнявалася",— падумала Карына, а ўголас прамовіла:
— Галоўнае, каб у ім была вада.
— Вада ў ім павінна быць,— супакоіла Карыну кухарка і адвяла яе ў ванны пакой, большую частку якога займала чыгунная ванна. Для маленькіх лясонаў яе памеры былі вельмі нават унушальныя, але калі б Карына вырашыла пакупацца, то дзяўчынцы давялося б сядзець у ёй сагнуўшы калені.
Карына пакруціла кранік і падставіла пад яго палец.
— Ой, вада нават цёплая! — радасна ўсклікнула яна.
— Гэта ад сонца,— патлумачыла маладая кухарка.— Вада з зямлі паступае ў бочку, якая знаходзіцца на даху. У ёй яна за дзень награецца так, што за ноч не паспявае астываць.
Карына старанна памыла твар і рукі і пашукала вачыма ручнік, але яго ў ванным пакоі не аказалася.
"Вядома,— падумала дзяўчынка,— адкуль ён будзе, калі тут ніхто не мыецца. Давядзецца так сохнуць".
Карына паглядзела на кухарку: няўжо яна ніколі не мыецца? I няўжо яна гатуе ежу бруднымі рукамі?
Але і твар, і рукі дзяўчыны падаліся ёй бездакорна чыстымі. Як і яе блакітная сукенка — праўда, у некалькіх месцах залатаная.
"Значыць, Вірынея перабольшвала, калі гаварыла, што ўсе яе слугі такія ж неахайныя, як і яна,— вырашыла Карына.— Бедная, яна так трасецца за свой трон, што гатова ахвяраваць усім, абы ніхто не падумаў, быццам яна не самая вялікая гультайка ў гэтай краіне!"
Карына вырашыла зноў пабачыцца з Валадаркай Лясоніі. Следам за ёй з ваннага пакоя выйшла і маладая кухарка. У гэты момант міма іх да выхада з палаца важна прайшоўся маленькі дзядок у чорным фраку і з папкай у руках.
— А што гэта ў яго ў роце? — здзіўлена спытала Карына.
— Соска,— абыякава адказала кухарка.
— Соска? — Карына ледзь стрымалася, каб не засмяяцца.
— Ну, вядома,— сказала кухарка такім тонам, быццам усе дзядулі ў Лясоніі смакталі соскі.— Гэта Галоўны Захавальнік Дзяржаўных Таямніц,— панізіўшы голас, патлумачыла яна.— Ён заўсёды, пакідаючы свой дом, бярэ з сабою соску, якую мае права вынуць з рота толькі тады, калі размаўляе з Яе Вялікасцю.
— Чаму? — спытала Карына.
— Каб выпадкова не выдаць каму-небудзь якую-небудзь дзяржаўную таямніцу.
Следам за Галоўным Захавальнікам Дзяржаўных Таямніц з троннай залы выйшаў яшчэ адзін маленькі дзядок — таксама ў чорным фраку і з папкай пад пахай. Твар яго быў задумлівы і змрочны. Праходзячы міма Карыны і кухаркі, дзядок раздражнёна вымавіў:
— Падумаць толькі! Ёй захацелася новую сукенку! Што пра яе падумаюць падданыя?!
— А гэта хто такі? — спытала Карына ў кухаркі.
— Гэта Галоўны Дарадца Яе Вялікасці,— адказала дзяўчына.
— I што ён раіць? — праводзячы дзядка цікаўным позеркам, спытала Карына.
— Усё, што можа быць карысным Яе Вялікасці,— сказала кухарка.— Раз у год Вірынея прымае Галоўнага Дарадцу з дакладам, у якім ён раіць, што рабіць, каб нічога не рабіць і жыць яшчэ лепш.
Відаць, яго парады на гэты раз не вельмі спадабаліся Яе Вялікасці, калі ён такі змрочны,— заўважыла Карына.
У тронную залу яна ўвайшла адна, а кухарка вярнулася на кухню.
Вірынея сядзела на троне, задумліва пазіраючы ў акенца, праз якое ў залу прабіваліся ранішнія промні сонца.
— Ах, Ваша Вялікасць! — з парога ўсклікнула Карына.— Я і не думала, што ў Вашым палацы ёсць цёплая вада! Мне здаецца, Вы б таксама зараз не адмовіліся прыняць ванну.
