Александр Бадак – Незвычайнае падарожжа ў краіну ведзьмаў (страница 5)
— I што,— спытаў Граня,— ніхто з іх так і не захацеў вярнуцца назад?
— Не,— адказаў маленькі скарбнік.— Цяпер у іх як бы асобная краіна, якую мы называем Лясоніяй.
— Значыць, тых, хто жыве ў ёй, вы называеце лясонамі? — здагадалася Карына.
— Лясонамі,— кіўнуў Лін.— У іх цяпер нават ёсць свая Валадарка — Вірынея. Праўда, яна не фея і не можа чараваць, але там яе ўсе чамусьці слухаюцца.
— Што ж тут дзіўнага,— весела сказаў Граня,— толькі што мы бачылі Белую Варону, якая валадарыць Краінай Сонечных Зайцоў.
— Ах! — усклікнуў Лін.— Відаць, гэта тая самая Белая Барона, якая часта прылятае сюды з-за лесу, каб што-небудзь украсці. Сёння ўкрала ў нас адну з рыдлёвак, якімі мы закопваем скарбы.
— Яна, яна! — засмяяўся Граня.— Мы самі бачылі тую рыдлёўку!
— Значыць, вы ідзяце з Краіны Сонечных Зайцоў? — спытаў скарбнік, уважліва разглядваючы гасцей з галавы да ног, быццам толькі што іх упершыню ўбачыў.
— Мы ідзём з краіны, у якой жывуць людзі,— сказала Карына.
— О, мы называем яе Краінай Веліканаў,— з павагай у голасе прамовіў Лін.— Гэта вельмі далека адсюль.— Ён раптам схамянуўся: — Вы, напэўна, галодныя? У мяне ёсць піражкі з цёртымі яблыкамі. Я іх усё роўна не люблю, так што можаце з'есці ўсе.
8. "АДДАЙЦЕ ПОСАХ!"
Піражкоў была цэлая міса, але яна аказалася такой маленькай, а самі піражкі зусім малюпасенькімі, так што Карына і Граня ўмалацілі іх за некалькі хвілін і як след не пад'елі. Але больш ім нічога не прапаноўвалі, таму госці падзякавалі і сталі разглядаць кухню. Папраўдзе, у ёй і разглядаць асабліва не было чаго: маленькая печ, маленькі буфет з дробным посудам на палічках, пасярод кухні мясціўся стол (вядома ж, таксама невялікі), каля яго стаялі тры табурэткі, якія больш паходзілі на ўслончыкі.
Праўда, гэта калі на ўсё глядзець вачыма Карыны і Грані. Для скарбніка, які сам ад гаршка паўвяршка, кухня была нават прасторная, а ўсё, што знаходзілася ў ёй, ні вялікае ні малое — такое, якім і павінна быць.
— Пакуль я вярнуся ад Урсулы, вы можаце крыху адпачыць,— сказаў Лін і расчыніў дзверы, за якімі аказалася ўтульная спальнічка.
Аднак ніводзін з трох ложкаў, што стаялі ў ёй, сваімі памерамі не быў разлічаны на Карыну і Граню. Зразумеўшы гэта, Лін цяжка ўздыхнуў — так зрабіў бы на яго месцы кожны гасцінны гаспадар, які не ва ўсім здолеў дагадзіцв гасцям,— і прапанаваў:
— Вы можаце пагартаць кніжкі (некалькі маленькіх кніжак былі раскіданы на стале, які стаяў каля адзінага акенца ў спальні) або пагуляць у бін-бон.
— А што гэта за гульня такая? — здзіўлена спытаў Граня.
— Зараз я навучу вас у яе гуляць, адно спачатку пераапрануся — усё-ткі не кожны дзень даводзіцца бываць у замку Урсулы.
Лін дастаў з шафы ярка-зялёную камізэльку і прымераў яе перад люстэркам, якое вісела на сцяне.
— Ну як? — спытаў ён, павярнуўшыся тварам да Карыны і Грані.
— Па-мойму, зялёны колер табе вельмі пасуе,— пахвальна кіўнула Карына.
Скарбнік зноў паглядзеўся ў люстэрка, прыдзірліва папраўляючы на сабе камізэльку, і задумліва прамовіў:
— А можа, мне апрануць аксамітавы халат з брыльянтамі? Ах, не, гэта будзе надта смела і нават задзірліва. Пакуль што мы не маем права яго насіць. Я пайду ў зялёнай камізэльцы. Толькі... толькі...— Лін доўга і незадаволена разглядаў сябе з усіх бакоў і нарэшце ўсклікнуў: — Вось чаго мне не хапае!
Ён кінуўся да шафы, дастаў з яе цёмна-сіні капялюш з шырокімі загнёнымі палямі і тут жа прымераў яго перад люстэркам.
— Здаецца, акурат да месца. А то скарбнік на прыёме ў валадаркі краіны і без капелюша! Смех, дый годзе! Што б я тады здымаў з галавы, вітаючыся з феяй? Ах, гэта ж трэба... Што было б...
Чым далей гаварыў скарбнік, тым цішэй і невыразней гучалі яго словы — па ўсім відаць, Лін пачынаў ужо хвалявацца перад сустрэчай з Урсулай.
— Посах! Дзе мой чароўны посах? — раптам спахапіўся ён.
