18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Александр Бадак – Незвычайнае падарожжа ў краіну ведзьмаў (страница 36)

18

— Ведаеш? – госця не змагла схаваць свайго здзіўлення.

Яна падсунала бліжэй да ваўкалака кубачак.

— Пі,пі.

Ваўкалак зрабіў доўгі глыток і паўтарыў:

— Ведаю. Толькі чым я так моцна правінаваціўся перад табой, што ты вырашыла загубіць мяне?!

— Загубіць?! — ускочыла жанчына.— Дык ты, праўда, усё ведаў?!

— Не здзекуйся, хопіць! Я не баюся смерці! Яна лепш, чым такое жыццё!

Ваўкалак таксама ўскочыў. I раптам ён пачаў цяжка дыхаць, схапіўся лапамі за жывот і паволі асунуўся на падлогу.

— Вось і добра, што не баішся! — ухмыльнулася жанчына.— I атрута добрая. Аднаго глытка хапіла.

Яна асцярожна абышла Ваўкалака, які, стогнучы, усё яшчэ курчыўся на падлозе, і кінулася наверх, да Луізы.

Дзяўчынка ляжала ў ложку, калі дзверы з шумам расчыніліся і на парозе з'явілася нечаканая госця. Яе хустка з'ехала на патыліцу, адкрыўшы твар жанчыны.

Луіза павярнула галаву і здзіўлена ўсклікнула:

— Вы?!

— Я,— узрадавалася жанчына, што яе пазналі,— я, Тарэза, мамачка Фокі, самага прыгожага хлопца ў нашым горадзе!

— Але як вы сюды трапілі? I чаму на вас гэтыя лахманы?

— Для канспірацыі,— зірнуўшы за дзверы, прыцішаным голасам сказала мамачка Тарэза.— Хутчэй збірайся, ты вольная! Мне ўдалося атруціць Ваўкалака!

— Што? — спалохана прашаптала Луіза.— Ат... ат... атруціць? Не можа быць!

— Чаго б я стала цябе падманваць,— занервавалася мамачка Тарэза.— Давай жа, хутчэй збірайся, а то гэтыя сабакі чаго добрага на нас накінуцца.

Луіза паднялася з ложка і, хістаючыся, пайшла да дзвярэй.

— Э, ды ты, відаць, яшчэ зусім хворая,— заківала галавой мамачка Тарэза.— Нічога, дома мы цябе хутка на ногі паставім.

— Я хачу яго ўбачыць,— прашаптала Луіза.

— Каго?

— Я хачу яго ўбачыць: жывога ці мёртвага.

— Ці не звар'яцела ты часам ад радасці — пляцеш няведама што,— захвалявалася мамачка Тарэза, але Луіза яе не чула.

Раздзел чатырнаццаты

ДАДОМУ

Ваўкалак нерухома ляжаў на падлозе. Луіза схілілася над ім і скрозь слёзы папрасіла:

— Не трэба, не памірай!.

Яна гладзіла яго па густой поўсці і шаптала:

— Ну адзавіся! Я не хачу, каб ты паміраў! Ты такі харошы. I Ў ЦЯБЕ ДОБРАЕ СЭРЦА!

Толькі Луіза прамовіла апошнія словы, як Ваўкалак здрыгануўся, з цяжкасцю падняў галаву і страшна зароў.

Луіза з жахам адхіснулася ад яго. Ваўкалак зароў яшчэ мацней. Ён усхапіўся з падлогі. Затуліўшы лапамі твар, забегаў па пакоі з кутка ў куток і раптам з разгону перакуліўся цераз галаву і... тут жа ператварыўся ў чалавека.

На шум з суседняга пакоя выскачылі астатнія жыхары дома. Яны таксама на хаду куляліся цераз галаву і ператвараліся ў людзей, гасцей Гая. Сенбернар зрабіўся Нілам, а Даберман — Карнілам. Сіямская Кошка ператварылася ў маладую жанчыну, а Маленькае Сіямскае Кацяня — у яе дачушку. Папугай Лоры зрабіўся высокім элегантным мужчынам.

Мамачка Тарэза стаяла на верхніх прыступках лесвіцы і глядзела на ўсё гэта вырачанымі вачыма.

Ура! — падхапілі адразу некалькі галасоу.— Ура! Мы зноў людзі!

Усе пачалі абдымацца, цалавацца, танцаваць. Луіза апынулася ў самым цэнтры шумнай кампаніі. Яе таксама абдымалі, ёй дзякавалі, а яна ніяк не магла зразумець, за што.

Мамачка Тарэза, пакуль у доме стаяў вэрхал, палічыла за лепшае знікнуць. План яе праваліўся з трэскам, і цяпер трэба было думаць, як хутчэй адсюль выбрацца.

Каля варотаў яна ледзь не сутыкнулася лоб у лоб з бабулькай, на выгляд жабрачкай, якая, пазіраючы, як мамачка Тарэза з усіх ног імчыцца да машыны, што чакала наводдаль, адно ўсміхнулася, а пасля доўга прыслухоўвалася да шуму, які даносіўся з дому. Нарэшце яна знікла гэтак жа нечакана, як і з'явілася.

У той жа дзень Луіза вярнулася ў горад, як ні ўпрошваў яе Гай і яго госці застацца ў іх хаця б да заутра.

— Не магу,— сказала Луіза.— Там жа Гардзей. Але я... але мы абавязкова прыедзем сюды. Вы ж усе цяпер мае лепшыя сябры.

Гардзей ляжаў на ложку, уткнуўшыся галавой у падушку. Калі ён пачуў голас сястры, то спачатку падумаў, што яму гэта падалося ці ў яго пачаліся слухавыя галюцынацыі.

— Гардзей! — пяшчотна паклікала Луіза.

Хлопец падняў галаву і не мог паверыць сваім вачам. Пакуль Луіза сама не падбегла і не абхапіла яго за шыю.

— Луіза,— нарэшце прамовіў Гардзей,— ён адпусціў цябе?! Луіза не адказала. Ды і як адразу адкажаш на такое пытанне?..