— Ты зноў пачынаеш гаварыць розныя глупствы,— прабурчала Вірынея.— Што падумаюць пра мяне слугі, калі ўбачаць, што я мыюся ў ваннай?
— Па-мойму, яны памруць ад зайздрасці,— сама сабе сказала Карына, а ўголас прамовіла: — Вядома, Вашай Вялікасці самой гэтым займацца не да твару. Але, калі Вы не супраць, я магу паслужыць Вам. Можаце не сумнявацца, Ваша рэпутацыя самай вялікай гультайкі Лясоніі не пацерпіць. Я ўсё зраблю сама, Вам не давядзецца і пальцам паварушыць.
Прапанова Карыны была такой заманлівай, а тон такім пераканаўчым, што Вірынея не стала ўпарціцца, толькі няшчыра ўздыхнула:
— Ах, ну хіба што... Раз ты так дамагаешся і абяцаеш...
— Вы толькі паглядзіце — няўжо гэта Яе Вялікасць? Не можа быць! Якая яна харошанькая! А валасы, паглядзіце, якія пышныя ў Яе валасы! — шапталіся служанкі, калі Вірынея выйшла з ваннага пакоя і разам з Карынай няспешна накіравалася ў тронную залу. Чыстая, у свежавымытай і высушанай на сонцы белай сукенцы, яна выглядала значна маладзейшай, чым была зусім нядаўна.
Ідучы, Вірынея баялася пачуць у свой адрас ціхія насмешкі і кпіны, маўляў, вось яна якая, наша Валадарка,— толькі прыкідвалася, што яна самая вялікая гультайка і неахайніца ў свеце, а на самай справе вунь што творыць. Аднак з усіх бакоў чуліся толькі здзіўленыя воклічы і захапленне.
Карына таксама была здзіўлена тымі пераменамі, якія адбыліся з Вірынеяй, аб чым некалькі разоў паўтарыла Яе Вялікасці.
"Ну што ж,— вырашыла дзяўчынка,— не будзем спыняцца на паўдарозе. У палацы трэба ўсё давесці да ладу. Можа, тады я змагу даказаць лясонам, што ганарыцца сваім гультайствам неразумна".
Пад вечар палац было не пазнаць. Ён зіхацеў так, што Вірынея з непрывычкі жмурылася і, пераходзячы з ад наго пакоя ў другі, захоплена ўскліквала:
— Ах!
Следам за ёю хадзілі слугі і таксама ўскліквалі:
— Ах!
13. ЗНІКНЕННЕ КАРЫНЫ
Заставалася яшчэ залатаць дзірку ў столі, і тады ў палацы не сорамна было б прымаць самых высокіх гасцей з розных краінаў.
Аднак без мужчынскіх рук з такой работай справіцца было няпроста, і Карына пачала думаць, як прымусіць прыдворных лясонаў залезці на дах палаца і адрамантаваць яго, каб у той жа час не зачапіць іх гультайскае самалюбства.
Пэўна, дзяўчынка ўсё ж нешта прыдумала б, але тут парадныя дзверы палаца расчыніліся, і парог пераступілі двое слуг Яе Вялікасці, якія вялі Мітроха і Фірса.
Хоць для Карыны ўсе лясоны знешне былі вельмі падобныя паміж сабой, яна адразу пазнала злодзеяў. Больш за ўсё дзяўчынку ўсцешыла тое, што адзін з іх трымаў залаты посах. Мітроха і Фірса павялі ў тронную залу. Як толькі злодзеі ўбачылі валадарку Лясоніі, іх твары выцягнуліся ад здзіўлення.
— Хто гэта? — прашаптаў Мітрох.
— Думаеш, гэта не Вірынея? — прамармытаў Фірс.
— А што здарылася з яе валасамі і... і тварам? — яшчэ цішэй прагаварыў Мітрох.
— А можа, яна ўжо навучылася чараваць? — спалохана сказаў Фірс.— Паглядзі, як змяніўся палац. Хіба сам па сабе ён мог бы так змяніцца?
Яе Вялікасць кінула строгі позірк на злодзеяў і сказала:
— Як вы пасмелі скрыць ад мяне тое, што былі ў Далініі і ўкралі там залаты посах?