— На кухні,— паспешна адказала Карына, якой перадалося хваляванне карантышкі.— Я зараз прынясу.
Яна кінулася з пакоя, але толькі ўбегла на кухню, як застыла ад здзіўлення: каля расчыненага акна стаялі два маленькія даўгарукія чалавечкі. У руках яны трымалі залаты посах і ўважліва разглядалі яго.
Чалавечкі ўбачылі Карыну, ускочылі на падаконнік і праз імгненне апынуліся на вуліцы.
Не доўга думаючы, Карына кінулася за імі.
— Аддайце посах! — закрычала яна чалавечкам, але для маленькіх уцекачоў гэта прагучала як: "Давайце, бяжыце яшчэ хутчэй!", і яны прыпусцілі так, быццам хацелі ўстанавіць сусветны рэкорд па ўцёках. Зрэшты, можа, гэта ім і ўдалося.
Ростам чалавечкі былі не вышэй за Ліна, і дзяўчынка, якая да таго ж па фізкультуры мела адны пяцёркі, падумала: "Не можа быць, каб такая малеча бегала хутчэй, чым я".
Невядома, што б сказаў яе настаўнік фізкультуры, назіраючы за гэтаю пагоняй, в.а ўсялякім разе, наўрад ці пахваліў бы сваю лепшую вучаніцу: адлегласць паміж ёй і маленькімі чалавечкамі хоць і не расла, але і не карацела.
9. КРАІНА ГУЛЬТАЁЎ
Наперадзе паказаўся рэдзенькі лясок, уцекачы ўбеглі ў яго і быццам скрозь зямлю праваліліся. Карына кінулася ў адзін, у другі бок і ледзь не наскочыла на карантышку ў зялёных латаных-пералатаных шорціках, які ляжаў пад дрэвам і задумліва пазіраў на неба.
— Прабач, ты не бачыў, тут ніхто не прабягаў? — спытала Карына нецярпліва і ў той жа час далікатна.
Але карантышка ў зялёных шорціках нават не павярнуў у яе бок галавы, і ёй давя лося спытаць яшчэ раз і ўжо больш настойліва.
Нарэшце карантышка адарваў свой позірк ад неба і перавёў яго на Карыну. У вачах чалавечка было недаўменне, і Карына падумала, што зараз ёй давядзецца зноў паўтараць свае пытанне.
Але толькі яна раскрыла рот, як карантышка незадаволена сказаў:
— Можна падумаць, калі некалькі разоў задаць адно і тое ж пытанне, то хутчэй атрымаеш адказ.
— Можна падумаць, ты не мог адказаць на яго, калі я спыталася першы раз,— узлавалася Карына.
— Ну, мне ж трэба было спачатку падумаць,— крыху здзіўлена сказаў чалавечак.
— Хіба я спытала нешта такое, пра што трэба доўга думаць?!
— Вядома,— спакойна адказаў чалавечак.— Я ляжу гадзіны чатыры, і за гэты час тут шмат хто мог прайсці альбо... Хоць, не, прабягаць тут ніхто не прабягаў, інакш гэта б я запомніў.
— Ну, вось, бачыш,— незадаволена прамовіла Карына,— мог бы сказаць адразу. Я столькі часу на цябе патраціла.
— I ўчора тут ніхто не прабягаў, і пазаўчора,— быццам не чуючы дзяўчынку, прадаўжаў карантышка.— I ўвогуле, калі табе трэба нехта, хто любіць бегаць, то ты яго шукаеш не ў той краіне.
— Ты хочаш сказаць, што ў тваёй краіне ніхто не бегае? — недаверліва спытала Карына.
— Не, я хачу сказаць, што ў нас гэта не прынята,— уздыхнуў чалавечак так, быццам размаўляў з надакучлівым немаўлём.
Карына азірнулася вакол і раптам усклікнула:
— А, гэта, відаць, Лясонія? Краіна гультаёў? Сказаўшы "гультаёў", дзяўчынка спалохана прыкрыла рукой рот — як гэта ў яе з языка сарвалася?!
Але чалавечак не толькі не пакрыўдзіўся на "гультаёў", але нават з гонарам дадаў:
— Вядома. Самых сапраўдных.
— Ну і ну,— разгублена прамовіла Карына. З хвіліну яна маўчала, раздумваючы, што ёй рабіць далей.— Паслухай, а ты можаш паказаць мне, дзе жыве ваша Валадарка?
Чалавечак здзіўлена паглядзеў на яе, але не спяшаўся з адказам.
"Цікава,— падумала Карына, не рызыкуючы зноў паўтарыць свае пытанне,— колькі часу яму спатрэбіцца, каб сабрацца з думкамі?"
I Карына пачала лічыць: "Раз, два, тры, чатыры..."
Чалавечак адазваўся, калі яна далічыла да дваццаці.
— А Вірынея ведае, што ты хочаш з ёй сустрэцца? — пацікавіўся ён.
— Не,— пакруціла галавой дзяўчынка.
— Тады можаш не спяшацца,— чамусьці ўзрадавана сказаў карантышка.
— Я не магу не спяшацца— мне трэба як мага хутчэй убачыць валадарку вашай краіны,— запярэчыла Карына.
— Можа, табе і трэба,— паціснуў плячыма чалавечак,— але Вірынея цябе ўсё роўна зараз не прыме.
— Чаму?
— Таму што яна спіць.